Сустрэча з Федэральным Прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам

  • 9

Беларусь удзячна Германіі за ўклад у нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 чэрвеня ў час сустрэчы з Федэральным Прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам у Палацы Незалежнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Федэральнага Прэзідэнта Германіі добра ведаюць у Беларусі і яго сённяшні прыезд у Мінск будзе мець вельмі сур'ёзны, станоўчы рэзананс у беларускім грамадстве. "І справа не столькі ў палітычным, колькі ў маральным, этычным аспекце", - выказаў меркаванне Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Вы не першы раз у Мінску і ў Палацы Незалежнасці, - падкрэсліў ён. - "Нармандская чацвёрка" гэта ў тым ліку і ваша дзецішча. І было б няправільным, калі б я не падзякаваў за той велізарны ўклад, які вы ўнеслі ў нармалізацыю адносін паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Мы вам за гэта вельмі ўдзячны. Мы гэта помнім, тым больш што ўсё, аб чым мы гаварылі тады з Ангелай Меркель, тое, аб чым яна мне гаварыла, мы са свайго боку ўсё рэалізавалі".

Аляксандр Лукашэнка перадаў Ангеле Меркель самыя лепшыя пажаданні ад беларускага народа.

У сваю чаргу Федэральны Прэзідэнт Германіі падзякаваў беларускаму лідару за запрашэнне ў Палац Незалежнасці, аб якім у яго засталіся самыя добрыя ўспаміны. Гаворачы аб сустрэчы "нармандскай чацвёркі" ў Мінску, Франк-Вальтэр Штайнмаер падкрэсліў: "Мы правялі тут вельмі шмат гадзін разам у той час, калі адбыўся самы вялікі крызіс на еўрапейскім кантыненце, з тым, каб знайсці рашэнні для аднаўлення мірнай сітуацыі".

Германскі Прэзідэнт абсалютна пагадзіўся з Аляксандрам Лукашэнкам у тым, што неабходна "атрымаць урокі з мінулага і зрабіць так, каб больш ніколі на нашым кантыненце не адбылося нямірнае развіццё сітуацыі".

Высокі германскі госць выказаў словы ўдзячнасці Аляксандру Лукашэнку за запрашэнне прыняць удзел у мерапрыемстве, якое 29 чэрвеня адбылося ў "Трасцянцы". "Мы ведаем, што гэта запрашэнне факт, што не само сабой разумеецца. Не само па сабе зразумела тое, што мы адзначаем гэту дату разам і разам сустракаем такі дзень. Гэта таксама стала магчымым, таму што вы працягнулі нам руку прымірэння", - сказаў ён.

Пасля завяршэння перагавораў Федэральны Прэзідэнт Германіі папрасіў паказаць залу, дзе прайшлі гістарычныя перагаворы "нармандскай чацвёркі", каб асвяжыць успаміны трохгадовай даўнасці.