Удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ

  • 9

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў сталіцы Казахстана Астане.

Пасля цырымоніі прывітання і фатаграфавання кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў АДКБ пачалася сесія Савета калектыўнай бяспекі ў вузкім складзе. Бакі разгледзелі актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і ўзаемадзеяння ў фармаце Арганізацыі на міжнароднай арэне.

На пленарным пасяджэнні прагучала інфармацыя аб бягучай дзейнасці АДКБ, выкананні былых рашэнняў, а таксама аб прыярытэтных напрамках дзейнасці ў наступны перыяд старшынства ў Арганізацыі Кыргызстана.

На саміце ў Астане кіраўнікі дзяржаў - удзельніц АДКБ прынялі рашэнне аб зацвярджэнні палажэнняў аб прававым афармленні статусаў наглядальніка і партнёра Арганізацыі, што ў свой час ініцыіравала Беларусь. У дакументах вызначана, каму могуць быць прадастаўлены такія статусы, крытэрыі і ўмовы для атрымання, працэдура прадастаўлення.

Кіраўнікі дзяржаў таксама прынялі рашэнне аб палажэнні аб Цэнтры крызіснага рэагавання АДКБ. Дакументам вызначаны арганізацыйныя і прававыя асновы дзейнасці гэтай структуры.

Лідары краін падпісалі Дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі, якая з'яўляецца галоўным падагульняючым дакументам саміту. У ім адлюстраваны сумесныя пазіцыі кіраўнікоў дзяржаў па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня ў сферы бяспекі, задачы Арганізацыі на будучы перыяд.

Вынікам саміту таксама стала прыняцце заявы аб скаардынаваных мерах адносна асоб, якія ўдзельнічалі ва ўзброеных канфліктах на баку міжнародных тэрарыстычных арганізацый.

Падпісаны рашэнні, якія датычацца пытанняў арганізацыі кіравання войскамі (калектыўнымі сіламі) АДКБ, работы Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, плана дзеянняў па развіцці калектыўнай сістэмы процідзеяння незаконнай міграцыі на перыяд да 2025 года і плана мерапрыемстваў па развіцці скаардынаванай інфармацыйнай палітыкі ў інтарэсах дзяржаў - членаў АДКБ.

Акрамя таго, прыняты рашэнні, якія датычацца бягучай дзейнасці Арганізацыі, уключаючы кадравыя, арганізацыйныя і фінансавыя аспекты. Абмеркаваны прапановы па назначэнні новага Генеральнага сакратара АДКБ пасля датэрміновага спынення паўнамоцтваў прадстаўніка Арменіі. Вырашана, што канчаткова гэта пытанне будзе ўзгоднена на наступнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у снежні.

Старшынства ў Арганізацыі на наступны міжсесіённы перыяд перайшло да Кыргызстана.