Сустрэча са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Георгіем Цэрэтэлі

  • 1

У рэгіёне Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе назбіралася шмат праблем, і закрываць вочы на іх ні ў якім разе нельга. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 красавіка на сустрэчы са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Георгіем Цэрэтэлі.

"Згадзіцеся, назбіралася вельмі шмат праблем у нас тут у агульным доме, якія трэба вырашаць: і Нагорны Карабах, і Прыднястроўе, шмат іншых менш значных і гучных праблем. Дабавілася Украіна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што, можа, вельмі часта крытыкуе арганізацыю за слабую рэакцыю на гэтыя праблемы, аднак іх вырашэнне - непасрэдная работа АБСЕ. "Гэта арганізацыя перш за ўсё па бяспецы на Еўрапейскім кантыненце, і закрываць сёння вочы на гэтыя праблемы ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўжо доўгі час на пляцоўцы АБСЕ не праводзяцца сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, на якіх можна было б абмеркаваць бягучыя пытанні і намеціць шляхі выхаду з існуючай сітуацыі. Апошняе такое мерапрыемства прайшло ў 2010 годзе ў Астане, але яшчэ больш маштабная канферэнцыя адбылася ў 1999 годзе ў Стамбуле.

"Гэта была моцная канферэнцыя, і больш не збіраліся, а трэба было б. Таму вельмі шмат праблем, на якія трэба не проста звярнуць увагу. Трэба збірацца і вырашаць іх. Калі не ўдасца вырашыць, то хаця б намеціць шляхі, перспектывы якія-небудзь. У адваротным выпадку навошта стваралі арганізацыю? - сказаў Прэзідэнт. - Вы заўсёды можаце разлічваць на нашу падтрымку, сумленнасць і шчырасць ва ўсіх пытаннях".

У сваю чаргу Георгій Цэрэтэлі падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за арганізацыю на высокім узроўні 26-й сесіі ПА АБСЕ, якая прайшла ў Мінску ў ліпені 2017 года. Ён таксама падкрэсліў асаблівы характар дружалюбных і дзелавых адносін са старшынямі палат беларускага парламента. "Мы са спадаром Андрэйчанкам (старшыня Палаты прадстаўнікоў. - Заўвага) сустракаемся трэці раз. Гэта сімвалізуе актыўнасць Беларусі ў нашай арганізацыі, з нашага боку таксама ёсць жаданне працаваць з краінай", - звярнуў увагу Георгій Цэрэтэлі.

Ён згадзіўся з Аляксандрам Лукашэнкам, што ў рэгіёне АБСЕ ёсць праблемы, якія патрабуюць абмеркавання і вырашэння. "Калі ў суседзяў праблемы, гэта і твае праблемы. Я згодны з вамі, што АБСЕ - арганізацыя вельмі сур'ёзная, і многія краіны, і Беларусь, робяць вельмі шмат, каб узмацніць яе. Мы за гэта ўдзячныя", - канстатаваў старшыня Парламенцкай асамблеі.

У час сустрэчы бакі абмеркавалі рэгіянальны парадак дня, узаемадзеянне Беларусі з АБСЕ і яе структурамі. Было адзначана, што беларускі парламент цесна супрацоўнічае з Парламенцкай асамблеяй і ўносіць практычны ўклад у яе дзейнасць. Беларускія заканадаўцы ў розныя гады ініцыіравалі некалькі рэзалюцый, якія ў далейшым былі прыняты арганізацыяй.

Асобная ўвага была ўдзелена дзейнасці Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ, створанай у час 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі ў Мінску, і праводзімай у беларускай сталіцы пад яе эгідай канферэнцыі "Адзін пояс і адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і працвітання". Субяседнікі сышліся на думцы, што Група падтрымкі Шаўковага шляху стала яшчэ адной міралюбівай пляцоўкай для дыялогу і прадухілення канфрантацыі ў розных плоскасцях.