Рабочы візіт у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты

  • 17
Беларусь надае важнае значэнне развіццю супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і бачыць значны патэнцыял для яго нарошчвання. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы 28 кастрычніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.

У час сустрэчы, якая прадаўжалася больш як дзве гадзіны, былі абмеркаваны як бягучыя праекты, так і абазначаны задачы на бліжэйшую перспектыву.

Аляксандр Лукашэнка і шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян далі даручэнні вызначыць 3-4 ключавыя праекты, рэалізацыя якіх дала б магчымасць вывесці адносіны паміж дзвюма краінамі на якасна новы ўзровень.

Бакі з задавальненнем адзначылі станоўчыя вынікі другога пасяджэння сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж урадам Беларусі і ўрадам ААЭ.

ААЭ - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі сярод арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў ААЭ з'яўляюцца часткі для аўтамабіляў і трактароў, тытунёвыя вырабы, сінтэтычныя валокны, рухавікі і сілавыя ўстаноўкі, калійныя ўгнаенні, падшыпнікі, прычэпы і паўпрычэпы. Па стане на 2013 год у Беларусі было зарэгістравана 14 арганізацый з удзелам эмірацкага капіталу і прыцягнута інвестыцый з ААЭ на суму $54 млн.

Беларусь і ААЭ вызначае высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння. Пазіцыі дзвюх краін супадаюць па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня, якія разглядаюцца ў ААН.

Шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян прапанаваў Аляксандру Лукашэнку працягнуць яго знаходжанне ў ААЭ з мэтай прадаўжэння двухбаковых кантактаў па пытаннях, што ўяўляюць узаемны інтарэс для дзвюх дзяржаў.

29 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам унутраных спраў ААЭ шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што напярэдадні прайшла вельмі змястоўная сустрэча з Наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. "Мы аб многім дамовіліся, з'явіліся новыя ідэі, якія мы можам рэалізаваць і якія палепшаць не толькі эканамічныя адносіны паміж дзвюма краінамі, але і адносіны паміж людзьмі", - сказаў беларускі лідар. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб спецыялістах, якіх беларускі бок можа накіраваць для работы ў ААЭ.

У сваю чаргу шэйх Сейф бен Заід аль-Нахаян адзначыў, што ў Беларусі вельмі добра развіты сферы прамысловасці, адукацыі і ў сувязі з гэтым прыцягненне кваліфікаванай рабочай сілы з Беларусі стане адным з асноўных праектаў у двухбаковым супрацоўніцтве.

"У Беларусі ўсе сферы жыццядзейнасці - і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і сацыяльная, і сфера высокіх тэхналогій - развіты на даволі высокім узроўні, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Адзінае ў гэтай сітуацыі, чаго не хапае, - гэта рэсурсы, у пэўных аб'ёмах інвестыцыі - тое, што ёсць у Эміратах, і нам трэба гэта аб'яднаць на карысць дзвюх дзяржаў".

У час сустрэчы размова ішла таксама аб развіцці супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы. Узаемадзеянне паміж праваахоўнымі органамі Беларусі і ААЭ развіваецца з 2005 года. У мінулым годзе пры Міністэрстве ўнутраных спраў ААЭ сфарміраваны Камітэт па супрацоўніцтве з Беларуссю. Эмірацкія слухачы праходзяць кароткатэрміновыя курсы на базе Акадэміі МУС Беларусі.

29 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам саветніка па пытаннях нацыянальнай бяспекі ААЭ шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заўважыў, што шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян прысутнічаў на праведзенай напярэдадні сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з Наследным прынцам эмірата Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. "Вы былі сведкам нашых доўгіх перагавораў, дыскусій, вы паглыблены ў тэму гандлёва-эканамічных адносін, і думаю, што мы ўжо за гэтыя суткі змаглі асэнсаваць сякія-такія пытанні і напрамкі супрацоўніцтва, асабліва новыя, якія былі прапанаваны шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пасля прыезду ў Беларусь дасць даручэнне ўраду неадкладна сфарміраваць групу тавараў, у якіх маюць патрэбу ААЭ, каб абавязкова ў наступным годзе выйсці на аб'ём тавараабароту $500 млн. "Мы вельмі хацелі б, каб так зрабіў і эмірацкі бок", - сказаў беларускі лідар.

"Мы павінны абавязкова дасягнуць гэтага аб'ёму тавараабароту для таго, каб стварыць фундамент, пэўную гандлёва-эканамічную пляцоўку для нашага далейшага супрацоўніцтва", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

"Мы ўмеем рабіць усё, у чым мае патрэбу ваша краіна, у вас ёсць тое, у чым маем патрэбу мы, і хацелася б, каб мы аб'ядналі патэнцыялы і пашырылі і паглыбілі нашы адносіны як у сферы эканомікі, бяспекі, так і іншых сферах нашых адносін", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ёсць адна просьба, каб тыя дамоўленасці, якіх дасягнулі на такім высокім узроўні, абавязкова эфектыўна і ў магчыма кароткі тэрмін былі рэалізаваны. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што будзе на гэта арыентаваць і беларускі ўрад. "Я прасіў бы і вас як чалавека, які курыруе адносіны Беларусі і ААЭ, дзейнічаць у такім ключы. Тады мы зможам дасягнуць самага высокага ўзроўню супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

"Мы вельмі разлічваем, што нашы інтэнсіўныя абмены візітамі на самым высокім узроўні і на ўзроўні міністраў, іншых службовых асоб прывядуць да вельмі сур'ёзных зрухаў у нашых адносінах", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу шэйх Тахнун бен Заід аль-Нахаян адзначыў, што шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян быў задаволены сустрэчай з Кіраўніком беларускай дзяржавы і ўражаны адкрытасцю размовы. "Лічу, што ўчора ў нашых адносінах адбыўся, можна сказаць, прарыў", - падкрэсліў намеснік саветніка па пытаннях нацыянальнай бяспекі ААЭ, дадаўшы, што напярэдадні эмірацкі бок доўга працаваў над дамоўленасцямі.

"Як я разумею, нам нарэшце ўдалося пераканаць нашых партнёраў у Эміратах, што мы да вас прыйшлі ўсур'ёз і хочам пабудаваць нашы адносіны на вельмі доўгую перспектыву", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Вялікую мячэць імя шэйха Заіда, аддаўшы даніну памяці першаму Прэзідэнту ААЭ шэйху Заіду бен Султану аль-Нахаяну.