Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Дарошку Сяргея Іванавіча - начальнікам Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама;

Будзіка Уладзіслава Міхайлавіча - начальнікам 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Мінску заўсёды на належным узроўні забяспечваецца грамадскі парадак і яго жыхары адчуваюць сябе ў бяспецы. Так павінна быць і ў далейшым, падкрэсліў ён. "Гэта сталіца, мы не можам страціць свой твар. Мы заўсёды ганарымся тым, што ў нас Мінск - прыгожы горад, але самае галоўнае, што жанчына ў любы час дзіця ў каляску пасадзіла і пайшла гуляць па вуліцы - да яе ніхто не мае права дакрануцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт асобна спыніўся на дзейнасці міліцэйскіх патрулёў, канстатаваўшы, што такая практыка ўжо даўно станоўча сябе зарэкамендавала. "Добрая практыка, калі выходзяць нашы хлопцы з вайсковай часці, амоўнаўцы, ідуць, дзяжураць тры хлопцы. Гэта дэманстрацыя насельніцтву, што ў нас парадак. І ваенным трэба гэтаму вучыцца, калі яны патрулююць горад. Яны будуць разумець, што патрэбны людзям, а людзі, гледзячы на іх, будуць разумець, што ў горадзе спакойна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што дзеянні міліцыі па спыненні беспарадкаў і спроб дэстабілізаваць абстаноўку павінны быць рашучымі. "У вас павінна быць самая жорсткая палітыка, да двух лічыць вы не павінны. Вы бачыце, што вакол адбываецца. Калі мы тут аслабім патрабаванні да бяспекі нашых людзей, захлісне нас імгненна, прытым з усіх бакоў, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Вы павінны разумець, што вы пад кантролем не толькі ў свайго начальніка. Вы заўсёды павінны адчуваць нават у спіну мой погляд, таму што я звяртаю ўвагу на ўсе пытанні: ад паставога міліцыянера, які забяспечвае праезд картэжу, да дзяжурства вашых хлопцаў у горадзе. Таму я і хачу, каб ніхто потым камень у ваш бок не кінуў".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ацэньвае назначэнне Сяргея Дарошкі начальнікам сталічнага ГУУС намеснік Міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, які раней займаў гэту пасаду. Было адзначана, што ён падтрымлівае гэту кандыдатуру. "Вы ведаеце, што такое Мінск: там не схаваешся за спіны, там трэба ісці наперадзе. Трэба сказаць, што Барсукоў, дзе б ён ні працаваў, калі ён быў звязаны з горадам, ніколі не падводзіў. Ён заўсёды наводзіў парадак", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы стан спраў ва Узброеных Сілах, Прэзідэнт назваў здарэнне, што адбылося гэтай восенню ў 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры, катастрофай. "Я не перабольшваю. Усякае ў арміі бывае, але ў беларускай арміі гэта катастрофа, таму што мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына. Яно сапраўды так. Я далёкі ад таго, каб гэта пляма лягла на ўсю армію, як там некаторыя нашы апаненты папісваюць у інтэрнэце. Гэта армія. Зразумела, што гэта асаблівая, суровая служба, і яна заўсёды будзе такой. Але дзедаўшчына недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што вельмі востра рэагуе на такія выпадкі ў беларускай арміі. "Нам бацькі аддаюць самае дарагое, што ў іх ёсць. А атрымліваюць што?" - задаў ён рытарычнае пытанне.

Прэзідэнт заўважыў, што ў структуры МУС выпадкі дзедаўшчыны не адзначаюцца. "Там па-чалавечы ставяцца да маладых людзей, і амонаўцы дай бог падрыхтаваныя. Таму бярыце прыклад там, як трэба з моладдзю размаўляць. Адносіны павінны быць чалавечыя, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба баяцца, каб лішні раз бацькі прыехалі, асабліва ў гэты перыяд, калі яны (навабранцы) знаходзяцца ў вучэбным цэнтры. Можа, нават часцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз у месяц на дзень-два паедзе і дома пабудзе?"

Ён нагадаў, што калісьці маладых людзей, калі яны былі адзінымі дзецьмі ў сям'і, маглі і не прызываць у армію. "Трэба прааналізаваць гэту практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. З іншага боку, канстатаваў ён, многія бацькі з задавальненнем адпраўляюць дзяцей служыць, паколькі армія - добрая школа жыцця. "У мяне дзеці служылі ў спецпадраздзяленнях і поўзалі на граніцы так, як трэба. Але яны прайшлі праз гэта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт падкрэсліў, што такая закасцянеласць у беларускай арміі недапушчальная. "Я спадзяваўся, што вы з гэтымі пытаннямі справіцеся, а вы іх не бачыце пад бокам, у Барысаве. Гэта катэгарычна непрымальна, - заявіў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Міністра абароны Андрэя Раўкова. - Ніколі не было такой плямы на арміі, як у сувязі з гэтым".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даручыў праваахоўным органам абавязкова дапускаць маці загінулага ў ваенным гарадку Печы ваеннаслужачага Святлану Коржыч да следчых мерапрыемстваў. "Калі яна хоча некаму задаць пытанне, няхай задасць. Утойваць не трэба, як бы там сітуацыя ні разгортвалася. І я вас перасцерагаю ад дачасных вывадаў. Усё павінна быць сумленна", - звярнуў увагу ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў стойкасць, з якой жанчына перанесла гэта гора. "Наогул яна малайчына, абсалютна адэкватны, разумеючы чалавек. Не ведаю, як бы я на гэта рэагаваў. Барані бог каму-небудзь такое перажыць. Але яна майму прадстаўніку гаворыць: "Я не хачу, каб нехта быў прыцягнуты да адказнасці несправядліва". Зразумела, калі мы несправядліва каго-небудзь прыцягнем да адказнасці, мы пародзім яшчэ адну праблему: пакрыўдзім чалавека, які не ўчыняў гэта злачынства. Таму яна павінна быць дапушчана да следчых дзеянняў, няхай гэта ў законе не прадугледжана, не важна. Гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, раней ім таксама было дадзена даручэнне Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку і Старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку сустрэцца са Святланай Коржыч. "Які б ні быў вынік расследавання, усё павінна быць сумленна, справядліва, каб маці была ў курсе справы", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт папярэдзіў, што такія здарэнні ў арміі больш не павінны паўтарацца. "Я потым ужо і разбірацца не буду. Мы і так жорстка паставіліся да камандзіраў і начальнікаў гэтай часці і іншых, хто меў да гэтага дачыненне. І крымінальную справу мы давядзём да лагічнага завяршэння, гэта дакладна. Я кантралюю яе з трох пазіцый і спецыяльнымі метадамі сачу за тым, як яна расследуецца. Глядзіце, каб яна была расследавана да самых дробязей. Але справядліва, нічога не трэба нацягваць, - сказаў ён. - Гэта такі абуральны факт, які падштурхоўвае нас да таго, каб лішні раз паглядзець на нашу армію. Армія павінна быць сапраўды беларускай, плоць ад плоці нашага народа. Наш народ заўсёды быў дабрадушным. І не павінна быць у арміі гэтых катаванняў, разбораў у сувязі з гэтым. Каб там быў парадак - гэта датычыцца ўсіх Узброеных Сіл".

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Уладзіслаў Будзік зможа навесці парадак у ваенным гарадку Печы. "Я выберу час і пабуду ў вас там. Можа, гэта і мая віна, што я, будучы галоўнакамандуючым, у гэтай галоўнай нашай часці не пабываў. Але я ў вас пабуду абавязкова", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.