Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 17

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада наведаў Віцебскі футравы камбінат у ходзе рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ён сам, члены Урада і іншыя вышэйшыя службовыя асобы павінны паказаць людзям, што зроблена за мінулы год - да 7 лістапада. Паводле яго слоў, Віцебскі футравы камбінат пасля мадэрнізацыі стаў вельмі салідным прадпрыемствам - падарункам народу да свята.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прамысловасць мае патрэбу ў прадпрыемствах-гігантах, такіх як, напрыклад, Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, але неабходна ўдзяляць увагу і адносна невялікім вытворчасцям. "Мы маглі б пабудаваць вось такіх прадпрыемстваў за 800 мільёнаў - палічыце, колькі. І людзі заняты, і прадпрыемства цудоўнае, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Трэба развіваць тое, што ёсць, каб гэта не загінула. Падхапілі своечасова - атрымалі добрае прадпрыемства. Народ атрымае выдатную работу".

У рэканструкцыю Віцебскага футравага камбіната ўклалі амаль $24 млн, тут створана больш за 300 рабочых месцаў. Плануецца, што, калі прадпрыемства выйдзе на поўную моц, колькасць супрацоўнікаў павялічыцца да 500 чалавек. Мадэрнізацыяй камбіната займаўся холдынг "Марко", які ўзначальвае Мікалай Мартынаў.

"Я чаму яго "дапытваю" і чаму прыехаў сёння сюды: нам трэба на яго пільна паглядзець, уважліва вывучыць, ці ёсць да яго пытанні. Таму яшчэ раз прынцыпова вывучыце: калі ён сумленна працуе, калі сапраўды справы ідуць такім чынам, будзем узнагароджваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мне важна цяпер, каб потым не сказалі, калі Прэзідэнт яму ўручыць высокую ўзнагароду, што там карупцыянеры".

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, пакуль Віцебскі футравы камбінат не выйшаў на праектную магутнасць. Аднак як толькі запусцяць усе лініі, паказчыкі істотна вырастуць. Прэзідэнт выказаў жаданне наведаць камбінат да канца наступнага года. Ён чакае, што да гэтага часу прадпрыемства запрацуе на поўную моц.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што частку крэдытных сродкаў, якія выдзелены беларускаму боку Кітаем, трэба накіроўваць на падтрымку прыватнага бізнесу. "У нас вялікая колькасць нявыбраных камерцыйных кітайскіх крэдытаў, сем мільярдаў, ёсць яшчэ і танныя. Нядаўна я распарадзіўся, каб вы перасталі арыентавацца толькі на гігантаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутнага кіраўніцтва Урада і службовых асоб. - Ёсць талковы прыватнік, якога мы ведаем, не проста шарлатаны з вуліцы, вось ім трэба дапамагаць. Яны за 20-30 мільёнаў (долараў. - Заўвага) створаць нам сотні тысяч рабочых месцаў".

Пры гэтым, падкрэсліў ён, не абавязкова выдзяляць на будаўніцтва новых прыватных прадпрыемстваў сотні мільёнаў або мільярды долараў. Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Віцебскі футравы камбінат. "Цудоўнае прадпрыемства, - пахваліў Прэзідэнт. - Калі б ён (гендырэктар "Марко" Мікалай Мартынаў. - Заўвага) сябе не зарэкамендаваў, я б з ім не размаўляў ні пра холдынг, ні пра гэта. Ён сябе зарэкамендаваў добрым прыватнікам, бізнесменам".

Асобная ўвага была ўдзелена закупкам сыравіны для вытворчасці футравых вырабаў. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як наладжаны працэсы ў гэтым напрамку, асабліва ў цэнавым плане, і ці мае патрэбу прадпрыемства ў дадатковай пушніне. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, бакі павінны супрацоўнічаць такім чынам, каб гэта нікому не было на страту.

"Калі вы дамовіцеся аб тым, што будзеце працаваць на канчатковы вынік, гэта значыць на продаж такіх шуб, то лічы, што атрымаеш столькі пушніны, колькі трэба. Мы проста прымусім па нармальных цэнах табе прадаваць, - заявіў Прэзідэнт, звяртаючыся да Мікалая Мартынава. - Чаму я так гавару: мы пастаянна фіксуем жудасную карупцыю ў вытворчасці і рэалізацыі гэтых шкур".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі гэта работа будзе наладжана і дасць станоўчы эфект, прадпрыемства зможа перапрацаваць усю сыравіну, якая паступіла, не на страту вытворцам, то дзяржава падтрымае далейшую мадэрнізацыю камбіната.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб сваім даўнім даручэнні, якое датычыцца гадоўлі авечак і вырабу аўчыны. "Я адчуваю, што аграрыі ў нас недапрацоўваюць у гэтым плане, асабліва ў Віцебскай вобласці", - заўважыў ён. Кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца ў гэтым пытанні і далажыць яму.

На прадпрыемстве Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці скурана-футравай вытворчасці і выніках мадэрнізацыі Віцебскага футравага камбіната. Затым ён наведаў некалькі цэхаў, дзе азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вырабу аўчыны і пушніны, вытворчасцю гатовых вырабаў і выстаўкай выпускаемай прадукцыі.

Наведваючы вытворчасць, Прэзідэнт цікавіўся ў работнікаў прадпрыемства асаблівасцямі вытворчасці і ўмовамі працы, іх меркаваннем наконт запатрабаванасці віцебскіх футравых вырабаў.

Звяртаючы ўвагу на абсталяванне, на куплю якога было выдзелена каля $14 млн, кіраўнік дзяржавы нагадаў аб неабходнасці развіваць імпартазамяшчэнне. "Гэта ж самы прамы, выгадны і беспамылковы шлях. Ёсць інструментальны завод - не ведаем, што рабіць. На $55 млн інструментаў завозім з-за мяжы", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Тое ж самае датычыцца і сыравіны. Паводле слоў гендырэктара "Марко" Мікалая Мартынава, прадпрыемства выкарыстоўвае ў вытворчасці ўсяго каля 15% беларускай скуры. Існуючыя ў краіне прадпрыемствы пакуль не могуць забяспечыць патрэбнасці вытворцаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне стварэння новага камбіната, які змог бы вырабляць патрэбны від скуры, альбо пашырэння вытворчасці на якім-небудзь існуючым прадпрыемстве.

На заканчэнне на Віцебскім футравым камбінаце спецыяльна для Кіраўніка дзяржавы арганізавалі невялікі паказ мужчынскага і жаночага верхняга адзення з калекцыі "Восень-зіма 2018-2019".