Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць

  • 30

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Гродна, сустрэўся з прадстаўнікамі адоранай і таленавітай моладзі з ліку студэнтаў мясцовых ВНУ.

Наведванне рэгіёна Кіраўнік дзяржавы пачаў з абмеркавання сітуацыі ў сельскай гаспадарцы і праблемных пытанняў у гэтай сферы. Адно з іх - недабор збожжа. Неспрыяльныя кліматычныя ўмовы ў маі-чэрвені адмоўна паўплывалі на вытворчасць раслінаводчай прадукцыі. Ураджаю збожжавых сабрана менш у параўнанні з мінулым годам.

Як далажыў губернатар Уладзімір Краўцоў, недабор фуражнага збожжа можа паўплываць на забяспечанасць кармавой базы ў жывёлагадоўлі. Таму пытанне патрабуе неадкладнага вырашэння.
"Трэба паглядзець, што ў нас у рэзерве. Рэзервы ў краіне добрыя, і, можа, пазычыць гродзенцам, каб ім не давялося траціць грошы, купляючы гэта збожжа. У будучым яны кампенсуюць гэты доўг", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна ўважліва паглядзець на гэту сітуацыю і дасканала ўсё разлічыць.

Пытанні беражлівага падыходу да гаспадарання ва ўсіх сферах былі затым у цэнтры ўвагі ў час наведвання агратурыстычнага комплексу "Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы" Гродзенскага мясакамбіната. Размова ішла аб неабходнасці развіваць населеныя пункты ў сельскай мясцовасці, знаходзіць сферы для іх выкарыстання, у тым ліку ў галіне агратурызму.

"Глядзіце па-гаспадарску на ўсе пытанні і не замахвайцеся на землі, дзе гродзенцы ўмеюць гаспадарыць", - папярэдзіў чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з інфраструктурай агракомплексу, які папулярны як сярод беларускіх грамадзян, так і іншаземцаў. Прэзідэнт паназіраў за тым, як працуюць разьбяры па дрэве, і сам паспрабаваў сябе ў гэтай справе.

Прэзідэнту таксама было даложана аб перспектывах развіцця абласнога цэнтра, у тым ліку мадэрнізацыі інфраструктуры - дарог, мастоў, транспартных развязак. Усё гэта прызначана зрабіць горад яшчэ больш прыгожым і сучасным.

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў тэме стварэння ўмоў у горадзе для заняткаў спортам, у тым ліку па дзіцяча-юнацкім напрамку. Прэзідэнт наведаў спартыўны комплекс "Пышкі", дзе азнаёміўся з арганізацыяй работы крытай лядовай пляцоўкі хакейнага клуба "Нёман" і крытага футбольнага манежа футбольнага клуба "Нёман". Абодва гэтыя аб'екты пабудаваны па прынцыпе паветраапорнай канструкцыі.

Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з кіраўнікамі спартыўных устаноў і юнымі спартсменамі, пацікавіўся існуючымі праблемамі. Ён адзначыў, што неабходна падумаць аб заахвочванні трэнераў, у тым ліку невялікіх дзіцячых хакейных і футбольных каманд, за падрыхтоўку добрых ігракоў. Размова ідзе аб тым, каб заахвочваць трэнераў не толькі за месцы на спартыўных спаборніцтвах, але і за выхаванне спартсменаў, якія будуць выступаць за нацыянальныя зборныя, бо на базе такіх рэгіянальных спартыўных аб'ектаў у тым ліку рыхтуюць будучых элітных ігракоў.

У час размовы са спартсменамі таксама абмяркоўвалася пытанне стварэння дадатковых умоў для трэніровак выхаванцаў дзіцячых і юнацкіх спартыўных школ. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што лепшыя з іх змогуць абараняць гонар краіны на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах.

