Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

  • 8
  • 4:40

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае значны прагрэс, дасягнуты за апошнія два дзесяцігоддзі, у пытанні рэабілітацыі пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 16 чэрвеня, наведваючы Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці.

"Для мяне гэта частка майго асабістага і прэзідэнцкага жыцця. Хоць тут усё перамяшана. Ад болю да станоўчых уражанняў. Я пражыў гэта жыццё разам з імі (жыхарамі пацярпелых тэрыторый)," - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як у першыя гады свайго прэзідэнцтва, так і цяпер прадаўжае рэгулярна наведваць Гомельшчыну, у тым ліку забруджаныя радыяцыяй месцы. "Самае галоўнае - што тут нармальна жывуць людзі, - сказаў Прэзідэнт. - У тыя далёкія часы, калі я прыехаў на другім годзе свайго прэзідэнцтва сюды, людзі былі запалоханы. Многія на гэтым рабілі палітыку, яны ўжо за мяжой сядзяць (жылі на замежныя гранты). Яны з'ехалі, а людзі засталіся жыць".

"За гэтыя 20 гадоў вельмі многае змянілася. Тут людзі жывуць, як і ва ўсёй Беларусі. Гэта самая вялікая для мяне радасць, адзін з вынікаў гэтага прэзідэнцкага перыяду - тое, што зрабіў беларускі народ. Ён не проста захаваў, ён вярнуў да жыцця гэтыя тэрыторыі. Гэта галоўны вынік", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што пытанне аднаўлення і рэабілітацыі пацярпелых ад АЭС тэрыторый асабіста для яго складае вялікую частку жыцця. Менавіта тут даводзілася прымаць самыя сур'ёзныя рашэнні. "Калі мы пачалі асвойваць землі, вельмі шмат было крытыкі ў мой адрас. Тады я вымушаны быў пасяліцца на Прыпяці, пабудаваў драўляны дом", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што вынікі праведзенай работы ў тым ліку адлюстраваны ў эканамічных паказчыках. Так, за мінулыя некалькі пяцігодак у Гомельскай вобласці ўдалося падвоіць і патроіць вытворчасць прадуктаў харчавання ў розных сегментах. "А купляюць толькі чыстую прадукцыю. Вельмі строгі кантроль", - заўважыў Прэзідэнт.

У запаведніку Аляксандр Лукашэнка наведаў нежылую вёску Бабчын, адкуль пасля чарнобыльскай аварыі было эвакуіравана больш за 700 чалавек. Частка існуючых там пабудоў выкарыстоўваецца для патрэб запаведніка. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што пры выкананні неабходных мер засцярогі значная частка тэрыторый па-ранейшаму можа быць задзейнічана для розных відаў гаспадарчай дзейнасці. Сярод іх дрэваапрацоўка, пчалярства, гадоўля племянных коней. Гэтыя напрамкі паспяхова ўжо асвоены спецыялістамі запаведніка, якія ў няпростых умовах тым не менш атрымліваюць нарматыўна-чыстую прадукцыю. Аляксандр Лукашэнка асабіста азнаёміўся з гаспадаркай і прадэгуставаў мёд з мясцовага пчальніка.

Прэзідэнт даручыў і далей развіваць адпаведныя напрамкі, што не толькі дасць магчымасць эфектыўна ўтрымліваць у парадку пацярпелыя тэрыторыі, але і стварыць новыя рабочыя месцы і ўмовы для росту даходаў жыхароў гэтага рэгіёна.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб планах па змяненні межаў запаведніка, са складу якога плануецца выключыць частку тэрыторый і больш актыўна ўключыць іх у гаспадарчы абарот. За гады, што мінулі з моманту аварыі, радыяцыйны фон там значна знізіўся, што абумоўлена фізічнымі працэсамі паўраспаду радыеактыўных рэчываў. Акрамя таго, навуковыя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў даюць магчымасць гарантаваць атрыманне на гэтых землях чыстай прадукцыі, а таксама бяспечнае развіццё мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць і ўнесці на яго разгляд праект адпаведнага ўказа.

Асобнае даручэнне Прэзідэнта датычыцца размеркавання сродкаў, што накіроўваюцца на эканамічнае развіццё пацярпелых тэрыторый. Гэта пытанне, як і раней, павінна адносіцца выключна да кампетэнцыі губернатараў.

