Перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі

  • 29
  • 6:42

Беларусь і Егіпет дамовіліся выводзіць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на больш высокі, якасны і рэзультатыўны ўзровень. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха аль-Сісі, якія адбыліся 18 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці.

Па пратаколе перагаворам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. Пасля выканання гімнаў прэзідэнты віталі членаў дэлегацый, затым адбылася цырымонія фатаграфавання двух лідараў.

У час сустрэчы ў вузкім складзе беларускі лідар адзначыў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам атрымала добры пачатак і краіны маюць вялікі патэнцыял для іх развіцця. "У час майго візіту ў 2017 годзе мы намецілі план нашых дзеянняў. Павінен сказаць, што мы нямала зрабілі ў плане рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў і падвоілі наш тавараабарот. У нас ён быў каля $50 млн, цяпер звыш $100 млн. Гэта добры пачатак, але не рубеж", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі чакалі афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта і рыхтаваліся да яго, паколькі ён мае гістарычнае значэнне для двухбаковых адносін. "Сказаць, што мы рады вашаму візіту, значыць, нічога не сказаць, - заявіў ён. - Гэта першы візіт Прэзідэнта гіганцкай афрыканскай краіны ў нашу Беларусь".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што наладзіць маштабныя ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі ў сучасную эпоху вельмі складана: заняты рынкі, існуе пэўная інерцыя, у краін склаліся стабільныя партнёры. "Усё было няпроста. Тым не менш, нягледзячы на гэтыя складанасці, нам іх удалося пераадолець. І мінулыя некалькі гадоў характарызуюцца тым, што мы намацалі тую дарогу, па якой можам рухацца, - сказаў Прэзідэнт. - Я хачу вас запэўніць: усё, аб чым мы дамовіліся, усё, што паабяцаў беларускі бок, мае калегі, мы, безумоўна, рэалізуем у намечаныя тэрміны".

"Паміж нашымі дзяржавамі няма абсалютна ніякіх праблемных пытанняў. Няма закрытых тэм для абмеркавання. Важна, што мы актыўна перайшлі да трансфармацыі дружалюбных палітычных адносін у шматпланавае і выгаднае эканамічнае супрацоўніцтва. І сёння ўжо ёсць адчувальны вынік і сур'ёзны прагрэс у гэтым напрамку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час перагавораў у шырокім складзе з удзелам членаў дэлегацый Прэзідэнт Беларусі абазначыў шэраг перспектыўных напрамкаў для двухбаковага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь надае вялікае значэнне развіццю дружалюбных сувязей з Егіптам і разглядае гэту краіну ў якасці важнейшага партнёра ў рэгіёне Блізкага Усходу і на Афрыканскім кантыненце. "Беларускі бок вітае ўсё большую ролю Егіпта ў Афрыцы, і сведчаннем гэтай ролі з'яўляецца выбранне вас старшынёй Афрыканскага саюза", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама павіншаваў Абдэль Фатаха аль-Сісі і егіпецкі народ з паспяховым завяршэннем палітычных пераўтварэняў і адзначыў дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай стабілізацыі, барацьбе з міжнародным тэрарызмам.