Адным з галоўных мерапрыемстваў рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі стала наведванне Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо даўно збіраўся наведаць гэту ВНУ і сустрэцца са студэнтамі, а таму яго прыезд стаў выкананнем раней дадзенага абяцання.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з дасягненнямі і перспектывамі развіцця ўніверсітэта. Яму далажылі, што за апошнія гады ў ВНУ значна павялічылася колькасць выкладчыкаў з вучонымі ступенямі і званнямі, актыўна развіваецца сфера пазабюджэтнай дзейнасці. Гродзенскі дзяржуніверсітэт працуе ў рамках эксперыментальнай пляцоўкі па ўкараненні канцэпцыі "Універсітэт 3.0". Яна прадугледжвае не проста падрыхтоўку спецыялістаў, а навучанне іх дзеянням ва ўмовах нявызначанасці, адсутнасці гатовых рашэнняў. У першую чаргу размова ідзе аб навыках прадпрымальніцкай актыўнасці, уменні працаваць над камерцыялізацыяй сваіх навуковых распрацовак. Для гэтага ствараецца практыка-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе, наладжаны сувязі з заказчыкамі кадраў. Не застаюцца ўбаку і працэсы лічбавізацыі.

Студэнты расказалі Прэзідэнту аб сваіх навуковых даследаваннях і прыкладных распрацоўках. У ліку распрацовак вучэбная лічбавая лабараторыя - лічбавыя датчыкі і ўстройствы, якія ўжо выкарыстоўваюцца на занятках па фізіцы ў многіх беларускіх школах. Айчынныя ўстройствы больш кампактныя і танныя ў параўнанні з замежнымі аналагамі, пры гэтым супастаўныя з імі па якасці. Акрамя таго, абсталяванне мае значны экспартны патэнцыял і пастаўляецца ўжо за мяжу. Было таксама прадстаўлена аўтаматызаванае спектральнае абсталяванне для навуковых даследаванняў. Яно таксама запатрабавана за мяжой. Студэнты ВНУ, у прыватнасці, вывучаюць методыку прымянення малекул-маркераў для ранняй дыягностыкі некаторых хвароб, методыку выкарыстання наначасціц для даследавання нафтавых свідравін. Многія распрацоўкі могуць атрымаць развіццё ўжо на базе мясцовага навукова-тэхналагічнага парка.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з праектам "Віртуальная Гродзеншчына". Ён уключае сайт для суправаджэння бязвізавай зоны. Студэнты ствараюць віртуальныя экскурсіі па выдатных мясцінах, але і аб'ёмныя 3D-мадэлі страчаных архітэктурных помнікаў.

Увазе Кіраўніка дзяржавы была прадстаўлена і сеткавая адукацыйная платформа ўніверсітэта - адукацыйны партал. З яго дапамогай студэнты могуць у любы час і ў любым месцы атрымаць доступ да вучэбных матэрыялаў, даведацца аб дзейнасці ВНУ.

У час наведвання ўніверсітэта абмяркоўвалася будаўніцтва для ВНУ дадатковых карпусоў інтэрнатаў. Гэта ў тым ліку дапамагло б больш актыўна прыцягваць на навучанне замежных студэнтаў. Прэзідэнт цікавіўся коштам праекта і адзначыў, што на гэта пытанне трэба паглядзець яшчэ і ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі. "Калі самая вялікая праблема з забяспечанасцю інтэрнатамі, то, вядома, дапаможам тут", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць і прадставіць яму ўсю інфармацыю наконт гэтага, у тым ліку па магчымых крыніцах фінансавання, уключаючы мясцовыя сродкі. У цэлым ён выказаў упэўненасць, што ў хуткім будучым гэта праблема будзе вырашана. На базе ВНУ таксама працуе студэнцкі медыяцэнтр, які ўключае ў сябе тэле- і радыёстудыі, кабінет перыядычнага друку і фатаграфіі. Тут маюць магчымасць займацца і атрымліваць першы журналісцкіх вопыт не толькі студэнты, але і школьнікі.

Ва ўніверсітэце таксама прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з адоранай і таленавітай моладдзю. На яе былі запрошаны і студэнты іншых ВНУ - Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Размова праходзіла ў адкрытым фармаце за круглым сталом. Прэзідэнт шчыра падзяліўся з маладымі людзьмі сваімі поглядамі на ролю моладзі ў фарміраванні будучыні краіны. Абмяркоўваліся такія аспекты, як практыка-арыентаванае навучанне, развіццё прадпрымальніцкіх навыкаў, пытанні якасці і запатрабаванасці як айчыннай, так і замежнай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю адносна падрыхтоўкі ваенных кадраў і па тэме патрыятычнага выхавання моладзі. Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў студэнтам аб уласных успамінах студэнцкіх гадоў, падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі работы на прэзідэнцкай пасадзе і прымаемых дзяржаўных рашэнняў.

