Спартсмены і трэнеры па веславанні на байдарках і каноэ ўдастоены дзяржузнагарод

    Спартсмены і трэнеры па веславанні на байдарках і каноэ ўдастоены дзяржаўных узнагарод за шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё гэтага віду спорту, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на чэмпіянатах свету і Еўропы, II Еўрапейскіх гульнях 2019 года. Адпаведны Указ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 28 кастрычніка.

    Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны трэнер-выкладчык філіяла Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Міхаіл Аземша, старшыя трэнеры нацыянальнай каманды Беларусі Мікалай Банько і Генадзь Галіцкі. Гэтай узнагароды ўдастоены таксама спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды Марына Літвінчук і Вольга Худзенка.

    Ганаровае званне "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" прысвоена спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды Арцёму Козыру.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена 8 спартсменам за высокі прафесіяналізм, дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ. Падзякі ўдастоены таксама 15 прадстаўнікоў трэнерскага складу за шматгадовую плённую працу ў сферы фізкультуры і спорту, выдатныя дасягненні ў падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у забеспячэнне высокакваліфікаванага медыцынскага і фармакалагічнага абслугоўвання спартсменаў нацыянальнай каманды.