"Мы бачым і разумеем, што адбываецца вакол Егіпта, у вашым рэгіёне, наколькі ён дэстабілізаваны, пачынаючы ад Афганістана і заканчваючы Суданам, можа, і далей. Але вам удалося стрымаць негатыўныя працэсы, утрымаць краіну. І я ад душы віншую вас з тым, што вы справіліся з праблемамі і выйшлі на рэйкі стабільнага развіцця. Гэта важна не толькі для нас і вашых сяброў - гэта вельмі важна для ўсяго рэгіёна Блізкага Усходу, Афрыкі. Улічваючы, што Егіпет - гэта велізарная дзяржава са стамільённым насельніцтвам, працэсы, якія адбываюцца ў вас, важныя для ўсяго свету", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Гаворачы пра гандлёвае супрацоўніцтва, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за два апошнія гады беларуска-егіпецкі тавараабарот вырас у два разы, аднак гэта не адпавядае існуючаму патэнцыялу. "Мы можам значна больш, і ў нас ёсць усе магчымасці выйсці на больш высокія паказчыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, бакі ў час перагавораў у вузкім складзе дамовіліся ўстараніць бар'еры ў гандлі. "Мы прыкладзём з нашага боку і з боку Егіпта намаганні для таго, каб зняць усялякія бар'еры ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Мы хацелі б, каб беларусы як надзейныя вашы сябры і партнёры мелі дакладную структуру і сістэму, працэдуру рэгістрацыі пастаўшчыкоў прадукцыі ў Егіпет", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Для павелічэння аб'ёмаў прадукцыі сумеснай вытворчасці, адзначыў Прэзідэнт, патрабуецца стварэнне Урадам Егіпта роўных умоў па ўдзеле ў тэндарах, размяшчэнні дзяржаўных заказаў на тавары, што вырабляюцца ў рамках сумесных праектаў, аказанне фінансавага садзейнічання прадпрыемствам. "Тое ж самае, мы дамовіліся з Прэзідэнтам, зробім і мы са свайго боку", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок разлічвае разам з Егіптам ствараць прадукт і сумесна забяспечваць яго рэалізацыю, у тым ліку на знешніх рынках. "Гэта дасць магчымасць вашай краіне павялічыць экспарт. Такі падыход выгадны як Мінску, так і Каіру", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што Беларусь выступае за свабоднае перамяшчэнне тавараў і падтрымлівае прапанову егіпецкага боку аб заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Егіптам.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што Беларусь гатова дзяліцца з егіпецкімі партнёрамі ўласнымі прамысловымі тэхналогіямі. "Мы дамовіліся аб тым, што будзем пераходзіць да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін. Работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца. Проста абмен таварамі - гэта не сучасны ўзровень. У якасці асноўнага метаду нашага ўзаемадзеяння вызначаны праектны падыход", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што развітая прамысловасць - адзін з моцных бакоў беларускай эканомікі, і краіна гатова дзяліцца з егіпецкімі партнёрамі ўласнымі прамысловымі тэхналогіямі. "Тут няма ніякіх закрытых тэм. Усё, што мы можам, мы гатовы перанесці ў Егіпет. Вы на нас у гэтым плане можаце разлічваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У адпаведнасці з дасягнутымі паміж краінамі дамоўленасцямі, у Каіры раней быў дадзены старт сумеснаму праекту па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі МАЗ. У 2018 годзе выраблены 72 адзінкі. "Гэта добры пачатак. Важна на гэтай стадыі станаўлення гэтага прадпрыемства падтрымаць вытворчасць заказамі егіпецкай дзяржавы. Неабходна даць яму магчымасць разгарнуцца і самастойна напрацаваць партфель заказаў. Для стабільнай рэнтабельнасці завод павінен выпускаць не менш як 350-400 адзінак тэхнікі ў год, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Са свайго боку мы таксама акажам гэтай кампаніі падтрымку, аб чым мы з вамі толькі што ўмовіліся".

Павялічвае вытворчасць трактароў "Беларус" шматпрофільнае зборачнае прадпрыемства ў егіпецкай Александрыі. У Каіры створаны зборачныя лініі пагрузчыкаў і сельскагаспадарчага абсталявання. "Мы азнаёмілі спецыялістаў Міністэрства абароны Егіпта з беларускім вопытам, перадалі асобныя тэхналогіі стварэння цяплічных комплексаў, мяса-малочных ферм, вытворчасці дзіцячага харчавання, жытняга хлеба, вырошчвання агародніны ў закрытым грунце. Калі ў вас ёсць жаданне выкарыстоўваць беларускі вопыт, мы гатовы падключацца да вашых праектаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што цяпер Егіпет актыўна рэалізуе нацыянальную праграму па стварэнні цяплічных комплексаў, а для гэтага патрэбна адпаведная тэхніка. "Мы ўжо вырабілі пробную партыю малагабарытных трактароў для прамысловых цяпліц. Мы маглі б вырабляць іх на сумесным прадпрыемстве ў Александрыі", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі бок таксама гатовы разам з егіпецкімі прадпрыемствамі вырабляць пасажырскую тэхніку, уключаючы электробусы і трамваі, дызельныя рухавікі, ліфтавае абсталяванне, збожжасховішчы, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння.