У сваю чаргу ўдзельнікі сустрэчы змаглі задаць Прэзідэнту пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць максімальна шчырыя адказы.

Дзелячыся ўражаннямі ад Гродзенскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бываў у гэтым рэгіёне яшчэ ў часы СССР. "Гэта была самая развітая, лепшая вобласць у Савецкім Саюзе. Квітнеючы сад. Я сам як кіраўнік прыязджаў сюды вучыцца вырошчваць бульбу, сеяць збожжавыя, атрымліваць багатыя ўраджаі", - сказаў ён.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, і цяпер Гродзенская вобласць таксама шмат у чым узор для іншых рэгіёнаў. "У Гродне, так, бываю радзей, але гэта таму, што тут добра працуюць. А вось у Гродзенскай вобласці бываю вельмі часта, часам нават ніхто гэтага не бачыць, гляджу, як тут сеюць і ўбіраюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я шчаслівы чалавек як Прэзідэнт, у мяне радзіма - уся мая Беларусь. Частачка майго сэрца ва ўсіх кутках краіны. Так, я нарадзіўся на ўсходзе, атрымліваў тут адукацыю, служыў на заходняй граніцы на Брэстчыне. А з Гродзенскай вобласці пачынаў першую перадвыбарную кампанію", - падзяліўся ўспамінамі Прэзідэнт. Ён дадаў, што цёплыя пачуцці ў яго ўзнікаюць і пры наведванні Гомельскай, Віцебскай абласцей.

А вось студэнцкія гады для будучага Прэзідэнта былі не самымі шчаслівымі, прызнаўся Аляксандр Лукашэнка: "Гэта найцяжэйшыя гады. Я не ведаю, як у вас, але ў мяне было так: і тады, калі я вучыўся, асвойваючы гісторыю, і тады, калі мне давялося займацца эканомікай. Я па складзе гуманітарый, а потым мяне пасадзілі за лаўку і прымусілі вывучаць інфарматыку, вышэйшую матэматыку і іншае, якое ў асноўным мне ў жыцці не спатрэбілася".

У тым ліку таму, сказаў Кіраўнік дзяржавы, ён удзяляе шмат увагі ўдасканаленню вышэйшай адукацыі, спрабуе зрабіць яго практыка-арыентаваным, настойвае на тым, каб час знаходжання ў ВНУ быў скарочаны да мінімуму. "Калі магчыма за чатыры гады атрымаць адукацыю, трэба, значыць, за чатыры, а не за пяць або за шэсць. І ўжо з першага, максімум з другога курса студэнт павінен быць у полі, ля станка, з фотакамерай - у залежнасці ад спецыяльнасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што беларуская сістэма адукацыі павінна рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі. "Сістэма адукацыі павінна заахвочваць ініцыятыву. Гэта патрабаванне сучаснага свету, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Часта мы пакутуем менавіта ад таго, што не ўмеем выгадна прадставіць інтарэсы і магчымасці нашай краіны за мяжой".

Прэзідэнт канстатаваў, што гродзенскія ВНУ з'яўляюцца інтэлектуальным цэнтрам не толькі вобласці, але і па асобных напрамках - усёй краіны. У сувязі з гэтым трэба, каб умовы навучання былі максімальна набліжаны да рэальных умоў будучай дзейнасці.

У Беларусі актыўна выкарыстоўваецца мадэль "Універсітэт 3.0", працуе па ёй і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. "Вынік гэтай праграмы - ваша сённяшняя прэзентацыя. Вядома ж, па тых напрамках, якія былі прадстаўлены, яна ўражвае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для дзяржавы важна своечасова заўважыць студэнтаў з ярка выяўленымі лідарскімі якасцямі, нацэленых на палітычную кар'еру, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Калі вы будзеце арыентаваны і на дзяржаўную службу, я буду гэта толькі вітаць, - сказаў ён. - Кіраўніцкія навыкі трэба развіваць. Для гэтага ў нас існуе Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Цяпер мы фарміруем там цэласную сістэму адбору прэтэндэнтаў на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Я даручыў, каб пакінулі невялікае месца для таго, каб маглі і пасля сярэдняй школы там атрымліваць адукацыю, але толькі самыя таленавітыя і перспектыўныя".

