Сустрэча са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Андэрсам Кнапэ

  • 1

Беларусь разлічвае на развіццё кантактаў з Саветам Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 красавіка на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Андэрсам Кнапэ.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь мае сваё бачанне развіцця мясцовага самакіравання. "Мы, зразумела, будзем рухацца ў напрамку большай самастойнасці органаў мясцовага самакіравання, - сказаў Прэзідэнт. - Шмат добрага з таго, што створана ў вас, падлягае перайманню ў Беларусі. Думаю, добрай падмогай у рэалізацыі сказанага былі б больш цесныя кантакты органаў мясцовага самакіравання з адпаведнымі структурамі Еўрапейскага саюза".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо абмяркоўваў тэму развіцця мясцовага самакіравання з папярэдніцай Андэрса Кнапэ на гэтай пасадзе - Гудрун Мослер-Цёрнстром. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прыемна вярнуцца да дыскусіі па гэтых пытаннях з чалавекам, які мае вялікі асабісты вопыт у мясцовым самакіраванні. "Думаю, ваш сённяшні візіт у Беларусь надасць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву з Еўрапейскім рэгіёнам у плане развіцця мясцовага самакіравання, а таксама рэгіянальнага кіравання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні кангрэса.

У сваю чаргу Андэрс Кнапэ адзначыў, што ўпершыню знаходзіцца ў Беларусі і свой пяцідзённы візіт лічыць плённым. Паводле яго слоў, кангрэсу прыемна бачыць той інтарэс, які беларускія ўлады праяўляюць да пытанняў развіцця мясцовага самакіравання.

"Беларусь заўсёды ўяўляла і ўяўляе інтарэс для Савета Еўропы і нашага кангрэса ў плане супрацоўніцтва. За два дні я ўжо атрымаў добрыя ўражанні і ад абстаноўкі, і ад абмеркаванняў з прадстаўнікамі Урада, мясцовых і рэгіянальных улад і бізнесу", - сказаў Андэрс Кнапэ.

У час сустрэчы не раз падкрэслівалася, што ў Беларусі выбудавана дзейсная сістэма рэгіянальнага кіравання. Яна нацэлена галоўным чынам на тое, каб узняць узровень жыцця па ўсёй краіне і асабліва ў рэгіёнах, малых населеных пунктах. Важная роля ў гэтым працэсе адводзіцца мясцоваму самакіраванню і перш за ўсё Саветам дэпутатаў усіх узроўняў, а таксама ініцыятыўным грамадзянам. Размова ішла аб тым, каб узмацніць іх ролю ў мясцовым самакіраванні, зрабіць работу больш эфектыўнай.

Старшыня кангрэса выказаў гатоўнасць аказваць Беларусі садзейнічанне ў развіцці мясцовага самакіравання, у прыватнасці ў падрыхтоўцы спецыялістаў, якія дапамогуць умела выбудаваць на месцах дыялог з цэнтральнай уладай. Гэта прапанова знайшла падтрымку з боку кіраўніцтва беларускай дзяржавы. Беларусь бачыць перспектыўнасць у развіцці супрацоўніцтва з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы і мае намер укараняць пазітыўны вопыт іншых краін, калі ён будзе адпавядаць яе нацыянальным інтарэсам.