Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Салаўя Генадзя Міхайлавіча - старшынёй Гомельскага аблвыканкама;

Ліневіча Анатоля Канстанцінавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Віцебскай вобласці;

Гур'янава Аляксандра Яўгенавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сан-Марына па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Шубскага Аляксандра Мікалаевіча - старшынёй Глыбоцкага райвыканкама;

Гутарава Віктара Сяргеевіча - старшынёй Шумілінскага райвыканкама;

Сідарэнкі Аляксандра Мікалаевіча - старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама;

Турука Андрэя Васільевіча - старшынёй Кармянскага райвыканкама;

Круковіча Яўгена Міхайлавіча - старшынёй Валожынскага райвыканкама;

Мельніка Валерыя Віктаравіча - старшынёй Любанскага райвыканкама;

Пілішчыка Сяргея Міхайлавіча - старшынёй Капыльскага райвыканкама;

Бутарава Аляксандра Міхайлавіча - старшынёй Горацкага райвыканкама;

Гулага Міхаіла Уладзіміравіча - старшынёй Кіраўскага райвыканкама;

Палоннікава Сцяпана Іванавіча - старшынёй Круглянскага райвыканкама;

Жыгуцкага Канстанціна Аляксандравіча - старшынёй Асіповіцкага райвыканкама;

Міхалюты Сяргея Валер'евіча - старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама;

Уласевіча Віталя Эдуардавіча - кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска;

Корчыка Дзмітрыя Аляксандравіча - генеральным дырэктарам ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія";

Асмалоўскага Аляксандра Рыгоравіча - старшынёй праўлення ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа";

Кадлубая Аляксандра Уладзіміравіча - намеснікам Міністра адукацыі;

Несцяровіча Сяргея Анатольевіча - Першым намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі;

Якабсона Андрэя Львовіча - намеснікам начальніка Беларускай чыгункі.

Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад мясцовых органаў улады забяспечыць своечасовую выплату і рост заработнай платы ў рэгіёнах.

"Паглядзіце на выплату заработнай платы. Пастарайцеся зрабіць усё, каб гэта заработная плата была калі не дастойнай (усюды гэта не зробіш), то цярпімай, каб людзі разумелі, што сёння ў іх такая зарплата, заўтра пры пэўных умовах яна павінна быць вышэйшая. Абавязкова гэты прырост павінен быць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але не дзеля таго, што ў нас выбары. Людзі вельмі дрэнна ўспрымаюць, калі гэта робіш з нейкай палітычнай нагоды. Гэтага рабіць нельга".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, няхай патроху, але зарплаты, пенсіі і дапамогі ў краіне растуць. "Людзі гэта бачаць, - канстатаваў ён. - Трэба звярнуць увагу кіраўнікоў, што зарплата - гэта святое, гэта асноўная крыніца даходу нашага насельніцтва, яе трэба выплачваць своечасова і забяспечваць рост".

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты і наступны год у Беларусі асаблівыя: пройдуць дзве выбарчыя кампаніі. "Партыйных органаў у нас няма, КПСС няма, гэта значыць асобна палітыкай займацца няма каму. Усё сканцэнтравана ў вашых руках на месцы. Гэта, напэўна, часткова і добра, але дзесьці ўтвараюцца і праблемы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я вас пераканаўча прашу: арганізаваць трэба на дастойным узроўні".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, абстаноўка ў раёнах, куды накіроўваюцца новыя кіраўнікі, у цэлым стабільная. "Людзі нас разумеюць, падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Не без крытыкі, хапае крытыкі. Гэта добра і правільна. Таму трэба размаўляць з людзьмі, ні ў якім разе не павінна быць ніякага націску. Пастаўцеся па-чалавечы да людзей, - сказаў Прэзідэнт. - Зразумела, гэта экзамен, да яго трэба рыхтавацца. Паглядзіце, можа, недзе нешта трэба падчысціць, падняць, не толькі ў аграгарадках і раённых цэнтрах - тут мы больш-менш парадак навялі і рабочыя месцы стварылі".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што асновай палітыкі ўлады на месцах, як і ў цэлым у краіне, павінна быць справядлівае і сумленнае стаўленне да людзей. "Запатрабаванне на справядлівасць нікуды не адышло, яно толькі абвастраецца", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што плануе ў бягучым годзе наведаць паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці. "Бліжэйшы час, нават у гэтым годзе, пабуду на паўднёвым усходзе, я планаваў ужо. Я там праляцеў, паглядзеў, але трэба сесці і грунтоўна паглядзець, як рэалізуецца гэта праграма (па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. - Заўвага). Таму сустрэнемся з кіраўнікамі і абмяркуем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт спытаў, як рэалізуецца яго Указ аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і адпаведная абласная праграма, разлічаная да 2020 года. Яго праінфармавалі, што, у прыватнасці, у Слаўгарадзе ўжо з'явілася некалькі новых прадпрыемстваў у сферах сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся станам спраў у іншых рэгіёнах краіны, асабліва ў плане работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, як паднімаюцца слабыя гаспадаркі. "Як жыве "Аўсянка"? Трэба падцягваць. Гэта адна з мацнейшых гаспадарак была ў нас у Беларусі, не гаворачы пра Горацкі раён. Не як "Рассвет" для Кіраўскага раёна, але вельмі важная, - заўважыў Прэзідэнт. - Горацкі раён - вядучы раён у краіне, яго трэба падтрымліваць. Некалі да "Дажынак" там парадак навялі. Вядома, трэба каб арганізацыя была дастойная".

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і пра Круглянскі раён: "Гэта добры раён, працаваць там можна і патрэбна. Але праблем хопіць. Я раз дваццаць у год бачу раён як на далоні. Там нядрэнная сітуацыя, не з нуля пачынаць. Невялікі раён, і правільны ў свой час быў выбраны напрамак, трэба проста падтрымліваць".

Прэзідэнт адзначыў, што эканоміка ў рэгіёнах абапіраецца ў асноўным на сельскую гаспадарку, таму гэтай галіне трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу. Кіраўнік дзяржавы нядаўна актуалізаваў гэтыя тэмы ў час рэспубліканскай селектарнай нарады па правядзенні ўборачнай кампаніі і рабочай паездкі ў Веткаўскі раён.

"Я чытаю агляды з інтэрнэту: як заўсёды, у нас ёсць "разумныя". Яны нават пакрытыкавалі маю заяву аб тым, што мы павінны імкнуцца да 9,5 млн т збожжа, ніжэй за 9 нельга", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ёсць адпаведныя планы. "У Кіраўніка Адміністрацыі гэта на кантролі, і строга будзем кантраляваць Урад і, вядома ж, вас", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што аграрыі ў гэтым годзе павінны сабраць амаль 700 тыс. т рапсу, прыкладна 7 млн т збожжавых каласавых і 1,7 млн т кукурузы на зерне, а таксама 300-400 тыс. т астатніх культур. У выніку атрымліваецца каля 9,7 млн т ураджаю. "А калі да зернетка ўбяром, дык можам атрымаць 10 млн т, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё тут падлічана. Прытым гэта запланавана Урадам: больш за 9,5 млн т усяго - ад рапсу да кукурузы і да збожжавых, зернебабовых. Таму тут няма нічога асаблівага".

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім патрабаванні ўзяць пад строгі кантроль сітуацыю з падзяжом жывёлы. Ён звярнуў увагу, што ў мінулым годзе ў гаспадарках краіны загінулі 85 тыс. галоў маладняку, а гэта прыкладна 40 тыс. т ялавічыны. "Колькі мы грошай страцілі ад гэтага. Таму адсюль маё строгае патрабаванне, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта нядобра ў наш час, калі валодаем найвышэйшымі тэхналогіямі, калі навучылі тэхналагічна ўтрымліваць не толькі кароў або быкоў на адкорме, свінапагалоўе і птушку, але і паказалі, як трэба працаваць з гэтым маладняком. У нас да гэтага наплявацельскае стаўленне ў асобных гаспадарках".

У час узгаднення назначэнняў новых кіраўнікоў ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія" і ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Пасады, на якія вас назначаюць, для краіны вельмі важны". Прэзідэнт запатрабаваў развіцця Беларускай універсальнай таварнай біржы: "Працуе так сабе, там трэба наводзіць парадак, парадак вельмі строгі і больш, так разумею, неабходна выводзіць тавараў на гандаль праз універсальную біржу".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларускі металургічны завод - адзін з флагманаў краіны, і было нямала зроблена для развіцця вытворчасці. "База ёсць, працаваць можна. Вельмі хацелася б, каб вынік быў". Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў важнасць таго, што трэба ствараць на самім прадпрыемстве рабочыя месцы, а таксама развіваць вытворчасць.