"Прапаную не толькі ўзмацніць узаемадзеянне ў традыцыйных сферах супрацоўніцтва, але і ажыццяўляць сучасныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі і рэалізоўваць праекты ў галіне высокіх тэхналогій. Нашы акадэміі навук працуюць ужо над рэалізацыяй сумесных праектаў. Разлічваем, што вынікі гэтай работы ў хуткім будучым знойдуць практычнае прымяненне ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы дзвюх краін", - сказаў Прэзідэнт. Акрамя таго, Беларусь прапанавала Егіпту праекты ў галіне электроннага ўрада, лічбавай трансфармацыі, кібербяспекі, камп'ютарных гульняў.

У якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў узаемадзеяння Беларусь і Егіпет раней вызначылі сферу адукацыі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта галіна звязана непасрэдна з моладдзю, развіццём яе патэнцыялу, спартыўных і творчых здольнасцей, прапагандай здаровага ладу жыцця.

"Наша краіна мае значны патэнцыял у галіне адукацыі, падрыхтоўкі спецыялістаў, запатрабаваных у эканоміцы. Цяпер у Беларусі праходзяць навучанне ўсяго 20 егіпецкіх грамадзян. Мы выдзелілі адукацыйныя гранты грамадзянам Егіпта на навучанне ў беларускіх ВНУ. Гэта толькі пачатак. Мы хацелі б бачыць вашых маладых людзей, якія імкнуцца атрымаць сучасную адукацыю ў Беларусі, у большай колькасці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. У Егіпце рабоце з моладдзю ўдзяляюць вялікую ўвагу: 60% насельніцтва краіны - гэта маладыя людзі. Усе яны хочуць мець добрую адукацыю і работу, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён вітаў ініцыятыву Прэзідэнта Егіпта аб правядзенні ў яго краіне штогадовага Сусветнага маладзёжнага форуму, у якім актыўны ўдзел прымаюць і прадстаўнікі Беларусі. "Мы будзем рабіць усё для таго, каб кантакты паміж маладымі людзьмі Егіпта і Беларусі ўзмацняліся і развіваліся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў раней накіраванае запрашэнне для групы егіпецкіх падлеткаў прыехаць у Беларусь на адпачынак і аздараўленне ў жніўні 2019 года.

"У справе развіцця дружалюбных адносін паміж нашымі народамі важнае месца займае турызм - мы з вамі пра гэта гаварылі два гады таму ў Каіры. За гэтыя апошнія два гады турыстычны паток з Беларусі ў Егіпет павялічыўся больш як у чатыры разы. Мы хацелі б, каб і вашы людзі часцей бывалі ў Беларусі. Як вы сёння сказалі, у Беларусі для егіпецкіх грамадзян ёсць што паглядзець, а мы створым усе ўмовы для таго, каб грамадзяне Егіпта атрымалі тут усё неабходнае, прыехаўшы на адпачынак", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь і Егіпет маюць багатую культурную і гістарычную спадчыну. "Мы зацікаўлены ў абмене вопытам у гэтай сферы. Гатовы арганізаваць узаемныя візіты спецыялістаў музеяў, археолагаў, рэстаўратараў. Будзем рады правесці ў сябе Дні культуры Егіпта", - дадаў Прэзідэнт.

