Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 6
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна шырока выкарыстоўваць бетон у дарожным будаўніцтве і ўдзяліць прыярытэтную ўвагу павышэнню якасці міжнародных транзітных аўтамагістралей. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў 3 верасня ў час наведвання ў Мінскім раёне будаўнічай пляцоўкі на адным з участкаў, дзе пройдзе другая кальцавая аўтадарога.

Пры будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі выкарыстоўваецца сучасная тэхналогія ўкладкі цэментна-бетоннага пакрыцця. Кіраўніцтва транспартнай галіны, будаўнікі і праекціроўшчыкі запэўнілі Прэзідэнта, што прынятае ў свой час рашэнне аб пераходзе да маштабнага будаўніцтва дарог з бетонным пакрыццём аказалася правільным. Пры выкананні неабходных тэхналагічных умоў укладкі бетону гарантыйны тэрмін на такія дарогі даходзіць да 25 гадоў пры максімуме 10 гадоў на асфальтавае пакрыццё. Акрамя таго, бетонныя дарогі могуць вытрымліваць большыя нагрузкі і адпаведна прадастаўляюць вялікія магчымасці для праезду цяжкавагавага транспарту.

Прэзідэнт даручыў пашырыць выкарыстанне бетону для ўладкавання аўтадарог у краіне. "Гэтым дарогам быць. І не так, як вы намецілі, а па максімуму", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Немалаважны аспект, які асабліва адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у тым, што для будаўніцтва аўтадарог з бетонным пакрыццём неабходна толькі мясцовая сыравіна, якая ў дастатковай колькасці ёсць у Беларусі, у той час як у вытворчасці асфальту выкарыстоўваецца бітум, што выпрацоўваецца з імпартнай нафты. Такім чынам, адначасова зніжаецца патрэбнасць у дарагой імпартнай сыравіне і павышаецца загрузка мадэрнізаваных у Беларусі цэментных заводаў.

Прэзідэнт запатрабаваў удзяліць максімум увагі будаўніцтву і рэканструкцыі транзітных аўтатрас Беларусі. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, з-за падзей, што адбываюцца ва Украіне, яшчэ больш узрасла значнасць Беларусі ў якасці транспартнага калідора, які звязвае Захад і Усход. "Калі мы прапануем добрую дарогу ў трох-чатырох напрамках, адбою не будзе, і мы будзем мець добрыя грошы за транзіт. Мы акупім усе ўкладанні. Чым хутчэй мы гэта зробім, тым лепш", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час ён ставіў падобную задачу ў сферы развіцця аграпрамысловага комплексу, каб забяспечыць прадуктамі харчавання не толькі насельніцтва Беларусі, але і мець магчымасць пастаўляць значныя аб'ёмы на экспарт. У выніку, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ў рэгіёне, гэта рашэнне апраўдала сябе, і беларуская сельгаспрадукцыя вельмі запатрабавана. Прэзідэнт упэўнены, што і ў далейшым попыт на прадукты харчавання ў свеце будзе толькі ўзрастаць.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб планах па рэканструкцыі і ўзвядзенні рэспубліканскіх дарог у перыяд 2015-2019 гадоў. Згодна з прадстаўленай інфармацыяй, агульная працягласць рэканструкцыі і ўзвядзення такіх дарог складзе больш як 400 км, з іх па параметрах першай катэгорыі - звыш 330 км.

У прыватнасці, абмяркоўвалася завяршэнне рэканструкцыі аўтадарогі ад Мінска да Гомеля на ўчастку Бабруйск - Жлобін, будаўніцтва сучаснай аўтатрасы на Гродна і рэканструкцыя іншых участкаў дарог. Асабліва Кіраўнік дзяржавы ўказаў на важнасць у якасці транзітнага напрамку аўтадарогі на Палессе, якая звязвае Гомель і Брэст. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пры выкарыстанні для патрэб дарожнага будаўніцтва крэдытных рэсурсаў неабходна выбіраць аптымальныя крыніцы фінансавання і прыцягваць сродкі на максімальна выгадных умовах.

Аляксандр Лукашэнка даручыў паскорыць будаўніцтва сучасных аўтамагістралей. Гэта патрабаванне датычыцца і другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска. "Максімум за тры гады гэта кальцо павінна быць уведзена ў строй. Адзін год ужо мінуў. Да 1 студзеня 2017 года кальцо павінна быць гатова", - сказаў Прэзідэнт.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, будаўніцтва праводзіцца ў некалькі этапаў, і кальцо будзе ўключаць як дзеючыя ўчасткі аўтатрас, так і новыя. На гэты момант работы выконваюцца на ўчастку першага этапу будаўніцтва ад аўтадарогі М-3 Мінск - Віцебск да М-6/Е 28 Мінск - Гродна - граніца Рэспублікі Польшча. Працягласць гэтага ўчастка складае больш як 46 км, і ён разбіты на некалькі чэргаў. "У наступным годзе да гродзенскага напрамку ўся дарога павінна быць пабудавана, - сказаў Прэзідэнт. - І потым на ўчастак да перакрыжавання з маскоўскай дарогай у вас застанецца яшчэ год - максімум паўтара".

Асобна Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці разумнага падыходу пры праектаванні дарожнага будаўніцтва і недапушчэння празмернасцей, неабгрунтаваных трат фінансавых рэсурсаў. У гэтым жа ключы было дадзена даручэнне і кантралюючым органам, якія павінны правяраць рэальны кошт работ ужо на этапе будаўніцтва. "Правяраць трэба ў ходзе работ і выпраўляць памылкі, а не тады, калі пабудавалі ўжо. Трэба прайсці і палічыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя будаўніцтва высакакласных аўтатрас Прэзідэнту далажылі і аб магчымасцях выкарыстання бетону пры рамонце мясцовых аўтамабільных дарог, у тым ліку прасёлачных. Для гэтага ўжо не патрэбна дарагая складаная тэхніка, можна выкарыстоўваць традыцыйную, прызначаную для ўкладкі асфальту. Кіраўнік дзяржавы даў станоўчую ацэнку адпаведным прапановам і запатрабаваў таксама больш шырока выкарыстоўваць цэментна-бетоннае пакрыццё пры будаўніцтве розных пляцовак і пад'язных дарог.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта размова таксама ішла аб неабходнасці павышэння лакалізацыі пры вытворчасці дарожнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў Беларусі, асваенні выпуску неабходных агрэгатаў для ўтрымання і абслугоўвання дарог.

З улікам развіцця ў Беларусі дарожнай інфраструктуры Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што на дзеючай МКАД і некаторых участках іншых аўтамагістралей можна разгледзець магчымасць павелічэння дазволенай скорасці руху да 120 км/гадз. Паводле слоў Прэзідэнта, прымаць рашэнне аб устанаўленні тых ці іншых скорасных абмежаванняў на аўтадарогах павінны ў першую чаргу транспартныя службы, а не міліцыя.