"Пераважная колькасць нашых поспехаў залежыць ад таго, якое кіраванне. Таму буду вельмі рады, калі ў вас з'явіцца дзясятак-другі будучых дзяржслужачых, кіраўнікоў. Мы гатовы іх прыняць у Акадэмію кіравання, таму што гэта будзе зусім новая навучальная ўстанова", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама запэўніў, што дастойных і гатовых да дзяржслужбы маладых людзей у Беларусі будуць усяляк падтрымліваць.

Беларускую адукацыю ў цэлым Кіраўнік дзяржавы лічыць якаснай, канкурэнтаздольнай і запатрабаванай у свеце. А існуючае часам меркаванне, што замежная вышэйшая адукацыя лепшая за беларускую, не апраўдана. "Добра там, дзе нас няма. Гэта не я прыдумаў. Гэта выпакутавана народам, - сказаў ён. - Гэта для таго, каб вас туды зацягнуць, каб вы туды паехалі. А там не танна".

Гэты тэзіс пацвярджаецца тым, што ў беларускіх ВНУ навучаюцца сотні і тысячы замежных грамадзян. Напрыклад, шмат студэнтаў з Кітая. "У іх адукацыйныя цэнтры, багацейшая краіна, але вучацца ў нас. І выяўленчаму мастацтву, медыцыне, і па іншых напрамках. Хоць узровень развіцця ў іх найвышэйшы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што калі па заходніх рэйтынгах беларускія ВНУ могуць займаць апошнія пазіцыі з ліку лепшых, то, напрыклад, па кітайскіх яны знаходзяцца ў пачатку аналагічных рэйтынгаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такая расстаноўка пазіцый у заходніх рэйтынгах у тым ліку накіравана на папулярызацыю ўласных адукацыйных паслуг. "Усё гэта палітыка. Трэба апусціць (іншых), а сябе прыпадняць. Гэта велізарныя грошы. Вы нават уявіць сабе не можаце, якую цану мае адукацыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што трапіць у вышэйшы эшалон грамадства за мяжой немагчыма. "Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога сорту, - падкрэсліў ён. - Дзве тысячы чалавек, якія атрымліваюць там адукацыю, і, можа, палова з іх застаецца, - гэта не праблема для дзяржавы. Але ўсё роўна я як Прэзідэнт хацеў бы, каб нашы маладыя людзі атрымлівалі адукацыю і працавалі тут".

Імкненне часткі беларускай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой непакоіць і патрабуе ўвагі з боку дзяржавы, адзначыў Прэзідэнт. "Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, паедуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю і там застануцца, - растлумачыў ён. - Я вас не агітую за тое, каб вы кудысьці ехалі ці не ехалі. Калі вы ўжо задумалі, то, напэўна, паедзеце або атрымаеце тут адукацыю і будзеце там працаваць. Гэта ваша справа. Але мая вам парада - не спяшайцеся, спачатку разбярыцеся, дзе вам лепш".

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі гатовы і будуць пераймаць усё лепшае, што ёсць у адукацыі на Захадзе, але не слепа капіраваць. "Рэвалюцыі нам не патрэбны. Мы прайшлі ўжо ўсе гэтыя рэвалюцыі, асабліва ў адукацыі", - сказаў беларускі лідар.

"Я катэгарычна супраць таго, каб мы слепа капіравалі чужыя сістэмы адукацыі, у нас свая нядрэнная. Гэту сістэму ламаць не трэба, яе трэба ўдасканальваць, прыстасоўваючы да сучасных умоў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што беларускім ВНУ неабходна працаваць над развіццём вучэбна-лабараторнай базы, будаўніцтвам новых інтэрнатаў, у тым ліку для прыцягнення замежных студэнтаў і экспарту адукацыйных паслуг. Прэзідэнт паведаміў, што ў хуткім часе правядзе нараду, у час якой члены Урада даложаць, як выконваюцца яго даручэнні па развіцці сістэмы вышэйшай адукацыі ў краіне.