Пры назначэнні памочніка Прэзідэнта - інспектара па Віцебскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што спыніў свой выбар на кандыдатуры Анатоля Ліневіча, таму што той значны час працаваў у сельскай гаспадарцы і добра ведае гэту сферу. "Сёння трэба вельмі сур'ёзна разбірацца з сельскай гаспадаркай (у Віцебскай вобласці. - Заўвага) і, самае галоўнае, не памыліцца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да тэмы магчымага стварэння ў рэгіёне адзінай сістэмы кіравання АПК. Раней у Віцебскай вобласці былі сфарміраваны інтэграцыйныя структуры, якія аб'ядналі па некалькі гаспадарак. Далей абмяркоўвалася неабходнасць падрыхтоўкі праекта па далейшым развіцці сельгасарганізацый вобласці, стварэнні адзінай сістэмы кіравання галіной, каб сканцэнтраваць рэсурсы і практычна на 60% вызваліць арганізацыі ад даўгавога цяжару.

"Каб гэта эпапея не вылілася ў тое, што мы нейкую аддушыну дадзім для стратных гаспадарак, якія так ці інакш аб'ядноўваюцца ў гэтыя структуры", - папярэдзіў Прэзідэнт. Ён звярнуўся да Анатоля Ліневіча: "Хацелася, каб вы, зыходзячы са свайго вопыту, уніклі ў гэту праблему". Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у бліжэйшы час вярнуцца да абмеркавання праекта Указа і прыняць канчатковае рашэнне па ім.

Пры назначэнні старшыні Гомельскага аблвыканкама Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што назначэнне губернатарам не стала нечаканасцю для Генадзя Салаўя. "Мы з табой на гэту тэму гаварылі і па-мужчынску зусім нядаўна, пару дзён таму. Калі бярэшся, значыць ведаеш, куды ідзеш. Працаваў сам, бачыў. Галоўнае, каб быў вынік".

Пры гэтым Прэзідэнт ацаніў сітуацыю ў Гомельскай вобласці як няпростую. "Там цэлы клубок праблем. Мне здаецца, нягледзячы на тое, што гэта самая паўднёвая вобласць, яна больш складаная нават чым Віцебская, на перспектыву. Там трэба вельмі сур'ёзна папрацаваць, пачынаючы ад севазвароту і заканчваючы прамысловымі гігантамі", - растлумачыў ён. У якасці негатыўнага прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў сітуацыю на "Гомсельмашы", калі там былі выпадкі штучнага завышэння эканамічных паказчыкаў. "Не дапускайце ніякай фальсіфікацыі, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Вы бачыце, што адбылося на "Гомсельмашы", калі яны давалі справаздачу, што яны камбайны вырабілі, а там камплекты камбайнаў валяліся на складзе нават не ўкамплектаваныя. І ўсе, пачынаючы ад Румаса, Качанавай, Турчына і заканчваючы кіраўнікамі адміністрацый, там хадзілі і не бачылі, што адбываецца. Тады гераічна даводзіцца пераадольваць тыя перашкоды, якія там узніклі. Не мне вам тлумачыць, што трэба рабіць. Ідзіце і пачынайце працаваць".

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы разам абмяркоўваць шляхі выхаду са складаных сітуацый. "Ёсць праблемы, гаварыце, будзем вырашаць разам. Але ні ў якім разе не трэба ўпірацца ў сценку і спыняцца. Няма ніякіх сцен. Няма сёння ў краіне непераадольных перашкод, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У адной лодцы (мы ўсе знаходзімся. - Заўвага). Апусцілі рукі - на тым месцы брэш. Патонем разам. Таму трэба дзейнічаць, не гледзячы па баках. А калі і паглядзелі, то толькі для таго, каб вывучыць сітуацыю і прыняць решэнне".

Прэзідэнт ахарактарызаваў новага губернатара як чалавека, здольнага дзейнічаць хутка, рашуча, без доўгіх ваганняў. Такія якасці вельмі важныя для кіраўніка, паколькі абстаноўка ў свеце і ў краіне не пакідае магчымасцей для доўгіх дыскусій. "Памыліліся -  па дарозе выправіце, крыху падкарэкціруеце курс. Але часу няма. Выбары адны, выбары другія, будзе няпроста", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.