Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 19
  • 4:46

Запуск у Беларусі вытворчасці айчынных легкавых аўтамабіляў стаў яшчэ адной яркай старонкай у гісторыі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 лістапада на ўрачыстым адкрыцці новага завода СЗАТ "БелДжы", якое адбылося ў рамках яго рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

Па традыцыі Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё цікавіўся сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна. Закранаючы стан спраў у Барысаўскім раёне і самім Барысаве, губернатар Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка заўважыў, што вялікіх праблем там няма. Паводле яго слоў, у горадзе вядзецца работа над праектаваннем і будаўніцтвам моста, пуцеправода, аб'язной дарогі і школы. Акрамя таго, намечана праграма па развіцці ў раёне сферы аховы здароўя.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на неабходнасць добраўпарадкавання Жодзіна, у наваколлі якога размешчаны магутныя вытворчасці. Прэзідэнт даручыў прывесці гэты населены пункт у парадак і заняцца пытаннямі будаўніцтва жылля. "Ужо неяк не вельмі выглядае гэты гарадок нават на фоне раённых цэнтраў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба прывесці Жодзіна ў парадак, гэта задача ўсім тым, хто будзе працаваць на гэтай пляцоўцы - ад "БелДжы" да "БелАЗа".

Цэнтральнай падзеяй рабочага візіту Кіраўніка дзяржавы стала адкрыццё новага завода "БелДжы". Прэзідэнту далажылі аб арганізацыйна-тэхналагічнай структуры прадпрыемства, яго вытворчым і фінансава-эканамічным стане, а таксама перспектывах развіцця. Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка праінфармаваў, што ў 2017 годзе ўзровень лакалізацыі на заводзе будзе 31,08%. У прыватнасці, легкавыя аўтамабілі камплектуюцца рухавікамі з КПП вытворчасці ТАА "Барысаўскі завод "Джылі", беларускімі і расійскімі акумулятарамі, на іх стаяць шыны, вырабленыя ў ААТ "Белшына". У 2018 годзе запланавана выйсці на ўзровень лакалізацыі 52,27%. Прадугледжваецца, што беларускай вытворчасці будуць таксама пярэдні і задні масты, колавыя дыскі, сістэмы ABS і ESP, а таксама сядзенні.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці, зваркі, зборкі і фарбавання аўтамабіляў, іх тэхнічнымі характарыстыкамі.

Пасля гэтага Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця завода "БелДжы" і пуску лініі серыйнай зборкі айчынных легкавых аўтамабіляў Geely Atlas NL-3. Удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства сталі таксама кіраўнікі дзяржаўных органаў, буйнейшых кітайскіх кампаній і беларускага прадпрыемства.

Затым Прэзідэнт сустрэўся з калектывам завода "БелДжы". Кіраўнік дзяржавы заявіў, што запуск у Беларусі вытворчасці легкавых аўтамабіляў быў яго марай. "Нашы сябры адгукнуліся на маю просьбу і дапамаглі стварыць гэты цудоўны завод. Больш таго, яшчэ і пракрэдытавалі. Таму перш за ўсё я хачу сёння сказаць, што мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыццявілася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што за гэта неабходна падзякаваць кіраўніцтву Кітайскай Народнай Рэспублікі, у прыватнасці Старшыні КНР Сі Цзіньпіну. "Зусім хутка ў мяне з'явіцца такая магчымасць і я асабіста змагу яму падзякаваць за тое, што ён, адгукнуўшыся на маю просьбу, дапамог нам стварыць гэту вытворчасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, запуск завода - гэта толькі пачатак. "Як вы разумееце, вырабіць - гэта не праблема, галоўнае - прадаць. Рынак не проста насычаны, канкурэнты тут па Беларусі і за яе межамі спрабуюць знайсці хоць маленькую нішу, каб прадаць свой тавар. Канкурэнцыя вельмі моцная. І сёння Ураду даручана распрацаваць меры, якія дадуць нам магчымасць прадаваць хаця б 60 тыс. аўтамабіляў на ўнутраным і знешнім рынках. Гэта невялікая колькасць, але 60 тыс. - прыбытковая работа, добрая заработная плата працоўнага калектыву", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паведаміў, што імпартныя аўтамабілі ў дзяржаўных органах Беларусі будуць паступова замяняцца на вырабленыя ў краіне машыны Geely. "Я ўжо забараніў па вертыкалі ўсім дзяржслужачым купляць імпартныя аўтамабілі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў закупілі аўтамабіляў Geely, і цяпер паступова будзе ісці замена - ад Урада да старшыні райвыканкама", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і самі работнікі завода павінны перасаджвацца на вырабленыя імі аўтамабілі. Гэта будзе добрым паказчыкам якасці прадукцыі. "Акрамя мяне, ваша кіраўніцтва разам з прадстаўнікамі Кітайскай Народнай Рэспублікі падумаюць, як прастымуляваць членаў працоўнага калектыву, каб яны перамяшчаліся на гэтым аўтамабілі. Калі вы вырабіце гэты аўтамабіль, сядзеце ў яго і будзеце перамяшчацца, гэта будзе самая вялікая рэклама", - падкрэсліў беларускі лідар.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, гарантыю на беларускія аўтамабілі Geely неабходна павялічыць да 5 гадоў. "Мы ўжо чатыры гады прапануем і 100 тыс. км прабегу, трэба пяць гадоў. Трэба пайсці на гэта", - перакананы ён. Прэзідэнт адзначыў, што прапанаваў падумаць над гэтым кітайскім партнёрам і спецыялістам завода.

