Сустрэча са Старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларадам Додзікам

  • 31

Беларусь з Босніяй і Герцагавінай могуць дасягнуць значна большага ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў 20 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларадам Додзікам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што рады вітаць у Мінску Міларада Додзіка, з якім сустракаўся 19 гадоў таму. "Вельмі шкада, што мы сустракаемся рэдка, але добра, што нарэшце сустрэліся і якраз у патрэбны момант", - заўважыў Прэзідэнт.

"Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём вашай краіны. Вы ведаеце маё меркаванне аб былой Югаславіі, аб той сітуацыі, якая складвалася ў яе былых рэспубліках. У нас былі нядрэнныя адносіны з Югаславіяй. У нас нядрэнныя адносіны складваюцца з Сербіяй. У нас ёсць адносіны з Босніяй і Герцагавінай, але гэта недастаткова. Мы можам значна больш. І ў сувязі з гэтым ваш візіт вельмі важны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што спорт - гэта добрая нагода для сустрэчы. Ён звярнуў увагу на паспяховае развіццё спорту на пост'югаслаўскай прасторы. "Мы вучымся ў вас па розных відах спорту. Многія спартсмены выступаюць у нас у Беларусі, трэнеры прыязджаюць перадаваць свой вопыт. І спорт заўсёды быў прадвеснікам міру і нагода добрая, каб вам пабываць у Беларусі", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Міларад Додзік адзначыў, што цэніць намаганні беларускага лідара зрабіць краіну стабільнай і працвітаючай.

Старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў Мінск. Паводле яго слоў, сталіца Беларусі - прыгожы і чысты горад. Асаблівую ўвагу Міларад Додзік звярнуў на ўпэўненае развіццё краіны.

Ён таксама падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за запрашэнне наведаць цырымонію адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў і пажадаў беларускай камандзе поспехаў на маючых адбыцца спартыўных спаборніцтвах.