Пасля наведвання пчальніка Аляксандр Лукашэнка нечакана змяніў маршрут, прыняўшы рашэнне пабываць і ў тых месцах, якія заставаліся некранутымі з моманту перасялення жыхароў тры дзясяткі гадоў таму. У вёсцы на тэрыторыі запаведніка ён агледзеў адзін з закінутых дамоў.

Прэзідэнт таксама наведаў навуковы цэнтр, азнаёміўся з арганізацыяй лабараторнага аналізу і кантролю радыелагічнай абстаноўкі, агледзеў музей гісторыі запаведніка.

У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Гомельскай вобласці. Ён звярнуў увагу кіраўніцтва рэгіёна на неабходнасць кантролю па трох асноўных напрамках: цэны, занятасць і заработная плата.

Губернатар Уладзімір Дворнік далажыў, што вобласць па выніках паўгоддзя выконвае даведзеныя паказчыкі. Ён таксама ўпэўнены ў добрых перспектывах для далейшага развіцця як у сельскай гаспадарцы, так і ў іншых галінах. Цяпер сярэдняя зарплата ў рэгіёне складае амаль Br700. "Думаю, да канца года мы павінны выйсці на Br950 у цэлым па вобласці", - сказаў Уладзімір Дворнік.

На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў, у тым ліку асабістага характару. Адказваючы на пытанне аб сітуацыі ў сферы цэнаўтварэння, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што праблема росту цэн страціць актуальнасць у бліжэйшы час. "Упэўнены, што калі нам удасца захаваць інфляцыю на гэтым узроўні, то бягучы і наступны гады - і людзі забудуць аб гэтай праблеме", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што па выніку года ўзровень інфляцыі можа быць істотна ніжэйшы за запланаванае значэнне. Пры гэтым ён падкрэсліў, што як скачкападобны рост цэн, так і іх імклівае падзенне негатыўна ўплывае на эканоміку. "Таму калі ёсць рост цэн, то ён павінен быць плаўным і невысокім, калі ёсць спад, то ён павінен быць плаўным і нескарацечным. Пажадана, каб мы выйшлі на інфляцыю 3-4% па годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне датычылася аднаўлення адной з беларускіх святынь - Тураўскага крыжа. "Мы абмяркоўвалі гэту тэму з кіраўніком Банка развіцця Сяргеем Румасам. Я яму даў даручэнне, каб ён з нашымі дзяржаўнымі банкамі падключыўся да гэтага", - сказаў Прэзідэнт.

У 1962 годзе ў час раскопак у Тураве былі знойдзены чатыры абразкі з лікамі святых, якія датуюцца XII стагоддзем. На адным з іх, як мяркуецца, адлюстраваны Кірыл Тураўскі. На думку вучоных, знойдзеныя абразкі размяшчаліся на прастольным крыжы Тураўскага епіскапальнага храма (Тураўскім крыжы). "Гэтыя чатыры абразкі ў вучонага, які знайшоў іх. Яны захаваліся. Мы гатовы выкарыстаць іх на крыжы, які мы адновім у бліжэйшы час", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У размове з журналістамі Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб сваім стаўленні да водпуску і адпачынку. "У Прэзідэнта Беларусі водпуску як такога, звычайнага чалавечага, быць не можа. У мяне няма віцэ-прэзідэнта, і па Канстытуцыі я свае паўнамоцтвы нікому не магу перадаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, нават ад'язджаючы, напрыклад, у Сочы на некалькі дзён, ён падтрымлівае з радзімай пастаянны кантакт, прымаючы ўдзел у вырашэнні важных пытанняў. Што датычыцца адпачынку, Аляксандр Лукашэнка не лічыць, што гэта павінна быць абавязкова звязана, напрыклад, з паездкай на мора. "Адпачынак - гэта змена абстаноўкі і роду заняткаў. Калі ты сёння гуляеш у хакей, заўтра сячэш дровы, а паслязаўтра косіш траву, бегаеш на лыжаролерах і гэтак далей, гэта і ёсць адпачынак для мяне. Я цярпець не магу ляжаць на пляжы і загараць. Для мяне гэта непрымальна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.