Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці

  • 19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць комплекснага падыходу да сельгасработ у перыяд уборачнай. Аб гэтым ён заявіў 31 жніўня ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці.

Прыехаўшы ў поле на тэрыторыі ААТ "Азярыцкі-Агра", Аляксандр Лукашэнка з ходу адзначыў, што дзень сёння не асаблівы, а звычайны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўборка збожжавых - гэта толькі частка ўборачнай кампаніі і іншых не менш важных палявых работ. "Мы, напэўна, 25-30% толькі пераадолелі ўборачнай", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для Беларусі ўборачная кампанія даўно перастала быць "бітвай за ўраджай". У краіне дастаткова тэхнікі, сіл і сродкаў для правядзення ўборачнай у тэрмін і ў поўным аб'ёме.

"Змяніўся клімат, і мы спрабуем пакуль дастойна ўзяць зерне ад кукурузы, як увесь свет і ЗША - краіна, якая атрымлівае больш за ўсё збожжавых. Пераарыентаваліся на кукурузу, сталі вырошчваць на чвэрць менш збожжавых каласавых. Таму гэта ўжо не бітва. Каля 7 млн т атрымалася (сабраць збожжавых і зернебабовых без уліку кукурузы. - Заўвага). Для Беларусі з такой тэхнікай гэта не праблема", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, вельмі важна, не збаўляючы тэмпаў, прадаўжаць сельгасработы. Прэзідэнт растлумачыў, што павінен быць гаспадарскі падыход, нараўне з уборкай збожжа ў гаспадарках трэба рыхтавацца да ўборкі кукурузы, займацца нарыхтоўкай плодаагародніннай прадукцыі, праводзіць узворванне зямель, рыхтаваць іх пад пасеў азімых, нарыхтоўваць кармы. "Мы ўлезлі ва ўборку збожжавых і, груба кажучы, па-сялянску, целяпаемся з гэтымі збожжавымі, забываючы, што адразу пасля ўборкі збожжавых трэба ржышча пралушчыць, пераараць, падрыхтаваць пад азімую сяўбу, пасеяць азімыя", - дадаў ён. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў работу ААТ "Азярыцкі-Агра".

У час рабочай паездкі размова таксама ішла аб вытворчасці ў краіне бульбы, вырошчваннем якой у тым ліку займаецца гаспадарка ў Смалявіцкім раёне.

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, у бягучым годзе складваецца спрыяльная кан'юнктура для продажу бульбы на знешнія рынкі. Айчынную прадукцыю гатовы закупляць Сербія, Македонія, Узбекістан, іншыя краіны.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў неабходнасць нарошчваць аб'ёмы экспарту, але пры гэтым нагадаў аб выкананні абавязковага патрабавання - у першую чаргу забяспечыць сваё насельніцтва. "Перш чым выштурхнуць бульбу на знешнія рынкі, для сябе рэзервы, стабфонды для насельніцтва і ў сховішча пакласці, каб прадаць на наступны год. І насенне. Усё астатняе - калі ласка, прадавай на знешніх рынках, рабіце рэкламу. Пакуль дрэнна працуем з рэкламай. Такая бульба добрая, якасць цудоўная!" - сказаў ён.


У бягучым годзе чакаецца добры ўраджай, плануецца сабраць каля 7 млн т. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што большую частку ўраджаю - каля 5,5 млн т - атрымліваюць прыватныя гаспадаркі, у сувязі з чым запатрабаваў забяспечыць у іх закупку бульбы, дапамагчы з рэалізацыяй.

"Самае святое - гэта стабілізацыйныя фонды. Гэта рэзервы для насельніцтва, каб у нас была свая бульба на паліцах, самых лепшых сартоў, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Галоўнае для нас на гэты год - накарміць сваё насельніцтва добрай бульбай".

Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў якасць сартоў бульбы беларускай селекцыі. "Новыя сарты, вырашчаныя з прабіркі, іх я і сам апрабаваў, у лабараторыі даследавалі і ў Расіі, і ў нас - цудоўныя", - сказаў Прэзідэнт.

"У нас малайцы вучоныя, Акадэмія навук, вяскоўцы нашы - яны навучыліся вырошчваць добрыя сарты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што многія з навінак апрабаваў асабіста на сваёй прысядзібнай гаспадарцы і застаўся вельмі задаволены: "Гэта цуда-бульба - новыя сарты".

