Перагаворы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам

  • 1

Беларусь гатова ў любы момант зрабіць для Малдовы ўсё, што ў яе сілах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 ліпеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

"Мы гатовы для вас у любы момант зрабіць усё, што вы захочаце, калі гэта ў нашых сілах. Усё, што вы бачылі, пачынаючы ад прамысловых трактароў, БелАЗаў, МАЗаў, сельгаспрадпрыемстваў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ад вас нічога не ўтойваем, вы блізкі нам чалавек. Мы з вамі прытрымліваемся практычна аднолькавых поглядаў. Вы помніце, што мы ў любы момант гатовы дапамагчы, падставіць сваё плячо".

Прэзідэнт адзначыў, што з вялікай павагай ставіцца да Малдовы і яе народа. "Чамусьці ў Малдове кажуць: "Мы маленькая дзяржава, маленькі такі народ". Гэта вялікі народ, гэта нармальная па сярэднееўрапейскіх мерках дзяржава", - заявіў беларускі лідар.

Асаблівасцю візіту Ігара Додона ў Беларусь стала наведванне шэрага прадпрыемстваў і культурных аб'ектаў яшчэ да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. "Вы паглядзелі Беларусь, вы яе, можна сказаць, памацалі ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы. Вы пабывалі на культурных аб'ектах, убачылі, як мы ставімся да памяці. Мы не піярымся або расказваем, якія мы няшчасныя і як на вайне нам цяжка было. Мы захоўваем гэту памяць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Ваша такая прэлюдыя да нашай сустрэчы - гэта вельмі каштоўна. Я з вамі магу размаўляць як з чалавекам, які спазнаў Беларусь", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Ігар Дадон прызнаўся, што яшчэ да візіту шмат чытаў аб прадпрыемствах Беларусі, глядзеў аб іх рэпартажы, а гэтымі днямі змог убачыць усё наяве. "Я вельмі рады, што вы змаглі гэта захаваць і ўзняць на новы ўзровень, - падкрэсліў Прэзідэнт Малдовы. - Нам ёсць чаму павучыцца. Я кажу гэта шчыра, адкрыта. Я бачыў прадпрыемствы і ў Еўрапейскім саюзе, але той узровень, на які ўзнялася прамысловасць у Беларусі, для нас толькі мара на гэтым этапе. Мы маем намер па некаторых напрамках больш паглыблена запусціць сумесныя праекты".