Сустрэча са старшынёй ЦК КПРФ Генадзем Зюганавым

  • 1

Развіццё беларуска-расійскіх адносін абмеркавана на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай думе Генадзем Зюганавым.

"Перш за ўсё, хачу вас прывітаць на тэрыторыі дзяржавы з сацыялістычнай ідэалогіяй. Думаю, вам гэта блізка. Для мяне таксама, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.- Падкрэсліваю абсалютна адкрыта, шчыра: вашы ідэі нам не чужыя. Больш таго, у адрозненне ад многіх постсавецкіх рэспублік мы спрабуем - і многае ў нас атрымліваецца з рэалізацыяй гэтых ідэй. Таму ідэя, што рынак нас выратуе, што капіталізм - гэта адзіная сістэма, якая можа сёння існаваць, поўная лухта. Трэба проста працаваць і цаніць людзей. Настане час, калі мы пашкадуем, што ўсё з мінулага перакрэслілі".

Прэзідэнт дадаў, што і людзі гэта адчуваюць. "Раней людзі на эйфарыі былі, думалі: ах, напэўна, вось калі гэта рынак, калі гэта той капіталізм, як у Еўропе, мы ўсе будзем жыць лепш няма куды. А атрымалася зусім наадварот, - заўважыў ён. - Мы стараемся трымацца, але цяжкавата без вас".

У час сустрэчы разгледжаны комплекс пытанняў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. У прыватнасці, размова ішла аб паглыбленні кааперацыі ў машынабудаўнічай сферы, узнімалася электрамабільная тэматыка. Было адзначана, што гэта галіна мае вялікія перспектывы.

Абмяркоўвалася супрацоўніцтва і ў аграпрамысловым комплексе. Генадзь Зюганаў расказаў Кіраўніку дзяржавы аб развіцці народных гаспадарак у Расіі і ў той жа час адзначыў станоўчы вопыт Беларусі па стварэнні аграпрамысловых цэнтраў.