Адказваючы на адно з пытанняў, Кіраўнік дзяржавы выказаўся і за развіццё міжнароднага міжвузаўскага супрацоўніцтва. Ён, у прыватнасці, гатовы падтрымаць ідэю аб стварэнні і развіцці сеткавага ўніверсітэта, які ажыццяўляў бы сваю дзейнасць у дыстанцыйнай форме з выкарыстаннем IT-тэхналогій. "Гатовы падтрымаць. Мы ўдзельнікі гэтага сеткавага ўніверсітэта СНД. Па-мойму, дзве ВНУ ў нас пакуль (у гэтым удзельнічаюць)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, такое ўзаемадзеянне ўжо ажыццяўляецца ў плане стварэння сеткавага ўніверсітэта ў СНД - аб'яднанне ВНУ краін Садружнасці. "Ужо вопыт ёсць. Гэта вяртанне да старога, паколькі разарвалі гэтыя сувязі. У гэтым няма нічога дрэннага", - заўважыў беларускі лідар.

Што датычыцца атрымання адукацыі ў такой ВНУ ў дыстанцыйнай форме, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што да гэтага прыйдуць: "Мы цяпер ірванулі за IT, на лічбу ўсё пераводзім. А тут нам што перашкаджае мець стасункі і дыстанцыйна атрымліваць адукацыю ў якім-небудзь іншым універсітэце? Я не бачу тут праблем".

На сустрэчы было адзначана, што такая практыка ўжо выкарыстоўваецца і ў Беларусі. Напрыклад, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае дагавор аб сеткавай падрыхтоўцы з ВНУ ў Баранавічах, у тым ліку асвойваюцца дыстанцыйныя формы падрыхтоўкі. "Калі будзе такая запатрабаванасць, вы заўсёды атрымаеце падтрымку", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным для маладых людзей атрыманне вышэйшай адукацыі, пры гэтым адзначае высокую ролю прафесіяналізму. Нават, здавалася б, у простых прафесіях ёсць свая высокая планка, да дасягнення якой неабходна імкнуцца. "Вышэйшая адукацыя ў жыцці вельмі важна, але да таго ж трэба быць прафесіяналам, - адзначыў Прэзідэнт. - Без адукацыі многія рэчы проста немагчымы".

На сустрэчы са студэнтамі ўзнімаліся і некаторыя іншыя пытанні, не звязаныя непасрэдна з адукацыйнай тэматыкай. Так, размова зайшла аб тэрміновай службе ў арміі, падрыхтоўцы абаронцаў Радзімы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што хлопцы, якія паступаюць у ВНУ, фактычна не праходзяць ваенную службу. "Мы ж ім адтэрміноўку даём, а потым ім пасля таго, як скончаць ВНУ, ужо не хочацца служыць, яны шукаюць розныя спосабы... - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму я цяпер думаю, як хлопцаў, якія паступілі ў ВНУ, падрыхтаваць і зрабіць мужыкамі".

На думку Прэзідэнта, адпраўляць студэнтаў у армію можна на пару месяцаў у час летніх канікулаў. Пасля першага курса яны змогуць атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, пасля другога - асвоіць ваенную спецыяльнасць. "Але ў залежнасці да таго, да чаго ён больш схільны і чым займаецца ў ВНУ. Калі ён радыёэлектронікай займаецца, значыць, будзе С-300 асвойваць", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

Прадоўжыць армейскія зборы можна і на наступных курсах. Так маладыя людзі, не адрываючыся ад вучобы, фактычна пабываюць у арміі. "Пасля заканчэння ВНУ, калі ён панюхае ўжо гэты порах, ён будзе добрым спецыялістам. Ён атрымлівае афіцэрскае званне і недзе яшчэ тры месяцы пасля ВНУ служыць як афіцэр, рыхтуе моладзь і гэтак далей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што рэалізаваць гэта ў Беларусі, кампактнай краіне, не праблема. Аднак ён звярнуў увагу, што гэта ўсяго толькі адзін з магчымых спосабаў вырашэння праблемы. Пакуль прымаць такое рашэнне не плануецца, прапрацоўваюцца розныя варыянты.

