Перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі
- 74
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 лютага правёў у Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў прэзідэнцкім палацы "Аль-Ітыхадыя".
Перагаворы
прэзідэнтаў пачаліся з пратакольнай цырымоніі. Абдэль Фатах аль-Сісі
сустрэў Аляксандра Лукашэнку каля ўвахода ў палац, і пасля выканання
гімнаў і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты прэзідэнты селі за
стол перагавораў. Спачатку сустрэча прайшла ў фармаце сам-насам, затым
да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены дэлегацый.
Асноўную
ўвагу бакі ўдзялілі гандлёва-эканамічным сувязям і развіццю прамысловай
кааперацыі. Патэнцыял беларускі бок бачыць у інавацыях і высокіх
тэхналогіях, навуцы і адукацыі, таму вырашана зрабіць стаўку на
прасоўванне высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет з далейшым стварэннем
сумесных прадпрыемстваў. Такі падыход паказаў ужо сваю эфектыўнасць.
"Беларусь
і Егіпет з'яўляюцца важнымі партнёрамі. У нас вялікія перспектывы. За
апошні час мы значна рушылі наперад у нашым супрацоўніцтве. Гэтаму
садзейнічае пастаянны дыялог паміж Мінскам і Каірам. У нас няма закрытых
тэм, усе пытанні з Прэзідэнтам абмяркоўваем грунтоўна і адкрыта.
Менавіта такімі былі і сённяшнія перагаворы, - расказаў Аляксандр
Лукашэнка журналістам па выніках перагавораў. - Прыемна адзначыць, што
дамоўленасці аб узаемадзеянні ў гэтай сферы ў цэлым выконваюцца: і
беларускі, і егіпецкі бакі прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні".
Паводле
яго слоў, добрыя сумесныя напрацоўкі ёсць у прамысловай,
ваенна-тэхнічнай, сельскагаспадарчай, навуковай, гуманітарнай галінах. У
сферы прамысловай кааперацыі краіны пачыналі з праектаў па стварэнні ў
Егіпце зборачных вытворчасцей. Арганізавана зборка тэхнікі Мінскага
аўтамабільнага і Мінскага трактарнага заводаў. У бліжэйшай перспектыве
пачнецца выпуск прадукцыі "Бабруйскаграмаша", "Амкадора", рухавікоў
Мінскага маторнага завода.
"Перакананы,
што развіццё прамысловай кааперацыі цалкам адпавядае інтарэсам дзвюх
дзяржаў і дае магчымасць забяспечыць выхад на рынкі суседніх афрыканскіх
краін, што для нас вельмі важна. Дай бог асвоіць стамільённы рынак
Егіпта. З Каіра разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку і
разглядаем варыянты далейшага сумеснага руху па кантыненце", - адзначыў
Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт
таксама лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і
інфармацыйных тэхналогій, уключаючы сучасныя сістэмы забеспячэння
грамадскай бяспекі. Беларусь гатова пастаўляць у Егіпет найноўшае
медыцынскае абсталяванне, а таксама прадукты харчавання.
"Для Беларусі вялікую цікавасць уяўляе ўдзел у маштабных праектах, ініцыяваных егіпецкім кіраўніцтвам, перш за ўсё ў стварэнні асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала, арыентаванай на экспарт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы з журналістамі Прэзідэнт прывітаў ініцыятыву Егіпта адкрыць сваё пасольства ў Мінску і заявіў, што Беларусь акажа ў гэтым усялякую падтрымку. "Як самай блізкай і добрай дзяржаве, з якой мы супрацоўнічаем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што падыходы абедзвюх краін па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня супадаюць. "Мы выступаем за мірнае ўрэгуляванне рэгіянальных канфліктаў, супраць усіх відаў гібрыдных войнаў, а таксама штучнай дэстабілізацыі сітуацыі ў розных краінах", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь асуджае любыя праявы тэрарызму і выказвае поўную падтрымку намаганням Егіпта ў барацьбе з гэтай пагрозай. "Мы ведаем, якую ролю адыгрывае Егіпет у барацьбе з тэрарызмам і які ўклад унесла гэта дзяржава ў процідзеянне тэрарызму", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі краіны змогуць вывесці супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. "Мы заўсёды рады вас бачыць у Беларусі. Народ Беларусі вас добра ведае, паважае, і вы будзеце заўсёды жаданым госцем у цэнтры Еўропы - гэтак жа, як вы нас прымаеце тут", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Абдэль Фатах аль-Сісі ў сваю чаргу расказаў, што Егіпет мае намер сумесна з Беларуссю выходзіць з агульнай прадукцыяй на еўразійскі і афрыканскі рынкі. "Месцараспалажэнне Егіпта і Беларусі на міжнароднай карце дасць магчымасць адкрыць новыя рынкі перад егіпецкай і беларускай прадукцыяй як у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, так і ў арабскім свеце і афрыканскіх краінах", - перакананы Прэзідэнт Егіпта. Ён разлічвае, што гэтаму будзе садзейнічаць стварэнне зоны свабоднага гандлю ў Афрыцы і падпісанне ў будучым пагаднення паміж Егіптам і ЕАЭС.
Лідары дзвюх краін пасля афіцыйных перагавораў абмяняліся падарункамі. Прэзідэнт Егіпта ўручыў Аляксандру Лукашэнку егіпецкі меч. Як растлумачылі Кіраўніку беларускай дзяржавы, дзяржанне мяча выраблена з рэдкага афрыканскага дрэва, інкруставанага меддзю. Беларускі лідар падарыў калегу выдадзены ў Беларусі Каран і яшчэ адзін незвычайны падарунак - сумесную фатаграфію з адным з работнікаў Светлагорскага ЦКК егіпцянінам Федзі Халілем, які ўжо каля сямі гадоў жыве з сям'ёй у Беларусі. Прэзідэнт пазнаёміўся з ім, наведваючы нядаўна гэта прадпрыемства.
Па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Беларусь і Егіпет падпісалі пакет дакументаў. Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.