Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць

  • 21

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе паскорыць тэмп уборачнай кампаніі. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 10 жніўня ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.

Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Квасевічы" ў Івацэвіцкім раёне. На адным з палёў гаспадаркі Прэзідэнта сустракалі караваем у гонар намалоту ў Брэсцкай вобласці 1 млн т збожжа.

"Адчуваю, што ва ўборку салідна ўсе ўцягнуліся, нікога папракаць не трэба, але 10-15% скорасці трэба дабавіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і гаспадаркі ў прыватнасці, а таксама аб ходзе ўборачнай кампаніі ў існуючых умовах надвор'я і мерах па зніжэнні страт ураджаю.

Аляксандру Лукашэнку расказалі ў тым ліку аб перабоях з адгрузкай сельгаспрадпрыемствам грануляваных калійных угнаенняў. "Ва ўрадзе няхай неадкладна прымуць рашэнне. Просьбу па ўгнаеннях трэба задаволіць", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на забеспячэнні гаспадарак палівам, даручыўшы кантраляваць яго эфектыўнае выкарыстанне.

У цэлым, заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь разлічвае сабраць амаль 10 млн т збожжавых разам з рапсам і кукурузай. "Сёння да вечара мы палавіну збожжа ўбяром", - канстатаваў беларускі лідар.

Было адзначана, што ў гэтым годзе ў Брэсцкай вобласці добры ўраджай рапсу. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў наступным годзе неабходна давесці ўраджайнасць гэтай культуры да 30 цэнтнераў з гектара.

Асобна былі закрануты пытанні вырошчвання лёну. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць поўную загрузку льноперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Уборку збожжавых да 20 жніўня павінны завяршыць усе вобласці, за выключэннем Віцебскай. "Па Віцебскай вобласці дамовімся так: трэба перастаць слухаць заспакойванні кіраўнікоў, губернатара Віцебшчыны. Калі мы бачым, што там добрае збожжа, яго трэба ўбіраць, перакідваць туды тэхніку. Узнікне праблема з сушылкамі. Таму мы адразу з поля забіраем збожжа, вязём на элеватары, перапрацоўваем, не крыўдзячы вяскоўцаў. Збожжа з палёў трэба ўбраць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы далажылі, што дзяржзаказ па збожжы будзе выкананы ў поўным аб'ёме. "Мы 860 тыс. т хочам нарыхтаваць. Давайце дамовімся, што да 1 млн т, можа, крыху больш. Але добрае збожжа, калі ёсць жаданне прадаць, трэба забраць і зрабіць абмен старых рэзерваў - мінулага, пазамінулага гадоў. Стары трэба аддаць на корм, а закласці з новага ўраджаю, таму што збожжа добрае ў гэтым годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Наведваючы рэканструяваную МТФ "Квасевічы", Прэзідэнт даручыў за 2017-2018 гады завяршыць у краіне будаўніцтва малочнатаварных ферм. "У нас іх няшмат засталося, трэба прыкладна $80 млн, але гэта па падліках. А пачнём будаваць, дык і ў $50 млн укладзёмся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што неабходна дазволіць гаспадаркам будаваць фермы зручным для іх спосабам: галоўнае, каб гэта не патрабавала вялікіх укладанняў, а вынік быў якасны. "Хоча гаспадарчым спосабам (гэта значна танней) - значыць, трэба яму дазволіць. Не можа гаспадарчым спосабам - ПМК у кожным раёне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Было падкрэслена, што пабудаваныя фермы павінны быць запоўнены высакаўдойнай жывёлай. Важна таксама займацца пытаннямі захаванасці кармоў.

Як праінфармавалі Прэзідэнта, усяго ў краіне дзейнічаюць больш як 4,1 тыс. малочнатаварных ферм, з іх 1 тыс. 181 рэканструявана і мадэрнізавана. У высокай ступені гатоўнасці больш за 120 ферм. Разглядаюцца варыянты дзяржаўнай дапамогі для завяршэння іх будаўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалькі гадоў таму, калі ў Беларусі ўзяліся за рэканструкцыю і будаўніцтва ферм, апазіцыя крытыкавала гэта рашэнне. "Вывад сёння ўжо ўсе разумеюць: не было б таго рашэння - сёння не засталося б сельскай гаспадаркі. Дык вы хоць грошы маеце. А хто мае добрае малако - наогул добра жыве, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Але тут, трэба сказаць, справа не ў маёй дальнабачнасці - пашанцавала". Было адзначана, што сёння нават праблемныя гаспадаркі за кошт выручкі ад рэалізацыі малочнай прадукцыі забяспечваюць зарплаты сваім работнікам, таксама ў іх застаюцца сродкі на неадкладныя патрэбы.

Пасля азнаямлення з МТФ "Квасевічы" Прэзідэнт вырашыў змяніць запланаваны маршрут і наведаць праблемнае сельгаспрадпрыемства - ААТ "Косава". Першы прыпынак быў зроблены ім на адным з палёў гаспадаркі. Там Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам уборкі збожжа і пагутарыў з экіпажам камбайнераў - сям'ёй Харужых. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ўдасца ім паўтарыць мінулагодні намалот 1 тыс. т. Мікалай Харужы адказаў, што гэта рэальна. Прэзідэнт падарыў Ірыне Харужай букет кветак і пажадаў сям'і поспехаў.

Затым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на малочнатаварную ферму "Старажоўшчына", якая ўжо два гады знаходзіцца на фінансавым аздараўленні. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду адшукаць Br200 тыс. для прывядзення фермы ў ідэальны стан. Зрабіць гэта неабходна да лістапада бягучага года, падкрэсліў ён. Акрамя таго, была пастаўлена задача павялічыць практычна ў два разы колькасць дойнай жывёлы - да 1 тыс. галоў.

Прэзідэнт паабяцаў вярнуцца ў ААТ "Косава" ў лістападзе і праверыць выкананне дадзеных ім даручэнняў.

Кіраўнік дзяржавы 11 жніўня прадоўжыць рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Чакаецца, што ён азнаёміцца з сацыяльна-эканамічным развіццём і добраўпарадкаваннем абласнога цэнтра, будаўніцтвам у горадзе новых мікрараёнаў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.