Перагаворы з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам

  • 37
  • 4:56

Беларусь і Венесуэла маюць намер у бліжэйшыя гады значна нарасціць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Такі вынік афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, якія адбыліся 5 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці.

Адкрываючы сустрэчу ў вузкім складзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рады вітаць лідара Венесуэлы ў дружалюбнай Беларусі. "Мы заўсёды мелі пачуцці найвышэйшай удзячнасці і павагі да вас, да вашага народа, да вашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Было адзначана, што Нікалас Мадура прыбыў у Мінск з вялікай дэлегацыяй, а перад гэтым ён пабываў і ў іншых дзяржавах, нягледзячы на няпростую сітуацыю ў краіне. Гэта, падкрэсліў беларускі лідар, сведчыць аб аднаўленні ў Венесуэле неабходнага для народа парадку.

"Сутнасць цяперашняй нашай сустрэчы ў тым, што нам трэба рашуча зрабіць добры новы крок наперад у развіцці нашых адносін. Мы да гэтага гатовы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Венесуэлы прызнаўся, што яму і членам яго дэлегацыі прыемна быць у Беларусі, паколькі тут яны знаходзяцца сярод сапраўдных сяброў. "Мы прайшлі часы брутальных баталій, але ўмацаваліся ў іх на ўсіх франтах і цяпер знаходзімся на этапе аднаўлення, які таксама вельмі складаны. У эканамічным плане мы робім новыя крокі. Мы назвалі гэта праграмай баліварыянскага развіцця - так званая эканоміка постнафтавага перыяду. Мы павінны развіваць тыя скарбы, якімі валодае наша краіна, і ў рамках гэтай работы назначыць канкрэтныя напрамкі нашай сумеснай дзейнасці - Беларусі і Венесуэлы", - прапанаваў Нікалас Мадура.

Прэзідэнты ў дружалюбнай і давернай атмасферы абмеркавалі актуальныя тэмы двухбаковага парадку дня, выказаўшы гатоўнасць прыкласці ўсе магчымыя намаганні для актывізацыі ўзаемадзеяння. Кіраўнікі дзяржаў канстатавалі той факт, што краінам не трэба пачынаць з нуля ў развіцці супрацоўніцтва, паколькі ў папярэднія гады Беларусь і Венесуэла стварылі трывалы фундамент узаемаадносін.

У час перагавораў у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Венесуэла - стратэгічны і вельмі важны партнёр Беларусі ў Лацінскай Амерыцы. За адносна кароткі гістарычны тэрмін краіны стварылі надзейную палітычную і эканамічную базу двухбаковага ўзаемадзеяння. "У апошнія гады з-за складанай сітуацыі ў свеце тэмпы рэалізацыі сумесных праектаў знізіліся. Нас не задавольвае гэта - ні беларусаў, ні венесуэльцаў. Сітуацыю трэба папраўляць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларусь і Венесуэла наладзілі доўгатэрміновыя гандлёва-эканамічныя і кааперацыйныя сувязі. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў: па выпуску аўтамабіляў, трактароў, здабычы нафты, газіфікацыі. Па беларускай тэхналогіі ў Венесуэле арганізавана вытворчасць дарожна-будаўнічай тэхнікі, адкрыты буйнейшы ў Лацінскай Амерыцы цагельны завод, пабудаваны сотні тысяч квадратных метраў жылля. "Гэта добрая аснова для нашых далейшых дзеянняў. Пачынаючы гэта калісьці, мы дакладна трапілі ў цэль, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы гатовы разам з вамі прадаўжаць гэты шлях у Венесуэле".