Абдэль Фатах аль-Сісі пацвердзіў гатоўнасць пашыраць супрацоўніцтва з Беларуссю па ўсіх напрамках і прадаўжаць рэалізацыю сумесных праектаў. Ён звярнуў увагу на асаблівы характар адносін, якія склаліся паміж нашымі краінамі і атрымалі дадатковы імпульс у час візіту беларускага лідара ў Егіпет у 2017 годзе. "Хачу пацвердзіць, што мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прадаўжаць работу ў развіцці двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі па ўсіх напрамках, ва ўсіх галінах, - сказаў Прэзідэнт Егіпта. - Мы вельмі адкрыты да рэалізацыі ўсіх намечаных праектаў, аб якіх гаварылі ў ходзе вашага візіту і ў ходзе гэтага візіту".

Па выніках перагавораў быў падпісаны пакет дакументаў. Цырымонія адбылася ў прысутнасці лідараў дзвюх дзяржаў. Беларусь і Егіпет падпісалі комплексную праграму (дарожную карту) развіцця супрацоўніцтва на 2019-2020 гады. Таксама заключаны мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Егіпта.

Бакі дамовіліся аб стварэнні савета дзелавога супрацоўніцтва, падпісаўшы мемарандум паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі і Міністэрствам гандлю і прамысловасці Егіпта. Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, падпісаны мемарандум паміж адпаведнымі профільнымі арганізацыямі.

У сумеснай заяве, падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам і Абдэль Фатахам аль-Сісі, гаворыцца аб тым, што Беларусь і Егіпет маюць намер падтрымліваць намаганні, накіраваныя на ўмацаванне міжнароднага міру і стабільнасці, прадухіленне праяў тэрарызму і экстрэмізму, якія ўяўляюць сур'ёзную пагрозу глабальнай і рэгіянальнай бяспецы.

Бакі дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў такіх перспектыўных сферах, як інфармацыйна-камунікацыйныя, аэракасмічныя і авіяцыйныя тэхналогіі, нанаматэрыялы, малекулярная генетыка, металазнаўства, фармацэўтыка, оптыка. Плануецца таксама актывізаваць узаемадзеянне ў сферы адукацыі. У прыватнасці, выпрацаваць механізмы прыцягнення і накіравання грамадзян Егіпта на навучанне ў беларускія ўстановы адукацыі, ствараць сумесныя факультэты, накіроўваць беларускіх спецыялістаў у галіне арабскай мовы на стажыроўкі ў егіпецкія ўніверсітэты.

Падводзячы вынікі перагавораў у час сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яго сустрэча з егіпецкім лідарам была плённай. Бакі абмеркавалі сучасную геапалітычную сітуацыю,адзначыўшы падабенства падыходаў па важнейшых пытаннях глабальнага парадку дня. "Наша краіна імкнецца ўмацоўваць адносіны з афіцыйным Каірам на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі і даверу. Мы выбудавалі свае адносіны без усялякіх папярэдніх умоў. У нас няма прэтэнзій ні па адным напрамку да нашых егіпецкіх сяброў", - заявіў Прэзідэнт.

Асноўную ўвагу Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах ас-Сісі ўдзялілі гандлёва-эканамічным адносінам, прааналізаваўшы выкананне даручэнняў, рэалізацыю сумесных праектаў. "З упэўненасцю магу сказаць аб тым, што нашы дамоўленасці выконваюцца. І беларускія, і егіпецкія ведамствы сапраўды прыкладаюць намаганні для рэалізацыі намечанага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што з візітам Абдэль Фатаха ас-Сісі ў Мінск Беларусь і Егіпет пераходзяць да новага этапу супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз, Егіпет з'яўляецца ўдзельнікам многіх інтэграцыйных аб'яднанняў, перш за ўсё ў Афрыцы.

