Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Назаранку Юрыя Генадзьевіча - намеснікам Міністра ўнутраных спраў - камандуючым унутранымі войскамі.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Лукашова Анатоля Іванавіча - старшынёй Дубровенскага райвыканкама;

Пімашэнкі Дзмітрыя Леанідавіча - старшынёй Мсціслаўскага райвыканкама;

Калядка Таццяны Іванаўны - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска;

Лук'янавай Кацярыны Святаславаўны - намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;

Папова Андрэя Аляксандравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г. Гуанчжоу (Кітайская Народная Рэспубліка).

Назначаючы Юрыя Назаранку намеснікам Міністра ўнутраных спраў - камандуючым унутранымі войскамі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён кіраваў адным з элітных падраздзяленняў - Спецыяльным атрадам хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў.

"Гэта вельмі падрыхтаваны атрад. Я добра гэта ведаю, таму што прымаў актыўны ўдзел у яго фарміраванні, калі ён толькі зараджаўся. Мы яго шліфавалі, і я спадзяваўся, што гэта будзе вельмі добры калектыў. Я нічога дрэннага не чуў аб дзейнасці САХРа, толькі станоўчае. Хлопцы заўсёды ў страі. Мы заўсёды мабілізоўвалі атрад для затрымання і нейтралізацыі розных бандзюганаў і іншых", - сказаў Прэзідэнт. Вопыт камандавання гэтым падраздзяленнем, дадаў ён, спатрэбіцца Юрыю Назаранку пры далейшай службе.

"Тое, што вы не кіравалі злучэннямі, не думаю, што гэта вялікі недахоп. Вам не трэба будзе франтамі кіраваць - вам трэба будзе забяспечыць парадак у краіне. Пры неабходнасці, калі давядзецца задзейнічаць нашы ўнутраныя войскі. Гэта ваша прэрагатыва, гэтым вы вызначаецеся і будзеце адрознівацца ад іншых - вам трэба забяспечыць парадак унутры краіны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не дай бог што, мы, людзі ў пагонах, усе пойдзем на фронт, калі пагроза будзе звонку".

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Калядка пайшла на павышэнне, узначаліўшы раённую адміністрацыю.

"Вы цяпер займаецеся выбарамі. Якія недахопы, што яшчэ трэба зрабіць за гэты час, каб выбары дастойна прайшлі? - спытаў у яе Прэзідэнт. - Мы ж не можам паказаць сваю неарганізаванасць. Выбары заўсёды былі ў Беларусі святам. Мы павінны арганізаваць гэты працэс як святочны, але не забываць аб тым, што гэта выбары, што мы выбіраем прадстаўнікоў у парламент".

На думку Таццяны Калядка, кандыдаты ў дэпутаты павінны больш якасна прапрацоўваць свае праграмы і часцей праводзіць сустрэчы з насельніцтвам. Яна адзначыла, што цяпер гарадскія ўлады працуюць над арганізацыяй выбараў, у гэту работу па традыцыі таксама будзе ўключана грамадскае харчаванне, сваю прадукцыю на ўчастках прадставяць вытворцы спажывецкіх тавараў. "У нас вельмі шмат выбарчых участкаў у школах. Мы прадумваем святочныя мерапрыемствы", - дадала яна.

Узгадняючы старшыню Дрыбінскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрыя Пімашэнку на пасаду старшыні Мсціслаўскага райвыканкама, Прэзідэнт пацікавіўся, ці знаёмы Дзмітрый Пімашэнка з новым рэгіёнам і якія задачы стаяць перад кіраўніцтвам. "Раён не мае таго ўзроўню, які павінен мець. Гэта жытніца Магілёўшчыны, і вынікі работы там павінны быць у разы лепшыя. Гэта значыць вы пастаянна будзеце на вачах", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў аб сваім патрабаванні шукаць новыя напрамкі развіцця ў сельскай гаспадарцы. У той жа час, адзначыў ён, не трэба забываць пра тэхналогіі і дысцыпліну, што зарэкамендавалі сябе, у гаспадарках. "Нам патрэбны перш за ўсё эканамічны вынік, патрэбны прыбытак, грашовыя сродкі. У Мсціславе гэта можна мець, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Трэба разабрацца, чым там займацца ў перспектыве, асабліва ў частцы нечага новага".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад рыбную вытворчасць, назваўшы яе вельмі рэнтабельнай галіной. "Рынак - вырабляй не хачу. І ёсць добрыя ўзоры. Чаму мы гэтым не займаемся? Тым больш мы гатовы ў разумных аб'ёмах прафінансаваць, пракрэдытаваць такія праекты", - заявіў ён.

На пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкама ўзгоднены Анатоль Лукашоў. Да гэтага часу ён быў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа ў парламенце - гэта добры вопыт для любога чалавека. "Прынамсі, вы ведаеце, што робіцца наверсе. Для раёна гэта будзе нядрэнна", - падкрэсліў Прэзідэнт.