Сустрэча з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў - членаў АДКБ

  • 1

Беларусь надае асаблівае значэнне эфектыўнасці дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня на сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў - членаў АДКБ.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што ў гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе з моманту падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзе з дня ўтварэння Арганізацыі. "Усе гэтыя гады ваенна-палітычную абстаноўку ў зоне адказнасці АДКБ нельга было назваць спакойнай. На сучасным этапе яна яшчэ больш абвастраецца, - заявіў Прэзідэнт. - Вы добра інфармаваны аб працэсах, што адбываюцца ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі. Упэўнены, што нашы ацэнкі сённяшняга стану пагроз у розных сферах бяспекі супадаюць".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь вылучыла шэраг ініцыятыў, у тым ліку ў ваеннай сферы, прымаючы старшынства ў Савеце калектыўнай бяспекі. Так, было прапанавана прыняць меры па практычнай рэалізацыі Стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, удасканаленні сістэмы крызіснага рэагавання, а таксама паглыбленні супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. "Яны прадыктаваны логікай развіцця Арганізацыі, нашым бачаннем вырашэння актуальных задач. Сёння на першы план выходзяць пытанні менавіта практычнага супрацоўніцтва па забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёнах, - упэўнены Прэзідэнт. - Неабходна разумець, што ўсе сферы забеспячэння бяспекі і дзейнасці АДКБ узаемазвязаны. Недапрацоўкі асобных практычных напрамкаў непазбежна вядуць да тармажэння ў развіцці ўсяго механізма".

Краінамі - членамі АДКБ у склад КСАР выдзелены найбольш боегатовыя падраздзяленні нацыянальных узброеных сіл. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу прысутных на тое, што рашэннем Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прадугледжана аснашчэнне КСАР сучаснымі і, што вельмі важна, сумяшчальнымі ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. Гэта пазіцыя замацавана ў пагадненні аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання. На думку Прэзідэнта, на практыцы гэта работа ідзе маруднымі тэмпамі, што недапушчальна. "У такой сітуацыі Калектыўныя сілы не дасягаюць свайго максімальнага патэнцыялу, таму работу па гэтым напрамку неабходна актывізаваць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Як лічыць Прэзідэнт, нельга зацягваць узгадненне бакамі пагаднення аб сумесным тэхнічным забеспячэнні КСАР АДКБ, якое падрыхтавана ў рамках стварэння адпаведнай сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў. "Яго рэалізацыя мае практычную накіраванасць і дасць магчымасць зняць многія неўрэгуляваныя пытанні забеспячэння дзеянняў Калектыўных сіл як пры выкананні імі баявых задач, так і ў ходзе вучобы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Па ініцыятыве беларускага боку восенню запланавана апрабаваць новую, больш маштабную форму сумеснай падрыхтоўкі фарміраванняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ - аператыўна-стратэгічнае вучэнне, у час якога трэба будзе ацаніць узровень падрыхтоўкі штабоў і войскаў да сумесных дзеянняў. "Важна не толькі абкатаць дзеянні войскаў у розных рэгіёнах калектыўнай бяспекі ў адзінай вучэбнай абстаноўцы, але і прапрацаваць дзеянні па прадухіленні сучасных пагроз, якія ўжо ўстойліва набылі гібрыдныя формы. Гэта рэаліі сённяшняга дня, і яны патрабуюць ад Арганізацыі адэкватнага рэагавання", - лічыць Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Беларуссю падтрымана ініцыятыва фарміравання сістэмы міждзяржаўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння, у тым ліку Цэнтра крызіснага рэагавання і нацыянальных органаў, упаўнаважаных на ўзаемадзеянне з ім. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць таго, каб гэтыя органы пачалі паўнацэнна функцыянаваць не толькі ў перыяд рэзкага абвастрэння абстаноўкі, але і ў штодзённым рэжыме.

Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся ў тым ліку і на саюзных абавязацельствах нашай краіны: "Вы добра ведаеце, што Беларусь і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў рамках АДКБ адказная за заходні напрамак. Гэта зона адказнасці Беларусі, і ўся наша армія сканцэнтравана на гэта разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас выбудаваны дакладны план дзеянняў у розных сітуацыях".

Закранаючы беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017", якія пройдуць восенню на тэрыторыі Беларусі, Прэзідэнт заявіў: "Як бы на нас ні націскалі, мы правядзём гэтыя вучэнні і нацэлены на тое, каб яны прайшлі маштабна і вельмі сур'ёзна. Ведаю, што і ў Расіі такі ж настрой. Мы нікога не палохаем. Нам чужога не трэба. Таму мы будзем адпрацоўваць на вучэннях усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыяльныя сапернікі. Мы абучаем армію і будзем яе абучаць абараняць нашу тэрыторыю, нашу дзяржаву, нашы народы".

Аляксандр Лукашэнка сказаў аб адкрытасці гэтых вучэнняў: "Мы запросім на вучэнні ўсіх прысутных сёння міністраў абароны, і не толькі. Няхай глядзяць на нашы магчымасці. Мы вельмі сур'ёзна нацэлены на тое, каб на тэрыторыі Беларусі вучэнні прайшлі вельмі эфектыўна, і будзем старацца надаць гэтым вучэнням і маштабны, і разнапланавы характар, каб нашы ваенныя - і Расіі, і Беларусі - адчувалі, што яны абараняюць на гэтым напрамку і якія абавязацельствы на іх ускладзены".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: Беларусь цэніць той факт, што ёй даручана абараняць заходні напрамак. "І мы, як заўсёды, вельмі адказна рэалізуем усе мерапрыемствы, каб у нашага патэнцыяльнага праціўніка не было нават думкі, што беларуская армія не гатова і наша сумесная беларуска-расійская групоўка не гатова адбіць любы ўдар патэнцыяльнага саперніка", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь у далейшым будзе верная і сваім абавязацельствам па КСАР.

У сваю чаргу генеральны сакратар АДКБ Юрый Хачатураў выказаў меркаванне, што Беларусь заўсёды заставалася і застаецца важнейшым фактарам забеспячэння стабільнасці на еўразійскай прасторы. Ён падзякаваў нашай краіне за ўклад у справу ўмацавання калектыўнай бяспекі. "На ўсіх пляцоўках з беларускім бокам вельмі лёгка працаваць, і ўсе пытанні вырашаюцца. За гэта вялікая ўдзячнасць", - дадаў Юрый Хачатураў. Паводле яго слоў, вызначаны задачы, якія неабходна вырашыць АДКБ у бліжэйшы час, і яны ўвязаны з прыярытэтамі Беларусі ў перыяд яе старшынства ў арганізацыі.