"Нам ёсць што прапанаваць гэтаму рэгіёну. Таму неабходна і далей працаваць разам, ствараць сумесныя прадукты для іх рэалізацыі як у Афрыцы, так і ў Еўразіі", - лічыць Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, апошнім часам краіны пачалі выкананне некалькіх сумесных праектаў у галіне вытворчасці аўтатэхнікі, трактароў, пагрузчыкаў, сельскагаспадарчага абсталявання, збожжасховішчаў, цяпліц. Вучоныя Беларусі і Егіпта супрацоўнічаюць у сферах нанаматэрыялаў, малекулярнай генетыкі, металазнаўства, аэракасмічных тэхналогій.

"Разлічваем, што вынікі гэтай сумеснай работы ў бліжэйшы час знойдуць практычнае прымяненне ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у галіне забеспячэння бяспекі Беларусі і Егіпта", - адзначыў Прэзідэнт. - Мы падзяліліся вопытам стварэння высокатэхналагічных цяплічных комплексаў, вытворчасці дзіцячага харчавання, жытняга хлеба, утылізацыі адходаў, стварэння беспілотных лятальных апаратаў, укаранення электроннага ўрада".

Егіпецкія прадстаўнікі, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, таксама азнаёміліся з беларускімі тэхналогіямі процідзеяння кіберпагрозам і забеспячэння бяспекі пры правядзенні масавых спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку ў рамках падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў. Беларускія спецыялісты правялі вучэбны курс у галіне дызайну і вытворчасці мэблі для егіпецкіх калег.

"Усё гэта зроблена за два з нечым гады. Упэўнены, калі мы будзем рухацца наперад такімі ж тэмпамі, з такім жа рашучым настроем і настойлівасцю, то ў бліжэйшы час будзе запушчана яшчэ больш сумесных праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, бяспекі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнты Беларусі і Егіпта дамовіліся, што разам з умацаваннем палітычных адносін, пашырэннем узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях краіны будуць і далей развіваць беларуска-егіпецкае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, выводзіць яго на новы, больш высокі, якасны і рэзультатыўны ўзровень.

Пасля завяршэння перагавораў і падпісання двухбаковых дакументаў Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Прэзідэнта Егіпта ордэнам Дружбы народаў за значны асабісты ўклад у развіццё двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Егіптам, заслугі ў справе ўмацавання міру, кансалідацыі грамадства і яднання народаў.

"Беларускія людзі вельмі талерантныя, спакойныя, працавітыя. Яны з вялікай павагай ставяцца да егіпецкага народа. Наша дружба калі і не адносіцца да тых глыбокіх часоў, калі цывілізацыя пачыналася з Егіпта, тым не менш яна мае добрыя карані, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У Савецкага Саюза і Егіпта былі заўсёды добрыя адносіны, і мы з вамі наследнікі гэтых добрых традыцый".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму давялося працаваць з рознымі лідарамі Егіпта, але сапраўды добрыя, дружалюбныя і цёплыя адносіны паміж краінамі склаліся менавіта ў перыяд прэзідэнцтва Абдэль Фатаха аль-Сісі. "Я хачу вам падзякаваць за тую шчырасць і абавязковасць у нашых адносінах. Мы з вамі заклалі моцны фундамент дружбы паміж нашымі народамі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Егіпта падзякаваў за ўзнагароду і цёплы прыём усёй дэлегацыі. Ён запэўніў, што егіпецкі бок прыкладзе ўсе намаганні для рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей і намечаных праектаў. "Гэта мой першы візіт у вашу цудоўную рэспубліку, але запэўніваю, што не апошні", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама правёў для Абдэль Фатаха аль-Сісі невялікую экскурсію па Палацы Незалежнасці, у час якой Прэзідэнт Егіпта азнаёміўся з экспазіцыяй работ беларускага фатографа Сяргея Плыткевіча "Планета Беларусь" і выстаўкай фатаграфій з міжнародных мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка беларускай дзяржавы. На адной з іх была адлюстравана сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Абдэль Фатаха аль-Сісі ў Каіры ў 2017 годзе.

На заканчэнне сустрэчы Прэзідэнт Егіпта пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці.