Рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")

  • 8

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") заклікаў беларусаў адраджаць сваю малую радзіму і родныя месцы.

"Я хачу звярнуцца да ўсіх тых, хто сёння можа што-небудзь зрабіць для краіны, асабліва да людзей заможных, якія маюць пэўныя магчымасці. Давайце ў бліжэйшыя гады, хто колькі можа, хто як можа, зробім для нашай малой радзімы тое, што можа зрабіць кожны. Я ўпэўнены: калі заможны чалавек, які нарадзіўся ў маленькай вёсачцы і не забыў яе, зробіць для яе хоць што-небудзь на працягу трох, можа, пяці гадоў, наша краіна будзе прыгожай, яна будзе квітнеючай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мой заклік сёння з маёй малой радзімы да ўсіх тых, хто не забыў сваю малую радзіму: давайце для яе зробім максімум, давайце, стаўшы заможнымі людзьмі (тыя, хто здольны), зробім для гэтых вёсачак, рачулак, для маленькіх гарадкоў і пасёлкаў тое, што мы можам зрабіць".

Прэзідэнт растлумачыў, што яго нядаўняя паездка ў пасёлак Копысь - гэта спроба добраўпарадкаваць Беларусь, паказаць прыклад, якой павінна быць краіна. "Надышла чарга і да гэтых маленькіх гарадкоў, да неперспектыўных вёсак. Мы іх проста павінны выратаваць, мы павінны зрабіць іх зручнымі для жыцця нашых людзей, дзяцей, унукаў", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: куды б ні вялі людзей шляхі і куды б ні неслі рэкі, ёсць паняцці вытокаў і родных берагоў. Гэта месцы, дзе яны па-сапраўднаму дома, дзе сапраўды можна адмовіцца ад мітусні і дзе час ідзе па-іншаму. "У кожнага з нас часцінка душы жыве на малой радзіме. Нашы землі славутыя сваімі мястэчкамі, якія ніколі не былі местачковымі або правінцыяльнымі. Нашы вёскі і гарадкі, наша сталіца, народжаная з такога ж гарадка, - яны далі многае і многім, - заявіў беларускі лідар. - Міншчына, Віцебшчына, Гродзеншчына, Гомельшчына, Брэстчына. Або вось Магілёўшчына. Кожны з нас чуе голас сваёй малой радзімы, адзінага сапраўднага месца на Зямлі".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, магчыма, некаторым часам хочацца кудысьці паехаць, недзе пабываць. "Але я аб'ехаў увесь свет за гады свайго прэзідэнцтва, быў у цудоўных месцах. І я вам шчыра, ад душы гавару: прыгажэйшых вось за гэтыя мясціны, дзе твае карані і вытокі, няма нідзе. Я гэтага не сустракаў, - падкрэсліў ён. - Я гэта гавару для таго, каб вы разумелі, што рана ці позна кліч малой радзімы пацягне вас туды, дзе вы нарадзіліся. Таму давайце адраджаць гэтыя мясціны, давайце іх будзем шанаваць, якія б яны ні былі. Гэта - нашы мясціны, гэта - наша радзіма, якая дала нам жыццё".


"Уся шматвяковая гісторыя беларускага народа красамоўна сведчыць аб тым, як высока мы цэнім мір і дабрабыт на роднай зямлі. Як беражліва ставімся да спадчыны мінулых пакаленняў і ўпэўнена будуем сучаснае і будучае сваёй дзяржавы. Глыбока шануем герояў, якія адстаялі незалежнасць Айчыны. Славім выдатных дзеячаў культуры, мастацтва, якія па праву з'яўляюцца гордасцю нашай Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У іх пачэсным радзе, звярнуў увагу Прэзідэнт, стаяць вялікія песняры Беларусі - Якуб Колас і Янка Купала, юбілейныя даты з дня нараджэння якіх урачыста адзначаюцца ў гэтым годзе. "І гэта надае фестывалю яшчэ большую значнасць. Нагадвае аб непарыўнасці культурных традыцый, аб бясцэнным здабытку, які нам трэба зберагчы, прымножыць і перадаць нашчадкам. Абавязкова перадаць нашчадкам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята "Александрыя збірае сяброў" праходзіць з асаблівай цеплынёй на маляўнічым беразе Дняпра, дзе здаўна перасякаліся гандлёвыя шляхі, перапляталіся музычна-песеннае мастацтва, мовы і звычаі. "Гэта свята - наша спадчына. У ім усё тое, што так характэрна для беларусаў: наш нацыянальны каларыт, гармонія з прыродай, любоў да сваіх традыцый і гісторыі, пошук шчасця і імкненне да запаветнай мэты, - падкрэсліў ён. - А яшчэ, вядома ж, гасціннасць! Купальскі фестываль "Александрыя збірае сяброў" ужо даўно стаў міжнародным. У гэтым годзе мы рады вітаць гасцей з сямі краін Еўропы. Такія сустрэчы - лепшая народная дыпламатыя, якая адкрывае людзям нашу самабытную і цудоўную краіну. Я хачу асабліва вітаць на гэтым фестывалі нашых блізкіх, родных суседзяў. Дзякуй, што вы сёння з намі!"

На думку Прэзідэнта, сваім поспехам фестываль у Александрыі абавязаны перш за ўсё тым выдатным людзям, якія жывуць у гэтым цудоўным кутку Прыдняпроўскага краю. "Дзякуй, дарагія сябры, за працу і адданасць нашай малой радзіме. Кожны прыезд сюды натхняе і надае сілы. Не толькі мне, усім нам, беларусам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прыміце мае словы як шчырае прызнанне ў любові да вас. І давайце сёння разам услухаемся ў гукі Купалля, у гукі малой радзімы, у голас нашай незалежнай краіны, нашай Беларусі".