Сустрэча з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў

  • 10

Для Беларусі ўяўляе цікавасць вопыт замежных краін у сферы канстытуцыйнага права. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 мая на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь у знакавы для краіны год - 25-годдзя Канстытуцыі прымае прадстаўнічы форум, прысвечаны сучаснаму канстытуцыйнаму развіццю дзяржаў.

"Мы высока цэнім вашу гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам у сферы канстытуцыйнага правасуддзя. Ён для нас, безумоўна, цікавы", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў удзел у форуме Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права, з якой Беларусь выбудоўвае даволі канструктыўнае ўзаемадзеянне. "Разлічваем на прадаўжэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў актуальнасць пытанняў права, іх важнасць для стварэння справядлівага грамадства, дзе кожны грамадзянін знаходзіцца пад надзейнай абаронай дзяржавы, а непарушнасць палітычнага ўпарадкавання гарантуе Асноўны Закон. "Вяршэнства закону ў дзяржаве, захаванне яго норм і прынцыпаў на ўсіх узроўнях палітычнага, сацыяльнага і духоўнага жыцця людзей - прыкмета высокаразвітога грамадства", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прынятая ў Беларусі чвэрць стагоддзя таму Канстытуцыя надала магутны імпульс станаўленню дэмакратычных інстытутаў у краіне. "Равеснік Асноўнага Закона Канстытуцыйны Суд садзейнічае ўмацаванню нашай дзяржаўнасці, - сказаў ён. - Важнейшае паўнамоцтва нашага Канстытуцыйнага Суда - прыняцце штогадовых пасланняў аб стане канстытуцыйнай законнасці. Гэта галоўны нарматыўна-прававы акт нашага Канстытуцыйнага Суда, упэўнены, і ў вас у той ці іншай форме (ёсць падобны прававы акт. - Заўвага). Агучаныя ў іх высновы і прапановы па развіцці прававой сістэмы дзяржавы з'яўляюцца значным фактарам удасканалення нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці". Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што пасланне Канстытуцыйнага Суда штогод агучваецца ў парламенце ў прысутнасці прадстаўнікоў усіх галін улады, а прапановы, якія ў ім змешчаны, падлягаюць няўхільнаму выкананню.

У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, развіваючы ў 1990-я гады Канстытуцыю і іншыя прававыя акты, у Беларусі зыходзілі з існуючых рэалій. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адказаў на папрокі ўлады ў аўтарытарызме: "Я ніколі гэтага не адмаўляў: сапраўды, у нас прававая сістэма была выбудавана менавіта такім чынам і нацэлена на стварэнне і ўмацаванне вертыкалі ўлады, таму што пасля распаду Савецкага Саюза мы засталіся адны, плюс яшчэ з савецкімі рублямі. Нам абяцалі, што з савецкай рублёвай сістэмы мы не выходзім. Потым нас кінулі з гэтымі рублямі, забраўшы ў нас тавары і не аплаціўшы. Беларусі аказаліся вінаваты вельмі шмат мільярдаў, але мы іх не атрымалі. Я вяду да таго, што ў нас народу не было чаго есці: пустыя паліцы ў рэспубліцы, якая заўсёды была развіта ў гэтых адносінах - тавараў народнага спажывання і прадуктаў харчавання".

На гэтым фоне кіраўніцтва рэспублікі пачалі вучыць дэмакратыі і правам чалавека, адзначыў Прэзідэнт. "Асноўнае права чалавека было паесці і адзецца, чым я і займаўся", - заявіў ён.

У час сустрэчы было адзначана, што крытыку зведалі і іншыя постсавецкія краіны, у тым ліку Казахстан і Таджыкістан, які прайшоў праз вайну. "Ім было не да разважанняў: трэба было краіну ратаваць, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы зыходзілі з канкрэтнай сітуацыі, якая існавала ў нашай краіне".

Прэзідэнт падкрэсліў, што для ўкаранення любых рэформ патрэбны час: штурмам нічога не возьмеш. "Ва Украіне паспрабавалі штурмам узяць - што атрымалі? Багацейшая краіна ў Еўропе. Яны нешта няправільна робяць? Усё робяць правільна. Так ці інакш мы ўсе ідзём па гэтым шляху. І нас таксама нехта звонку падштурхоўвае. Але палітыкі існуюць для таго, каб прыстасаваць усё гэта для сваёй краіны, таму галоўны фактар - гэта час. Разыходжанняў у палітыцы ў нас, хто сядзіць за гэтым сталом, ні ў каго няма: ні ў Захаду, ні ва Усходу. Нехта хутчэй ідзе да дэмакратыі, нехта марудней. Нехта апёкся на гэтай дэмакратыі, у тым ліку на Захадзе. Я часта прыводжу прыклад: Германія, краіна парадку, дастукалася да таго, што дзяўчынкі ў школу баяцца хадзіць у спадніцах. Гэта нармальна?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Не абмінуў Кіраўнік дзяржавы і падзеі ў Францыі: "Я не хацеў бы, каб у Беларусі такое адбывалася. Гэта ў Францыі! Заўсёды перадавой і спакойнай краіне. Паглядзіце, што робіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Я на Мюнхенскай канферэнцыі аднойчы сказаў: вы, нас крытыкуючы, не забывайце пра наш вопыт, паколькі вам давядзецца ў нейкай частцы вярнуцца да яго, каб захаваць мір і стабільнасць у сваіх дзяржавах".

