Сустрэча з Паслом Грузіі ў Беларусі Давідам Катарыя

  • 1

Беларусь гатова зрабіць усё для Грузіі і дабрабыту яе народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 лістапада на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Грузіі ў Беларусі Давідам Катарыя, які завяршае дыпламатычную місію ў краіне.

"Вы заўсёды будзьце ўпэўнены: Беларусь усё, што можа, зробіць для Грузіі, каб цудоўны, працавіты грузінскі народ заўсёды адчуваў сябе добра і яго дабрабыт рос", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў апошнія гады краіны знайшлі магчымасці для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва, узаемны тавараабарот шматразова павялічыўся. Пры гэтым Беларусь пастаўляе ў Грузію вялікі спектр тавараў. "Мы пастаўляем вам прадукцыю машынабудавання. І будзем пастаўляць, калі вас будзе цікавіць нешта. Мы гатовы асвойваць у вас нашы тэхналогіі пад нашу тэхніку - і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што бульбу беларускіх сартоў вырошчвае і Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі, які спачатку не верыў у добры ўраджай. "Навучылі - атрымалася. І гэта вельмі добрыя зрухі, мы цяпер яшчэ больш насення бульбы пастаўляем. Усё ж такі яна ў нас другі хлеб, не апошні будзе і ў Грузіі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У ходзе сустрэчы Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб падрыхтоўцы свайго візіту ў Грузію. "Я ўдзячны вашаму Прэзідэнту, ураду за запрашэнне наведаць Грузію. Мы дамовіліся, каб візіт быў яркім і карысным. Нам трэба напоўніць яго канкрэтным зместам, каб, як заўсёды, пасля сустрэч прэзідэнтаў і ўрадаў, у нас была дынаміка ў канкрэтыцы, каб народы Грузіі і Беларусі не сказалі, што мы толькі цырыманіяльна сустракаемся", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт прызнаўся, што з нецярпеннем чакае візіту ў Тбілісі. "Я думаю, што ў першай палове будучага года мы справімся з падрыхтоўкай візіту і я змагу прыехаць зноў у гэту цудоўную краіну", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Давід Катарыя, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларуска-грузінскіх адносін, зможа аказаць падтрымку абодвум бакам у гэтым пытанні.