Не менш важнае пытанне - сэрвіснае абслугоўванне аўтамабіляў. Ураду было дадзена даручэнне развіваць сетку сэрвісных станцый, якія даўно ўжо функцыянуюць у розных гарадах краіны. "У кожным цэнтры будзе месца для абслугоўвання беларускіх аўтамабіляў, каб чалавек мог свабодна прайсці тэхнічнае абслугоўванне і, калі трэба, рамонт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Далей работнікі завода задалі Аляксандру Лукашэнку пытанні, якія іх хвалююць. У прыватнасці, у Прэзідэнта пацікавіліся, ці плануецца прадугледзець меры стымулявання куплі насельніцтвам айчынных легкавых аўтамабіляў.

"Мы думаем, якія ёсць магчымасці, каб дапамагчы купіць гэты аўтамабіль. Аўтамабіль у сям'і патрэбны. Таму трэба прыдумаць, як вас падтрымаць. Думаю, мы знойдзем добрыя варыянты. У бліжэйшы час дакумент выйдзе", - адказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, прапрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку продаж у крэдыт з адтэрміноўкай плацяжу, лізінг.

Ён падкрэсліў, што дзяржава зацікаўлена ў тым, каб як мага больш беларусаў куплялі айчынныя аўтамабілі. "Але ёсць і іншая мэта - больш вырабіць. Мы ж будзем павялічваць магутнасць у два разы. Думаю, што 60 тыс. аўтамабіляў мы прададзім і пойдзем на 120 тыс., - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хачу, каб гэта прадпрыемства было рэнтабельным. У адваротным выпадку атрымаецца цацка, ваша і мая, на якую будзем глядзець, радавацца і прадаваць 10 тыс. аўтамабіляў у год, не маючы даходу на гэтым прадпрыемстве". Для выхаду на рэнтабельнасць неабходна рэалізоўваць мінімум 35 тыс. аўтамабіляў у год.

Таксама Прэзідэнт адзначыў неабходнасць стварэння на базе завода ўласнага канструктарскага бюро. "Цяпер нам дапамаглі спецыялісты, прыехаўшы са Швецыі, з іншых краін. Але трэба мець сваіх людзей. На першым этапе трэба 10-13 чалавек мець, якія звяжуцца з нашымі канструктарамі з МАЗа, БелАЗа і будуць паціху набываць вопыт, каб мы маглі самі з нуля распрацоўваць дызайн і ствараць аўтамабілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Работнікі завода спыталі ў Прэзідэнта і аб тым, ці плануецца рэканструяваць трасу Мінск-Барысаў, паколькі, на іх думку, якасць і прапускная здольнасць дарогі недастатковыя. Аўтамабільны паток інтэнсіўны з-за таго, што некаторыя жыхары Барысава і бліжэйшых населеных пунктаў ездзяць на работу ў Мінск. Асабліва загружана дарога ў дні правядзення вялікіх футбольных матчаў, якія праходзяць на "Барысаў-Арэне". У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў, што "Барысаў-Арэна" перастане быць месцам правядзення гульняў беларускай зборнай па футболе, калі ў Мінску будзе пабудаваны Нацыянальны стадыён Беларусі. "Мы з дапамогай нашых кітайскіх сяброў - гэта, хутчэй за ўсё, будзе падарунак Сі Цзіньпіна, Старшыні КНР, пабудуем Нацыянальны стадыён Беларусі. Я прасіў Сі Цзіньпіна, свайго сябра, каб ён пабудаваў яго з кітайскім каларытам, каб усе, не толькі беларусы, бачылі, што гэта ўзор дружбы з кітайскім народам. І цяпер ідзе выбар месца", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Адносна рэканструкцыі аўтадарогі Мінск-Барысаў Прэзідэнт паведаміў, што яна пачнецца не пазней за 2020 год. "Гэта дарога маёй маладосці, калі хочаце. Я па ёй шмат разоў ездзіў, калі яшчэ не было аб'язной ад Мінска да Барысава. Тады менш было транспарту, цалкам дастаткова яе было. Сёння па ёй праехаў і думаю, што яна ўжо слабаватая. Але я хутка даехаў, літаральна за 20 хвілін. Ведаю, што вам больш трэба часу. І зразумеў, што дарогу трэба шліфануць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, прыблізны кошт работ складае $150 млн. "Гэта вялікія грошы - лічы, паўзавода. Да 2020 года або ў 2020 годзе мы пачнём прыводзіць яе ў парадак, каб затораў не было. Можа быць, калі грошы з'явяцца, яшчэ дабавім паласу, каб яна была шырокай. Мне хочацца гэту дарогу прывесці ў парадак. Таму што якой бы аб'язной дарогі ні было, гэта дарога патрэбна, яна будзе запатрабавана заўсёды", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пытанне, якое калектыў "БелДжы" задаў Аляксандру Лукашэнку, датычылася занятасці насельніцтва. Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава і далей прадоўжыць дапамагаць беларусам у працаўладкаванні.