Ён у цэлым даў высокую ацэнку рабоце айчынных селекцыянераў і вучоных-аграрыяў. Галоўнае - усё рабіць па тэхналогіі, і тады практычна пры любых умовах надвор'я і глебах будзе дастойны вынік. "Я вучоных правяраю. Па пшаніцы малайцы. У мяне наверсе пясок (гара), унізе - "балота". І я ўзяў сярэдзіну, думаю, пасею 5 га. Думаю, што яны там зробяць. Ні пустазелля не было, дажджы лілі, - 92 ц/га", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што жаданне іншых краін набываць беларускую бульбу абумоўлена не толькі неўраджаем, але і добрай якасцю прадукцыі. "Яны разумеюць, што гэта самая лепшая бульба. Таму што мы заўсёды займаліся бульбаводствам. Новыя сарты, вырашчаныя з прабіркі, у лабараторыі даследавалі і ў Расіі, і ў нас - яны цудоўныя, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Ужо ў розных краінах, як у народзе кажуць, вывелі бульбу, сеюць абы што. Гадоў дзесяць таму і нам было цяжка, таксама закінулі ўсё, і мы пакрыху з вучонымі аднаўлялі вырошчванне нармальнай бульбы".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што неабходна строга прытрымлівацца абазначанай ім стратэгіі ў рэалізацыі ўраджаю бульбы: спачатку забяспечыць сваё насельніцтва, запоўніць сховішчы, а потым ужо - рэалізаваць на экспарт. "Калі ёсць лішкі ў вяскоўцаў, трэба Белкаапсаюз сарыентаваць цяпер, каб усё гэта выкупілі, каб дапамаглі прадаць, каб калгасы і саўгасы закупілі і прадалі па тых каналах, якія ёсць. У бульбе ў гэтым годзе маюць патрэбу ўсе, і цэны добрыя", - нагадаў ён.

Асобна Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму паставак бульбы ва Украіну, дзе з-за засухі прапала значная частка ўраджаю. "Трэба Украіне дапамагчы, раз у іх была засуха. Можа, яшчэ Прэзідэнт Украіны папросіць і насеннем дапамагчы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі розныя селекцыйныя сарты бульбы, выведзеныя беларускімі вучонымі. У якасці адной з вартасцей была адзначана значна меншая колькасць у саставе нітратаў ад гранічна дапушчальнай нормы. "На гэта таксама ў рабоце звяртаем увагу", - пацвердзіў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім Маханько.

Ён расказаў, што ўсе найноўшыя сарты і распрацоўкі па бульбе ў першую чаргу праходзяць апрабацыю на землях РУП "Талачынскі кансервавы завод": "Гэта наша гаспадарка. 1 тыс. га бульбы". На самім жа заводзе пачалося ўжо будаўніцтва цэха па вытворчасці бульбы фры.

"Традыцыі традыцыямі, але трэба ісці наперад, развівацца. У большасці людзей змянілася стаўленне да бульбы. Аднаму патрэбна бульба, якая добра разварваецца, другому важны іншыя якасці. Мы цяпер навучыліся вырошчваць якасную бульбу, прыгожую, навучыліся ствараць розныя сарты, але наступная наша задача - навучыцца яе прадаваць з максімальнай дабаўленай вартасцю. Наша задача цяпер знайсці іншыя рынкі для збыту бульбы, не толькі расійскі, - падкрэсліў вучоны. - Нашы гаспадаркі, з якімі мы ўзмоцнена працуем, цяпер удзяляюць увагу менавіта якасці. Каб яна была вымыта, адшліфавана. І самая вялікая дабаўленая вартасць - гэта перапрацоўка. За перапрацоўкай бульбы будучыня".

"Нам трэба на гэта ісці. Вельмі правільна гаворыць. Мы бульбу (як культуру. - Заўвага) адрадзілі. А цяпер трэба па-гаспадарску яе давесці да розуму, перапрацаваць і аддаць спажыўцам. Малайцы, што не загубілі бульбу. Мне гаварылі: навошта нам гэтыя інстытуты, бульбаводства... Загубіць проста, а потым адрадзіць складана. Не спыняйцеся, давайце нам новыя сарты", - сказаў у адказ Аляксандр Лукашэнка.

Асобная тэма - вытворчасць малака. ААТ "Азярыцкі-Агра" дэманструе поспехі і ў гэтай сферы, здаючы сваю прадукцыю на прадпрыемства аднаго з вядомых у Беларусі брэндаў. Аднак Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне шырэй. Часам ёсць нараканні, што рэалізаваць прадукцыю праз біржу было б больш выгадна - там цана можа быць на 15% вышэйшай. З іншага боку, ёсць плюсы ў партнёрскіх адносінах з канкрэтным вытворцам.