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў Венесуэле цяпер складваецца няпростая сітуацыя. Аднак пасля распаду Савецкага Саюза, заўважыў ён, у Беларусі было складаней. "Мы напружыліся і паставілі перад сабой мэту - максімум за 8-10 гадоў не толькі накарміць свой народ, але і выйсці на экспарт прадуктаў харчавання. І мы гэту праблему вырашылі. Венесуэла пры жалезнай волі ўлады і дысцыпліне гэту праблему вырашыць за пяць гадоў, - упэўнены беларускі лідар. - Мы гатовы аказваць вам усямерную падтрымку як сваім самым блізкім і добрым сябрам".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час Венесуэла падставіла плячо Беларусі ў энергетычнай сферы. "Мы гэта не забылі. Таму давайце разам падумаем, як хутка вырашыць тыя праблемы, якія ёсць у Венесуэле", - прапанаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці актывізаваць дзейнасць сумесных міжурадавых камісій. "Мы з Прэзідэнтам дамовіліся, што ў лістападзе ў Мінску збяром сумесную беларуска-венесуэльскую камісію. Я падключуся да вырашэння гэтых праблем, і мы намецім у лістападзе канкрэтны план дзеянняў па вырашэнні пытанняў, якія ўзніклі ў нашых адносінах. Я гатовы прыляцець у Венесуэлу, мы з Прэзідэнтам яшчэ раз разгледзім гэты план і зацвердзім яго", - сказаў беларускі лідар. Пры гэтым было падкрэслена, што ў час распрацоўкі такога плана ні ў якім разе нельга спыняць работу па іншых напрамках.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб спробах умяшання шэрага краін ва ўнутраныя справы Венесуэлы. "Дайшло да адкрытых пагроз ваеннага ўмяшання ў гэту суверэнную краіну. Хачу падкрэсліць, што мы катэгарычна супраць усялякай агрэсіі, хаосу і беспарадкаў, супраць умяшання ва ўнутраныя справы Венесуэлы і любой дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь выступае за вырашэнне канфліктаў мірным шляхам. "Нельга навязваць краінам розныя каляровыя рэвалюцыі, гэты час праходзіць. Спробы навязаць Венесуэле свае прыярытэты і ажыццявіць каляровую рэвалюцыю, як мы бачым, праваліліся. Венесуэльцы самі разбяруцца, што ім рабіць ва ўласнай краіне, таму што для кожнага чалавека, незалежна ад яго палітычных поглядаў, інтарэсы роднай краіны, мір і парадак у ёй вышэй за ўсё", - заявіў беларускі лідар. Ён дадаў, што прымаемыя супраць Венесуэлы санкцыі з боку пэўных геапалітычных сіл бесперспектыўныя і шкодныя. У тым ліку для тых, хто іх уводзіць.

"Венесуэльцы заўсёды могуць разлічваць на падтрымку дружалюбнай Беларусі. Наш курс застаецца ранейшым: мы будзем рабіць усё для таго, каб у вас было нармальнае жыццё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Нікалас Мадура канстатаваў, што яго краіна апошнім часам перажывала даволі цяжкі перыяд, але цяпер Венесуэла знаходзіцца ў добрай кропцы для аднаўлення і росту эканомікі. "Гэта менавіта той ключавы момант, каб зноў запусціць нашы праекты і работу, якая накіравана на канкрэтныя галіны, у тым ліку ў сферах палітыкі і дыпламатыі, а таксама па канкрэтных напрамках у эканоміцы, індустрыі, нафтапрамысловасці. Нам трэба зноў аднавіць нашы дамоўленасці ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі", - заявіў Прэзідэнт Венесуэлы.

Бакі абмяняліся думкамі адносна ключавых напрамкаў палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння, вызначылі арыенціры на будучае, абмеркавалі шэраг перспектыўных сумесных праектаў, якія забяспечаць удзел беларускага боку ў развіцці будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, нафтагазавай прамысловасці, іншых сектараў венесуэльскай эканомікі.

Па выніках перагавораў лідары дзвюх краін зрабілі заявы для сродкаў масавай інфармацыі. Яны канстатавалі, што цяпер экспартна-імпартныя сувязі Беларусі і Венесуэлы не на самым высокім узроўні, патэнцыял дзяржаў дае магчымасць значна нарасціць двухбаковае супрацоўніцтва. "Вы ведаеце мой характар і характар Нікаласа: мы гэта зробім. Гэта ўжо будзе відаць на працягу бліжэйшых двух гадоў, а за пяць гадоў мы пастараемся зняць праблемы, якія існуюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць развіваць супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навукова-тэхнічнай сферы. "Можна пабудаваць заводы, стварыць іншыя сектары эканомікі, але, калі не будзе падрыхтаваных спецыялістаў, якія павінны працаваць на гэтых аб'ектах, з ліку венесуэльскага народа, не будзе перамогі. Таму, развіваючы рэальны сектар эканомікі ў Венесуэле, трэба апераджальнымі тэмпамі рыхтаваць спецыялістаў", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што Беларусь высока цэніць цвёрдую пазіцыю Венесуэлы на міжнароднай арэне. Краіна рашуча выступае за пабудову шматпалярнага свету, узаемавыгаднае і раўнапраўнае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. Гэта сугучна з пазіцыяй Беларусі.

Нікалас Мадура ў сваёй заяве па выніках перагавораў яшчэ раз падзякаваў Беларусі за супрацоўніцтва і салідарнасць ва ўмовах процістаяння Венесуэлы націску з боку знешніх сіл. Ён расказаў, што пры рэалізацыі новага плана па аднаўленні росту і развіцця рэальнага сектара эканомікі яго краіна разлічвае на дапамогу і падтрымку Беларусі. "Для таго, каб рэалізаваць гэта, мы апіраемся на Беларусь і прыцягваем яе, каб супрацоўнічаць. Мы ведаем тую працаздольнасць, жалезную волю і дысцыпліну, якой валодаюць беларусы", - адзначыў венесуэльскі лідар.

Бакі сышліся на думцы, што цяперашні афіцыйны візіт Прэзідэнта Венесуэлы ў Беларусь будзе садзейнічаць паглыбленню партнёрства паміж краінамі ва ўсіх сферах.