"Завод "БелДжы" - гэта прыклад таго, як дзяржава садзейнічае рэалізацыі вашага патэнцыялу. Нідзе, ні ў адной краіне свету Урад і асабліва Прэзідэнт (гэта, вядома, мая работа) не ўдзяляюць столькі ўвагі працаўладкаванню грамадзян, як у Беларусі. Так, недзе ствараюцца рабочыя месцы, але прынцып адзін: збірайся і едзь, не сена да каровы, а карова да сена. А мы стараемся - вось Жодзіна прывядзём у парадак, дапаможам з жыллём, ствараем рабочыя месцы. Я хачу, каб вы і вашы дзеці засталіся тут. Гэта ваша зямля, вы да яе прывыклі. Гэта мая палітыка. Мы робім усё, каб былі працаўладкаваны вы і вашы дзеці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што, наколькі работа будзе высокааплатнай, залежыць ад самога работніка. "Каб атрымліваць добрую зарплату, перш за ўсё трэба атрымаць добрую адукацыю або мець добрыя рукі, тады можна і без адукацыі мець добрыя грошы. Але не курыць, не піць, без наркаты. І імкнуцца працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

"Ішоў па канвееры, глядзеў на маладых хлопцаў. Гляджу і бачу: гэты чалавек прыйшоў зарабіць. Ён прыйшоў і радуецца, што ў яго такая чыстая і акуратная работа. У нас пераважная большасць такіх. І такія заўсёды будуць мець грошы, такім мы заўсёды будзем дапамагаць. Ну а тых, хто хоча туды-сюды мешкаваць, і без дэкрэта нумар 3 прымусім працаваць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што прынята рашэнне ў бліжэйшыя гады прывесці ў парадак вялікія беларускія гарады. "Пачалі мы з Оршы. Гэта раённы цэнтр такі ж, як Барысаў, але толькі праблем там значна больш, таму што ўпусцілі ў свой час. Мы ўзяліся за гэтыя гарады і прывядзём іх у парадак", - запэўніў Прэзідэнт.

Цікавасць у калектыву "БелДжы" выклікалі таксама ўражанні Прэзідэнта ад фіналу Кубка Федэрацыі ў Мінску, у якім беларускія тэнісісткі ўступілі камандзе з ЗША. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў цэлым задаволены падрыхтоўкай беларускіх тэнісістак, але засмучаны іх пройгрышам. "Вы закранулі рану, якая яшчэ не загаілася, пачуццё прыкрасці ў мяне яшчэ захоўваецца, таму што я разумею, што мы маглі выйграць, але не выйгралі", - прызнаўся беларускі лідар.

"Мае эмоцыі вельмі складаныя. Тым больш, я ў свой час гуляў у тэніс і крыху гуляю, разбіраюся ў гэтай гульні. Я бачу крыўдныя памылкі, якія мы дапусцілі, асабліва ў апошняй парнай гульні. Мы цалкам маглі перамагчы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на свой юны ўзрост, беларускія тэнісісткі паказалі дастойныя рэзультаты і могуць процістаяць лепшым спартсменкам свету. "Тое, што нашы дзяўчаты аказалі дастойнае супраціўленне, гэта дзякуючы таму духу, які ў іх ёсць. А мы, мужыкі, наогул нішто. Мы вельмі дрэнна гуляем і ў тэніс, і ў футбол, і ў хакей таксама ніяк пачалі гуляць. Таму ўся надзея на гэтыя кволыя дзявочыя плечы лягла", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падзякаваў беларускам за тое, што прывезлі ў Мінск фінал Кубка Федэрацыі і ўзварушылі настрой людзей. "Адкрыта можам сказаць, што ўсё ж такі яны згулялі вельмі дастойна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падводзячы вынікі, Кіраўнік дзяржавы павіншаваў калектыў завода са стартам вытворчасці. "Мы стварылі свой аўтамабіль, упісалі ў гісторыю нашай краіны яшчэ адну яркую старонку", - заявіў ён.

Пасля заканчэння ўрачыстых мерапрыемстваў кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі Аляксандру Лукашэнку электрамабіль Geely, які пакуль не вырабляецца ў Беларусі. Прэзідэнт запэўніў, што абавязкова пратэсціруе машыну, тым больш яму ёсць з чым параўнаць яе: раней Кіраўнік дзяржавы ўжо апрабаваў магчымасці электракара Tesla.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ лепшым падарункам для яго стане арганізацыя выпуску ў Беларусі надзейных электрамабіляў.