Сустрэча з Міністрам замежных спраў Егіпта Самехам Хасанам Шукры

  • 1

Беларусь выканае ўсе дасягнутыя з Егіптам дамоўленасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 жніўня на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Егіпта Самехам Хасанам Шукры.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў плённасць перагавораў, праведзеных у час афіцыйнага візіту ў Егіпет у студзені бягучага года. "Гэта быў добры і, як я спадзяюся, вельмі паспяховы візіт. Мы тады шмат аб чым дамовіліся з Прэзідэнтам Егіпта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ваш візіт вельмі важны і знамянальны, таму што ён дае магчымасць не забываць аб нашых дамоўленасцях. Візіты высокага ўзроўню членаў урада, Беларусі ў Егіпет гэта ці Егіпта ў Беларусь, шмат што значаць у плане рэалізацыі дамоўленасцей, якіх мы дасягнулі тады, у студзені ў час перагавораў. Мне здалося, што Беларусь будзе вельмі запатрабавана ў эканамічным росце, у развіцці Егіпта".

"Яшчэ раз хачу пацвердзіць: мы зробім усё, аб чым дамаўляліся. Усё будзе залежаць ад вас, егіпцян. Мы настолькі хутка можам разгарнуцца ў Егіпце, наколькі на тое будзе ваша жаданне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перадаў запрашэнне егіпецкаму калегу наведаць Беларусь у любы зручны для яго час.

У сваю чаргу Самех Хасан Шукры адзначыў, што Егіпет разглядае адносіны з Беларуссю як важныя і разлічвае скарыстацца перавагамі, якія яны могуць прадаставіць для развіцця эканомікі. Таксама была выказана ініцыятыва, каб міністры замежных спраў выступілі каардынатарамі ўзаемных сувязей. Падкрэслівалася важнасць адсутнасці перашкод на палітычным узроўні для развіцця эканамічных адносін.

Ён таксама падкрэсліў уклад беларускага боку ў мірнае ўрэгуляванне рэгіянальных канфліктаў. "Мы з захапленнем назіраем за вашымі намаганнямі па папулярызацыі, развіцці Беларусі, устанаўленні стабільнасці, стварэнні спрыяльных умоў і прагрэсу ў дзяржаве і ў цэлым ў рэгіёне. Нельга не адзначыць ваш уплыў на мірнае вырашэнне рэгіянальных канфліктаў. Гэта паказвае вашу мудрасць, ваша разуменне таго, наколькі важна мірнае ўрэгуляванне", - сказаў ён.

Візіт Самеха Хасана Шукры з'яўляецца першым у гісторыі двухбаковых адносін наведваннем Беларусі кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Егіпта і разглядаецца як падрыхтоўчы этап для правядзення афіцыйнага візіту Прэзідэнта Егіпта ў Беларусь.