На думку Прэзідэнта, для народа галоўнае мір і стабільнасць, і права павінна працаваць на гэта перш за ўсё, каб не было хаосу. "Менавіта на прававых асновах, паводле закону, трэба будаваць усякія адносіны ў дзяржаве, тады не будзе хаосу. У гэтым напрамку мы дзейнічаем", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Смею вас запэўніць: дэмакратыі і свабоды ў Беларусі ніколькі не менш, чым у нашай роднай, брацкай Расіі або на Захадзе, ці далей - у краінах, якія сталі на шлях развіцця, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніколькі не менш. Але, магчыма, мы больш строга патрабуем парадку, таму што мы не такія багатыя, як Расія. Яна можа дапусціць памылку, але велізарныя багацці дапамогуць гэту памылку хутка выправіць".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь не мае такіх рэсурсаў, таму ў краіне марудна ідуць рэформы: памылкі могуць дорага каштаваць. "Калі ў нас утвараецца недзе дзірка, нам няма чым яе залатаць. Таму мы і так званыя рэформы рухаем павольна, крок за крокам. Ідзём як па тонкім лёдзе, як па лязу нажа, каб не спатыкнуцца, не дапусціць памылкі: няма грошай потым на выпраўленне, ды і часу няма. Адстанем - не дагонім. Таму лепш ісці павольна, але ісці, не спыняючыся, не паварочваючы назад і не адыходзячы ўбок. Вось наша палітыка, абсалютна жыццёвая", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь часта крытыкуюць: маўляў, у дзяржаве недастаткова развіта дэмакратыя і не ў поўнай меры выконваюцца правы чалавека. "Павінен заявіць вам як былы парламентарый і чалавек, які меў дачыненне да распрацоўкі Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзідэнцкай работы: мы вельмі дасканала  вывучылі канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста прымаў удзел. Супернавацый у нашай Канстытуцыі няма: мы ўзялі нешта прымальнае для нас з нашага мінулага, але зусім няшмат, усё астатняе мы перанялі, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Мы вучыліся не толькі ў сваіх суседзяў, але перш за ўсё ў іх, таму што яны блізкія нам па развіцці, са многімі мы былі ў адной дзяржаве. Але многае і многае мы перанялі ў апоры дэмакратыі, перш за ўсё Францыі і Злучаных Штатаў Амерыкі".

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на асобай ролі заканадаўчых норм у жыццядзейнасці грамадства і адказнасці тых, хто распрацоўвае законы і кантралюе іх выкананне. "Законы - жывая матэрыя. Яны вяршаць лёсы людзей, краін і свету. Ад вас усіх, хто стварае, удасканальвае і, галоўнае, кантралюе выкананне гэтых законаў, залежыць, наколькі гарманічна будзе развівацца сучаснае грамадства, наколькі справядлівы будзе свет, у якім мы жывём", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў сучасным свеце паводзіны палітыкаў далёка не заўсёды з'яўляюцца адказнымі і строга адпавядаюць літары закону. "І да чаго гэта прыводзіць? Да гандлёвых войнаў, хаосу і гэтак далей, калі мы, перш за ўсё палітыкі, стаім над законам, над прававымі актамі, якія прызнаны ў свеце, на міждзяржаўным узроўні, над тымі пагадненнямі, якія заключаны і маюць сілу закону ў тых ці іншых дзяржавах, - сказаў ён. - Гэта канфлікты, гэта войны ў тых ці іншых рэгіёнах. Калі так пойдзе і далей, мы прыйдзем да новай сусветнай вайны. Думаю, што гэта будзе апошняя вайна". Каб не дапусціць такога развіцця падзей, захаваць мір і стабільнасць, неабходна строга выконваць нормы заканадаўства на ўсіх узроўнях. "Трэба выконваць міжнароднае права і ўнутраныя законы. Беларусь не проста да гэтага гатова, а заўсёды заклікае да гэтага і будзе заўсёды рабіць так, каб у свеце быў спакой і стабільнасць", - заявіў Прэзідэнт.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі думаюць аб новым этапе ў сувязі са змяненнямі, якія дыктуе само жыццё. "Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае крыху адставаць. Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага Суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па магчымым удасканаленні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Канстытуцыйным Судзе Беларусі працуюць выключныя прафесіяналы - практыкі, тэарэтыкі. "Адбіраем кожнага чалавека вельмі доўга. Гэта людзі, якія прайшлі жыццё, і ведаюць, чаго патрабуе ад нас сёння народ", - рэзюмаваў ён.