Сустрэча з намеснікам Генеральнага сакратара - кіраўніком контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімірам Варанковым

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 верасня на сустрэчы з намеснікам Генеральнага сакратара - кіраўніком контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімірам Варанковым выказаў яму ўдзячнасць за арганізацыю на высокім узроўні ў Мінску канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, якая ўжо атрымала шырокі рэзананс і пазітыўныя водгукі на міжнародным узроўні.

"Мне застаецца па-брацку, як чалавеку, які мае карані ў Беларусі, падзякаваць Вам за такі высокі ўзровень арганізацыі гэтай міжнароднай канферэнцыі. Водгукі розныя. Я пазнаёміўся ў інтэрнэце, у СМІ з водгукамі наконт арганізацыі і правядзення канферэнцыі - ацэнкі сапраўды розныя, але негатыву практычна няма. По-рознаму ўсе ацэньваюць, але ў станоўчым ключы", - адзначыў Прэзідэнт.

На думку беларускага лідара, такі ўзровень канферэнцыі пад эгідай ААН, а таксама прыезд намесніка кіраўніка арганізацыі надаюць гучанне і значнасць гэтаму мерапрыемству, не толькі паляпшаюць імідж, але і павышаюць вагу самой краіны. "Гэта гонар для любой краіны - прымаць такую канферэнцыю", - перакананы Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць асабіста Уладзіміру Варанкову за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства: "Гэта і Ваша заслуга, што канферэнцыя праходзіць у Беларусі. Мы Вас падвесці не можам і будзем старацца дзейнічаць у такім жа ключы, будзем рабіць усё, каб прытрымлівацца таго курсу, які быў абазначаны ўчора. Гэта разышлося ва ўсіх СМІ, ваша ацэнка прагучала наконт арганізацыі мерапрыемства і ролі Беларусі ў барацьбе са страшэнным злом нашай сучаснасці".

Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе імкнуцца ўносіць дастойны ўклад у процідзеянне тэрарызму. "Вы падказвайце, каардынуйце, накіроўвайце дзейнасць нашых органаў улады. Гэта будзе на карысць нашым узаемаадносінам, Беларусі і ААН і наогул - добры ўклад у барацьбу з тэрарызмам ва ўсім свеце, на нашай планеце", - перакананы Прэзідэнт.

"А наогул, я думаю, да нас не павінна быць прэтэнзій наконт арганізацыі. Мы прывыклі адказна ставіцца да такіх мерапрыемстваў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Вельмі прыемна другі раз быць у гэтым кабінеце і пагаварыць з Вамі, - сказаў Уладзімір Варанкоў. - Я вельмі Вам удзячны за ўчарашняе выступленне. Гэта быў вельмі моцны сігнал міжнароднай супольнасці з'яднацца ў барацьбе з тэрарызмам, які застаецца адной з асноўных сусветных праблем. Каб яго перамагчы, трэба дзейнічаць комплексна".

"Гэта частка барацьбы з тэрорам - супраць выкарыстання тэрарыстамі высокіх тэхналогій, інтэрнэту - становіцца ўсё больш вырашальнай", - канстатаваў намеснік Генеральнага сакратара ААН.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Калі вы ўчора выступалі, я, ведаеце, які вывад зрабіў: тэрарызмам і тэрарыстамі пакуль яшчэ, груба кажучы, кіруем мы. Пакуль яшчэ мы не ляглі пад іх, але будзе горш, калі яны намі пачнуць кіраваць. Таму што такія сімптомы з'яўляюцца ўжо. Калі яны возьмуць верх і пачнуць дыктаваць кіраўнікам дзяржаў сваю палітыку з улікам сучасных тэхналогій, а яны навучыліся прыстасоўвацца і часам хутчэй за нас рэагуюць на некаторыя рэчы, звязаныя з высокімі тэхналогіямі, інтэрнэтам, глабальнай сеткай, выкарыстоўваюць гэта для сябе. Ужо сёння тэндэнцыя да таго, што яны спрабуюць намі кіраваць. Вось тады будзе зусім дрэнна, тады ніякія не тое што канферэнцыі, практычныя дзеянні ўжо не дапамогуць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект: "Я гэта даўно зразумеў. Ведаеце, мы ўсе сёння змагаемся супраць ядзернай зброі - нераспаўсюджванне, кантраляваць спрабуем і гэтак далей. Хоць некаторыя ядзерныя дзяржавы асабліва блізкім краінам недзе тэхналогіі гэтыя падкідваюць, а супраць непажаданых ваююць. Вось гэта таксама дрэнна, паціху ядзерная зброя распаўзаецца. Але гэта будуць семечкі ў параўнанні з тым, што можа быць - лякарствы, прадукты харчавання, біялагічная зброя, прытым тэхналогіі найвышэйшых відаў і тыпаў, што пракантраляваць будзе практычна немагчыма. А тэрарысты хутка скарыстаюцца гэтымі найноўшымі тэхналогіямі, каб змагацца па ўсіх франтах супраць нармальных людзей. Вось гэта не будзе паддавацца кантролю, як ядзерная зброя. Таму ядзерная зброя - гэта яшчэ толькі кветачкі, а вось ягадкі нам могуць падкінуць праз сучасныя тэхналогіі".

"Вось яно фактычна на падыходзе, гэта страшная зброя, па-за кантролем чалавецтва", - заявіў Прэзідэнт.

Уладзімір Варанкоў згадзіўся з тым, што павінна быць маштабнае міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з новымі выклікамі і пагрозамі, у тым ліку з тэрарызмам.