Рабочая паездка ў Слуцкі раён Мінскай вобласці

  • 14

Якасць мясцовых дарог неабходна падняць да ўзроўню рэспубліканскіх. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў 6 кастрычніка, наведваючы з рабочай паездкай Слуцкі раён.

Тэма аб неабходнасці аднаўлення дарог мясцовага прызначэння была ўзнята яшчэ ў красавіку на нарадзе ў Ккіраўніка дзяржавы. Тады было адзначана, што рэспубліканскія магістралі прывялі ў добры стан і цяпер трэба больш актыўна займацца дарогамі ў рэгіёнах. Па выніках нарады Прэзідэнт даручыў прааналізаваць розныя спосабы будаўніцтва дарог, вывучыць міжнародны вопыт.

Аляксандра Лукашэнку падрабязна праінфармавалі аб выніках праведзенай работы, стане мясцовай дарожнай сеткі, перспектывах яе мадэрнізацыі і развіцця. "Нам трэба мясцовую сетку дарог падняць да ўзроўню рэспубліканскіх", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, разам з традыцыйнымі тэхналогіямі па ўкладцы дарожных пакрыццяў з гарачага асфальтабетону, маналітнага цэментабетону распрацаваны і адаптаваны на падставе лепшых замежных аналагаў і іншыя спосабы рамонту дарог, больш сучасныя і тэхналагічныя. З іх асаблівасцямі і перавагамі Прэзідэнт азнаёміўся на практыцы.

Адначасова было адзначана, што беларускія дарожныя арганізацыі не аснашчаны неабходнай тэхнікай для правядзення такіх работ. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў паставіў перад прамыслоўцамі задачу пашырыць лінейку дарожна-будаўнічых машын. Прычым гэта павінна быць тэхніка заўтрашняга дня, падкрэсліў ён. "Няхай пачынаюць. У нас вялікая сетка дарог, яе трэба прыводзіць у парадак. Калі мы будзем увесь час купляць імпартныя машыны, навошта тады наша аўтамабілебудаванне?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Вырашана, што Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства прамысловасці распрацуюць праграму па вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах новых відаў дарожна-будаўнічай тэхнікі і выпуску традыцыйных мадэлей. Дзякуючы гэтай праграме можна будзе больш эфектыўна рэалізаваць задачу па мадэрнізацыі мясцовых дарог. Акрамя таго, новыя ўзоры айчыннай тэхнікі стануць добрым дапаўненнем да экспартнага складніка.

"Каб з будучага года пачалі працаваць па ўсіх гэтых тэхналогіях, не проста паказалі - і забылі", - сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што, калі беларускія вытворцы не могуць стварыць неабходную тэхніку па аналагу замежнай, можна прыстасаваць ужо існуючыя мадэлі да выканання пастаўленых задач. "Але каб мы гэта рабілі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з існуючымі ўзорамі дарожна-будаўнічай тэхнікай вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода, Мінскага трактарнага завода, ААТ "Амкадор". Беларускія машыны, дзякуючы сваёй якасці і запатрабаванасці не толькі ў краіне, але і за яе межамі, дазваляюць у многіх выпадках адмовіцца ад імпарту аналагічнай прадукцыі.

Узнятыя ў час рабочай паездкі Прэзідэнта пытанні аб развіцці дарожнай сеткі цяпер падрабязна абмяркоўваюцца на рэспубліканскім семінары па тэхналогіях рамонту і аднаўлення дарог мясцовага прызначэння. Яго ўдзельнікам стала ў тым ліку кіраўніцтва аблвыканкамаў і дарожных арганізацый.

У цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі таксама было сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Прэзідэнт даручыў губернатару Мінскай вобласці Анатолю Ісачанку навесці ў даручаным яму рэгіёне парадак. "Жалезная павінна быць дысцыпліна. Убачыў, што нешта не так, сказаў адзін раз. Не зрабілі - патрабуй па поўнай і не глядзі, прыватнае прадпрыемства ці не", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на безадказнае стаўленне асобных гаспадарак да пасяўных плошчаў. Так, пралятаючы на верталёце, Прэзідэнт заўважыў, што вялікія ўчасткі з кукурузай аказаліся затоплены вадой. "Гэта сведчыць аб тым, што мы часам не думаем, дзе сеяць і як будзем убіраць. Там, дзе павінны быць травы, вы пасеялі кукурузу, і па калена вада. Вакол нізіна, вада нікуды не пойдзе ўжо", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён папярэдзіў, што за збожжа, што загінула з-за нядбайнасці кіраўнікоў, страхавыя кампенсацыі выплачвацца не будуць.

Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на мяса-малочнай вытворчасці ў Мінскай вобласці, даручыўшы поўнасцю загрузіць магутнасці прадпрыемстваў, дзе ёсць такая неабходнасць. "Слуцк - тыповы раён, дзе мы павінны атрымліваць мяса. Гэта ідэальныя ўмовы для вытворчасці збожжа. Не трэба забываць пра вытворчасць мяса. Без свініны, птушкі, ялавічыны - гэтых традыцыйных відаў - мы не абыдземся", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым прадукцыю неабходна пастаўляць не толькі на ўнутраны рынак, але і на замежны. Напрыклад, аб гатоўнасці купляць беларускія прадукты харчавання на сустрэчы з беларускім лідарам заявіў Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. "Яны заплацяць, яны гатовы сёння ўзяць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Асноўнае трэба пастаўляць на экспарт".

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што не трэба чакаць прыходу інвестараў, якія будуць гатовы вырошчваць збожжавыя культуры на беларускіх землях. Яны імкнуцца хутчэй прадаць вырашчанае збожжа, каб атрымаць хуткі і лёгкі прыбытак. "Але нам жа не так трэба. Нам неабходна вырасціць збожжа, перапрацаваць і атрымаць гатовую мяса-малочную прадукцыю", - абазначыў прыярытэты Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Расію, якая з'яўляецца лідарам па продажы збожжа. У той жа час у краіне пакуль не закрылі патрэбнасць у мяса-малочных прадуктах. "У іх усё прыватнае, а прыватнік не хоча займацца складанай вытворчасцю. Складаная вытворчасць - гэта мяса-малочная, мы гэта добра ведаем. І будзем гэту палітыку праводзіць, не дапусцім таго, каб чалавек прыйшоў - вы да мяне не лезьце, я што хачу, тое і прадаю, на рынку ёсць попыт. Так, ёсць попыт, але мы пакінем насельніцтва без мяса і малака. Наш рынак, расійскі і іншыя сёння патрабуюць мяса-малочную прадукцыю, і мы на гэтым зарабляем грошы, таму павінны ў комплексе падыходзіць да гэтага пытання", - упэўнены беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы асобна было даложана аб вытворча-эканамічным стане саўгаса "Рачкавічы", які ў 1998 годзе быў перададзены ў структуру Беларускай чыгункі. Асноўныя напрамкі дзейнасці прадпрыемства - вытворчасць малака, мяса, вырошчванне збожжавых культур, цукровых буракоў, бульбы.

Нядаўна ў саўгасе пабудавалі дзве сіласна-сянажныя траншэі. Было адзначана, што да работ прыцягваліся падрадныя арганізацыі, таму іх кошт склаў $100 тыс. Калі б траншэі будаваліся гаспадарчым спосабам, гэта сума была б у два разы меншая - $25 тыс. за адзін аб'ект. "Вышэйшай цаны быць не павінна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ніжэй можна, больш - Анфімаву (Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў) матэрыялы, ён адразу туды ідзе правяраць".

Прэзідэнт растлумачыў сваё строгае патрабаванне: "У нас праграма, мы ж цяпер пачнём туды грошы ўкладваць. А ўсе будуць папраўляць сваё матэрыяльнае становішча і пачнуць траншэі будаваць за $200 тыс., а не за $25 тыс."

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, напэўна, не ўсе сельгаспрадпрыемствы ў Беларусі змогуць сваімі сіламі якасна пабудаваць сіласна-сянажныя траншэі. А значыць, ім давядзецца карыстацца паслугамі падрадных арганізацый, якія з-за асаблівасцей сваёй работы завышаюць цану. Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць, якім чынам можна будзе патанніць будаўніцтва ў такіх выпадках.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт удзяліў увагу і развіццю прыватнага бізнесу, азнаёміўшыся з прадукцыяй каменеапрацоўчага прадпрыемства "В.П. Буткоўскі". Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, Беларусь імпартуе вялікую колькасць прыроднага каменю. У сувязі з гэтым ён даручыў прыняць меры па імпартазамяшчэнні гэтай прадукцыі, у прыватнасці, граніту. "Калі мы гэта можам рабіць, значыць, павінны гэта рабіць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, вырашэнне гэтага пытання дазволіць беларускім прадпрыемствам павялічыць аб'ёмы сваёй вытворчасці і дасць магчымасць бізнесу адкрыць новыя кампаніі ў гэтай сферы.