"Разбірайцеся. Ёсць нюансы - партнёры і гэтак далей. Але добра тое, што і ты (вытворца. - Заўвага), і партнёр (перапрацоўшчык. - Заўвага) у адных руках", - адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым размова ідзе не толькі аб перапрацоўшчыках у дзяржуласнасці, а ў цэлым аб справядлівых умовах работы на рынку для ўсіх прадпрыемстваў.

"Яны павінны разумець, што трэба цану (калі яна расце на рынку) і вяскоўцам даваць вышэйшую. Я не хачу, каб перапрацоўшчыкі па-ранейшаму нажываліся за кошт вяскоўцаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік ААТ "Азярыцкі-Агра" Ніна Жалязнова адзначыла: "Мы выбудавалі адносіны (з перапрацоўшчыкам. - Заўвага) ужо даўно. Гадоў шэсць працуем. Быў перыяд, калі перапрацоўшчык крыўдзіў вяскоўца. У адносінах да сабе я такога сказаць не магу".


Яна расказала Кіраўніку дзяржавы, што ў гаспадарцы вырашылі паспрабаваць вырошчваць і нетрадыцыйныя віды прадукцыі, у тым ліку шампіньёны і лімоны. Эксперымент ужо можна назваць удалым - прадукцыю ў натуральным выглядзе прадэманстравалі Прэзідэнту непасрэдна ў полі.

Ніна Жалязнова падарыла Аляксандру Лукашэнку маладое лімоннае дрэўца. На ім ёсць як ужо амаль спелыя плады, так і завязі з кветкамі, што даволі рэдка сустракаецца. Прэзідэнт з задавальненнем прыняў падарунак, адзначыўшы, што гэта лімоннае дрэва будзе ў далейшым вырошчвацца ў яго ў цяпліцы.

Знаёмячыся з інфармацыяй аб ходзе палявых работ у краіне і ў сталічным рэгіёне, Прэзідэнт пацікавіўся, якім будзе ўраджай буракоў і якая сітуацыя на рынках збыту цукру. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што ўборка буракоў яшчэ толькі пачынаецца, але ўжо можна гаварыць аб тым, што іх цукрыстасць будзе вышэйшай за ўзровень мінулага года. Аднак на традыцыйных рынках збыту назіраецца лішак цукру. У прыватнасці, у Расіі назбіраліся значныя лішкі, таму яна дэмпінгуе, прапануючы цану прыкладна на 50 капеек за кілаграм ніжэйшую, чым у Беларусі.

"Вы мне не пакутуйце. Ваша справа - прадаць тое, што вырасцілі вяскоўцы, - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. - Расія не адзіная ў свеце. Ужо цяпер трэба варушыцца. Не толькі і не столькі ў полі, а шукаць рынкі рэалізацыі. Яны (сельгасарганізацыі. - Заўвага) убяруць, нарыхтуюць, а нам трэба дапамагчы ім прадаць".

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў актыўней весці работу па пошуку новых рынкаў збыту айчыннага цукру. "Думайце, дзе вы будзеце прадаваць цукар, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніцтва Мінсельгасхарча і губернатара Мінскай вобласці. - Зніжаць вытворчасць ні ў якім разе нельга. Пажадана захаваць узровень даходнасці хаця б мінулага года".

На заканчэнне рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборкі бульбы і з перадпасяўной падрыхтоўкай глебы, сяўбой азімага ячменю з прымяненнем беларускай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра знаёмы з гэтай культурай - азімым ячменем. Калі быў кіраўніком сельгаспрадпрыемства, ён займаўся яго вырошчваннем. "Я, напэўна, гектараў 200 высейваў азімага ячменю. Ураджайнасць, вядома, ніжэйшая, чым у іншых культур, але гэта выратаванне, калі няма кармоў, вясной. У канцы мая падыходзіў азімы ячмень", - расказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на добраўпарадкаванне зямель уздоўж нядаўна пабудаваных новых дарог: каб усё было акуратна і па-гаспадарску. Адзін са станоўчых прыкладаў - якраз палі ААТ "Азярыцкі-Агра", дзе пабываў Аляксандр Лукашэнка. Ацэньваючы ўбачанае і падыход да арганізацыі сельгасработ, ён сказаў: "Гэта твар Беларусі. Трэба здымаць кіно".

Прэзідэнт у цэлым падзякаваў кіраўніку гаспадаркі, адзначыўшы, што ў гэтай рабочай паездцы адпачыў душой.