"Але мужык павінен умець размаўляць са зброяй. У адваротным выпадку ён не зможа абараніць сваю сям'ю, сваё дзіця, жонку, маці. Гэта ж наша функцыя - абараняць і памерці дзеля жанчыны. Так было заўсёды", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пытанне, якое задалі студэнты, датычылася магчымасці ўвядзення для іх ільгот на праезд у грамадскім транспарце. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не з'яўляецца прыхільнікам такога падыходу, і нагадаў, што раней у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў існавала цэлая сістэма льгот. "Краіна льготнікаў. Нафты і газу няма, як у Расіі. А мы яшчэ з савецкіх часоў... Як паглядзелі, са сталінскіх часоў некаторыя льготы былі", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што калі паўстала пытанне навядзення парадку ў гэтым пытанні, было прынята рашэнне адмяніць усе льготы, а наступным указам устанавіць тым, каму сапраўды неабходна падтрымка.

Больш таго, што датычыцца студэнтаў, ВНУ выдзяляюцца з бюджэту пэўныя сродкі, якімі яны могуць распараджацца і накіроўваць у тым ліку на сацыяльную падтрымку. "Каб яны разам з камсамолам (маладзёжнай арганізацыяй), прафсаюзам і кіраўніцтвам ВНУ вызначылі, каму трэба дапамагчы, і не толькі для праезду", - растлумачыў Прэзідэнт.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка выказаўся за адрасны характар падтрымкі тых, хто ў гэтым мае патрэбу. "Але я не прыхільнік вяртацца да тых ільгот, якія некалі былі", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанне, якой яму бачыцца Беларусь, улічваючы вопыт замежных паездак і атрыманыя ў ходзе іх уражанні. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца адной з лепшых краін для жыцця людзей. Ён у першую чаргу звярнуў увагу на выгаднае геаграфічнае размяшчэнне - на скрыжаванні транзітных шляхоў. Гэта стварае добрыя ўмовы для заработку людзей, эканамічнага развіцця краіны. "Цяпер праз Беларусь рухаецца ўсё. Таму што ціхая, спакойная транзітная краіна. Ну, зрабі паслугу чалавеку, які вязе тавар. Я ўтрыравана гавару: дзесьці адрамантуй машыну, прапануй дранікі яму. У нас на трасе ад Смаленска да Брэста ўсюды добрыя вёскі і гарады, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, мільярдэрам доларавым, як у Расіі, не станеш. І не трэба".

"Я бачу Беларусь як зручную для жыцця. І той, хто хоча тут жыць спакойна, гадаваць сваіх дзяцей і хоча зарабіць, ён гэта заўсёды можа атрымаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заўважыў, што ўсе задаволены быць не могуць. І для таго, каб нечага дабіцца, неабходна прыкласці намаганні, як напрыклад, у час вучобы ў ВНУ. "Той будзе паспяховы, хто, зрываючы ногці і пальцы, карабкаецца на гэту гару, атрымліваючы адукацыю, навучаючыся і атрымліваючы жыццёвы вопыт, займаецца сабой. Той атрымае больш. Усё залежыць ад чалавека", - упэўнены Прэзідэнт.

"У нас добрая краіна. У яе назад дадому хочацца вяртацца", - дадаў беларускі лідар.

На заканчэнне сустрэчы студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падарылі Аляксандру Лукашэнку альбом з гравюрамі гістарычных асоб, жыццё і дзейнасць якіх звязана з горадам. У альбоме размешчаны выкананыя пяром і тушшу гравюры Давыда Гарадзенскага, Вітаўта, Стафана Баторыя, Антонія Тызенгаўза, Алаізы Пашкевіч. Кожнай выяве папярэднічае біяграфія асобы. Аўтар гравюр - выпускнік факультэта мастацтваў і дызайну Віктар Літвінюк. Работы мастака выстаўляліся ў Беларусі і за яе межамі.

Прэзідэнт сфатаграфаваўся на памяць з удзельнікамі сустрэчы. Звяртаючыся да студэнтаў, Аляксандр Лукашэнка пажадаў ім не спяшацца ў прыняцці рашэнняў і не рабіць неразумных памылак. Ён таксама пажадаў маладым людзям не баяцца ставіць перад сабой нават завоблачныя, як ім можа здацца, мэты. "Стаўце перад сабой вялікія мэты. Нават калі вы гэтай мэты не даб'яцеся, калі вы не дойдзеце да гэтай адзнакі, усё роўна, ідучы да яе, вы даб'яцеся большага", - сказаў ён.