Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Панамарова Аляксандра Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Венгрыі і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне;

Слуку Юрыя Алегавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Іарданскім Хашыміцкім Каралеўстве і Ліванскай Рэспубліцы;

Ржавускага Андрэя Іосіфавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя і па сумяшчальніцтве ў Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспубліцы Шры-Ланка;

Сямашку Уладзіміра Ільіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве паўнамоцным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Эканамічным савеце СНД і пры АДКБ, спецыяльным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД, АДКБ;

Дабрэгу Кірыла Віктаравіча - намеснікам старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Рабкаўца Івана Рыгоравіча - старшынёй Пінскага гарвыканкама;

Быкава Алега Пятровіча - старшынёй Шумілінскага райвыканкама;

Салаўя Генадзя Міхайлавіча - першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;

Бараноўскага Андрэя Анатольевіча - старшынёй Акцябрскага райвыканкама;

Дзеркачова Юрыя Мікалаевіча - старшынёй Чачэрскага райвыканкама;

Кароціна Мікалая Мікалаевіча - першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама;

Наўныкі Валерыя Мікалаевіча - рэктарам установы адукацыі "Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт";

Шагідзевіча Арцёма Артуравіча - рэктарам установы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі";

Дразда Паўла Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб'яднання электраэнергетыкі "Белэнерга";

Лазарэвіч Надзеі Анатольеўны - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш";

Карчэўскай Наталлі Уладзіміраўны - першым намеснікам Міністра культуры;

Шарамецьева Сяргея Іванавіча - намеснікам Міністра культуры;

Шатраўкі Валянціна Генадзьевіча - першым намеснікам Міністра лясной гаспадаркі;

Крэча Уладзіміра Іванавіча - намеснікам Міністра лясной гаспадаркі;

Селіверстава Юрыя Міхайлавіча - першым намеснікам Міністра фінансаў;

Белкаўца Андрэя Міхайлавіча - намеснікам Міністра фінансаў;

Чарвякова Аляксандра Віктаравіча - першым намеснікам Міністра эканомікі;

Ярашэвіча Дзмітрыя Віктаравіча - намеснікам Міністра эканомікі;

Раянтовіча Сяргея Віктаравіча - намеснікам Міністра энергетыкі;

Васільева Аляксандра Паўлавіча - членам Гомельскага аблвыканкама.

Пры ўзгадненні назначэнняў новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся сітуацыяй у тым ці іншым рэгіёне.

Што датычыцца кандыдатуры Івана Рабкаўца на пасаду старшыні Пінскага гарвыканкама, Прэзідэнт пацікавіўся, чаму ён прыняў рашэнне памяняць работу ў Мінску на Пінск. "Гэта дэпутат ад Пінска. Ён сказаў, што любіць гэты горад, сваю малую радзіму, і разумее, што можа прынесці больш карысці менавіта там", - адказала Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, якая прадстаўляла новыя кадры.

"Калі так, я толькі вітаю, калі чалавек вяртаецца на сваю малую радзіму, каб навесці там парадак. Хоць я не магу сказаць, што Пінск у нас дрэнны горад. Але ён вельмі важны, стаіць у шэрагу тых гарадоў, якія намі будуць вельмі сур'ёзна прааналізаваны і мадэрнізаваны. Вам трэба будзе нямала там зрабіць, і мы будзем гэты працэс падтрымліваць", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Новага першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя (раней - старшыню Нясвіжскага райвыканкама) на гэту пасаду ў тым ліку рэкамендаваў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, з чым звязана неабходнасць пераводу з адной вобласці ў іншую.

Наталля Качанава ў сувязі з гэтым растлумачыла, што Генадзь Салавей мае вялікі вопыт работы ў сельскай гаспадарцы, шмат гадоў працаваў на пасадзе кіраўніка раёна.

"Там у нас была праблема з назначэннем намесніка па вёсцы, ды і з вёскай у нас там, напэўна, будуць пытанні па выніках гэтага года. Я ў курсе справы. Калі віцэ-прэм'ер рэкамендуе, вельмі вялікая на вас адказнасць, таму што ў Гомелі свежым вокам трэба паглядзець на сітуацыю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дворнік (старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. - Заўвага) вельмі добра разбіраецца ў сельскай гаспадарцы. Але патрэбны свежы погляд, новыя ідэі і думкі, менавіта на поўдні краіны. Там сітуацыя зусім іншая - кліматычная перш за ўсё, ды і землі іншыя. Я вельмі чакаю ад вас рэзультату на Гомельшчыне".

Прэзідэнт пазітыўна ацаніў і прапанову аб назначэнні Андрэя Бараноўскага на пасаду старшыні Акцябрскага райвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў старшынёй камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама. "Гэта станоўча, калі людзі не трымаюцца за вялікія гарады і пэўныя пасады, а ідуць працаваць на месцы. Так заўсёды было ў нас у Беларусі ў савецкі час", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Юрыю Дзеркачову, які ўзгоднены на пасаду старшыні Чачэрскага райвыканкама, Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу адрасаваў пытанні наконт яго работы ў Добрушскім раён на былой пасадзе. "З вашага пункту гледжання, што за праблема з Добрушам з будаўніцтвам (завод мелаваных і немелаваных відаў кардону ў філіяле "Добрушская папяровая фабрыка "Герой працы". - Заўвага)?" - задаў пытанне беларускі лідар.

Юрый Дзеркачоў адзначыў, што гэта прадпрыемства горадаўтваральнае, і выказаў упэўненасць, што ў хуткім часе ўдасца запусціць вытворчасць. "Пабудаваны інтэрнаты, усё гатова да таго, каб прыняць рабочыя кадры, рэсурсы. Праблема невялікая з абсталяваннем па ўводзе - наладка. Пытанне вырашаецца на ўзроўні міністэрства. Патрэбна арганізацыя, якая правядзе наладку гэтага абсталявання", - расказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя праекты, уключаючы добрушскі, павінны быць на кантролі. Сітуацыю з рэалізацыяй шэрага важных інвестыцыйных праектаў плануецца абмеркаваць у пачатку наступнага года.

"Трэба, каб мясцовыя органы ўлады акунуліся ў гэту праблему", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Асобна Кіраўнік дзяржавы актуалізаваў і задачы перад Мікалаем Кароціным (раней - дырэктар РУП "Праектны інстытут "Магілёўдзіпразем"), які будзе працаваць першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. На новай пасадзе ён будзе ў першую чаргу курыраваць сферу сельскай гаспадаркі. "Там вельмі шмат пытанняў. Але я ўжо гаварыў - вы ўмееце працаваць. Тое, што вы зрабілі вакол Магілёва - кіламетраў на 50-70, я параўноўваю ўжо з Гродзенскай вобласцю. Значыць, умееце працаваць. Трэба зрабіць гэта па ўсёй вобласці. Як у Гомелі па сельскай гаспадарцы, так і ў вас у Магілёве не менш праблем", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры вырашэнні кадравых пытанняў адносна кіраўнікоў на месцах падкрэсліў, што ў перыяд маючых адбыцца ў Беларусі электаральных кампаній работа выканаўчай вертыкалі павінна ажыццяўляцца эфектыўна і без збаўлення абаротаў. "Будучы год - гэта год сур'ёзны. У нас пачынаецца палітычная "вакханалія", якая прадоўжыцца мінімум паўтара года. І выбары парламента, і прэзідэнта. Яны ніколі не дабаўлялі стабільнасці і спакою ў нашым грамадстве. Нам трэба ва ўласцівай манеры прайсці гэты этап, не скінуўшы абароты. Народ нам гэта не даруе. Палітычная кампанія - гэта экзамен. Таму нам давядзецца здаваць і адзін, і другі экзамен, і даваць справаздачу перад народам. Нашы людзі ўмеюць запатрабаваць. Да гэтага трэба быць гатовымі і дакладна кіраваць тымі працэсамі, якія будуць у сферы вашага ведання", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы асабліва арыентаваў чыноўнікаў на канкрэтнае вырашэнне праблем людзей у тых ці іншых сферах, вырашэнне задач па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва. "Я за свой перыяд прэзідэнцтва бачыў розныя народы. Якія б ні былі беларусы, лепшых за нашых людзей няма. Гэта не распешчаныя, а цярплівыя людзі, якія ўмеюць працаваць. Адпаведна і мы павінны рабіць. Мы павінны адпавядаць свайму народу. Таму стаўцеся па-чалавечы да людзей. Там, дзе трэба прымусіць працаваць кагосьці, - прымусьце. Каму трэба дапамагчы - дапамажыце", - сказаў Прэзідэнт.

"Галоўнае - гэта дзеці. Паглядзіце і сістэмы дашкольнай, школьнай адукацыі. Аздараўленне, лячэнне, піянерскія лагеры, каб будучыня нашай Беларусі была нармальнай і здаровай. Усё астатняе вы ведаеце. Эканоміка - аснова ўсяго. Будзе эканоміка, значыць, усё астатняе, што я сказаў, будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што новыя кіраўнікі - гэта маладыя перспектыўныя кадры. "Гэта вельмі добра. Адзінае, аб чым я вас папрашу: каб вы, прыйшоўшы на работу, не займаліся паднашэннем нейкіх папер. Вы - кіраўнікі, і ў рот глядзець, нават начальству, забараняецца. Вы павінны прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Таму што намеснікі старшынь аблвыканкамаў і кіраўнікі мясцовых органаў улады - гэта наша асноўнае звяно, ад якога залежыць развіццё краіны", - заявіў беларускі лідар.

"Дысцыпліна павінна быць. Але вы не маўклівыя людзі. Працаваць па прынцыпе "што загадаеце?" катэгарычна забараняецца. Вы павінны быць актыўнымі ў прыняцці рашэнняў. Вы спецыялісты, у вас немалы вопыт работы, жыццёвы вопыт. Дзейнічайце. Не чакайце з мора пагоды, што вам нехта нешта дасць. Разлічвайце на тое, што ў вас ёсць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў абсалютную нецярпімасць да карупцыі. "Барацьба з карупцыяй - гэта непахіснае маё патрабаванне і мае дзеянні з першага дня майго прэзідэнцтва. Не таму, што я хачу паказацца такім крутым. Пытанне не ў гэтым, - сказаў Прэзідэнт. - Карупцыя з'ядае ўсё. Гэта ржа. Нашы людзі, якія прывыклі да справядлівасці, ніколі не даруюць начальнікам крадзяжу, казнакрадства, хабарніцтва і іншых карупцыйных праяў".

"Колькі б я ні гаварыў, але пастаянна мы адпраўляем у следчы ізалятар дзясятак-паўтара начальнікаў у год. Гэта ненармальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што лічыць карупцыю недапушчальнай з'явай і ніколі не стане на абарону тых, хто ў гэтым замяшаны. "Я неяк сказаў: "Мужыкі, лепш бядней, але на волі", - адзначыў ён.

У час разгляду кандыдатур па назначэнні новых паслоў Беларусі ў замежных краінах Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пасол у Расіі павінен валодаць надзвычайнымі паўнамоцтвамі, улічваючы важнасць беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

"Яшчэ раз трэба паглядзець паўнамоцтвы пасла ў Расійскай Федэрацыі. Я разумею, што рэгалій у яго тут хапае. Не трэба тлумачыць, што такое для нас Расія: гандлёва-эканамічныя адносіны і культурныя, гуманітарныя, наогул агульначалавечыя. Я яму (Уладзіміру Сямашку. - Заўвага) ужо гаварыў, калі мы абмяркоўвалі раней гэтыя праблемы. Ён павінен валодаць надзвычайнымі паўнамоцтвамі, у яго павінен быць прамы доступ да Прэзідэнта ў любы час па тых пытаннях, якія датычацца нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй. Ён не павінен патануць у нашай бюракратыі. Як гэта зрабіць, што трэба... Ён пачне працаваць і ўнясе канкрэтныя прапановы, што трэба для таго, каб у поўным аб'ёме ажыццяўляць паўнамоцтвы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, назначаючы Уладзіміра Сямашку на пасаду кіраўніка беларускай дыпмісіі ў гэтай краіне.

"Калі будуць якія-небудзь праблемы, прапановы, пытанні - званок, прыехаў сюды, сустрэліся, абмеркавалі. Я не думаю, што павінны быць нейкія бар'еры на шляху", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Уладзіміра Сямашкі.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што абмяркоўваў назначэнне Уладзіміра Сямашкі і з расійскім лідарам. "Я і Пуціна папярэдзіў. Мы з ім абмяркоўвалі, прытым прадметна, кандыдатуру Сямашкі. Ён так з усмешкай гаворыць: "Ну, я чакаю Уладзіміра Ільіча ў Маскве", - расказаў кіраўнік дзяржавы. "Я, кажа, з задавальненнем, няхай прыязджае ў Маскву Уладзімір Ільіч, мы ведаем яго добра. Гэта значыць, вельмі пазітыўнае было стаўленне", - перадаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам Расіі.

Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў задачы, якія стаяць перад паслом у Расіі, і самая галоўная - гэта пераадоленне вялікага адмоўнага сальда ва ўзаемным гандлі. "Калі мы яго не вырашым, пра якія беларуска-расійскія адносіны можа ісці размова? Мы не можам далей увесь час хадзіць і гаварыць: ай, добра, пачакаем. $7 млрд (ці колькі там) дэфіцыт у нас гандлёвы", - канстатаваў ён.

Уладзімір Сямашка ў сувязі з гэтым выказаў меркаванне, што такое пытанне трэба вырашаць з двух бакоў. З аднаго боку, неабходна мінімізаваць кошт энергарэсурсаў у рамках рэалізацыі дамоўленасцей у інтэграцыйных фарматах, а з другога - нарошчваць экспарт розных тавараў на расійскі рынак.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей таксама адзначыў, што ёсць магчымасць нарошчваць пастаўкі тавараў у Расію, уключаючы запатрабаваную прадукцыю сельскай гаспадаркі, тэхніку, якія часам завозяцца туды з далёкіх трэціх краін. "Таму ёсць канкрэтны прадмет перагавораў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць развіцця супрацоўніцтва і з Венгрыяй, Сірыяй і Індыяй, дзе інтарэсы Беларусі таксама будуць прадстаўляць новыя дыпламаты.

У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы адзначыў узаемную цікавасць да далейшага ўзаемадзеяння з Венгрыяй.

Што датычыцца Сірыі, Прэзідэнт выказаў меркаванне, што рэальныя падзеі ў гэтай краіне часам перабольшваюць: "Я атрымліваю інфармацыю не толькі са СМІ. Думаю, што там можна працаваць, і ўмовы там для пасла не горшыя, чым у іншых краінах".

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў добрыя адносіны з сірыйскім Прэзідэнтам Башарам Асадам, з краінай у цэлым. "У Сірыі мы не можам не працаваць. У нас наогул з імі бліскучыя адносіны былі яшчэ з часоў Хафеза Асада (былога Прэзідэнта Сірыі. - Заўвага). Сірыя - гэта вялікія інвестыцыі, аднаўленне краіны, вельмі пазітыўнае стаўленне", - сказаў беларускі лідар.

Гаворачы пра Індыю, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў новага пасла, што адпачываць на гэтай пасадзе не давядзецца: "Краіна такая, што нам трэба наладжваць з ёй больш цесныя адносіны. Здаецца, і на высокім узроўні ў нас палітычныя кантакты, але ўзровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва абсалютна не адпавядае нашым жаданням".

Прэзідэнт запатрабаваў больш актыўна дзейнічаць у плане рэалізацыі былых дамоўленасцей, у тым ліку правесці інвентарызацыю ў гэтым пытанні. "Мы гаворым аб дыверсіфікацыі рынкаў - куды як не ў Індыю ісці", - заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка разам з гэтым дадаў, што, выходзячы на новыя рынкі, нельга страчваць пазіцыі і на традыцыйных, у прыватнасці расійскім: "Гэта побач, нас там ведаюць".

Прэзідэнт таксама ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў дзвюх дзяржаўных арганізацый - "Белэнерга" і холдынга "Бабруйскаграмаш".

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Паўла Дразда цяперашнім станам спраў у аб'яднанні, структурай і месцам у энергетычнай сістэме краіны. У прыватнасці, абмяркоўваліся магчымыя напрамкі ўдасканалення структуры "Белэнерга", што дасць магчымасць знізіць затраты і ў цэлым павысіць эфектыўнасць работы. "Калі мы ідзём на якую-небудзь рэформу, мы павінны бачыць мэту і рабіць гэта не дзеля рэформы, а дзеля нейкага эфекту. Вядома ж, галоўны эфект - зніжэнне затрат", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым анансаваў маючую адбыцца ў бліжэйшы час нараду, прысвечаную пытанням работы энергетычнага комплексу.

У Надзеі Лазарэвіч Прэзідэнт спытаў пра сітуацыю на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у склад "Бабруйскаграмаша", шляхах іх далейшага развіцця, а таксама холдынга ў цэлым. "Калі ў вас атрымаецца, я буду толькі рады. Трэба ўзяць на кантроль і падтрымліваць. Сельгасмашынабудаванне - гэта наш твар", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адобрыў планы па асваенні выпуску новых відаў прадукцыі і ў сувязі з гэтым адзначыў важнасць імпартазамяшчэння. "Мы страчваем велізарныя грошы па імпарце", - падкрэсліў беларускі лідар. Гэта праблематыка ўзнімалася ў тым ліку ў ходзе нядаўніх рабочых паездак Прэзідэнта, наведвання прадпрыемстваў у рэгіёнах. "Прыязджаю на "Гомсельмаш", яны мне пачынаюць: чаму мы гэты інструмент купляем за такія грошы, у нас жа інструментальны свой завод (у Оршы. - Заўвага)" - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў холдынгу "Салеа", дзе да гэтага часу на кіруючай пасадзе працавала Надзея Лазарэвіч, якраз ёсць пазітыўны вопыт работы ў напрамку імпартазамяшчэння па стварэнні айчыннай гідраўлікі.

"Імпартазамяшчэнне - гэта адна з задач, якая дасць добры эфект краіне", - дадаў Прэзідэнт.