Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам

  • 26

Кітай заўсёды можа разлічваць на падтрымку беларускага боку ў любой сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 красавіка на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

"Сёння ў кантэксце абвастрэння гандлёвых супярэчнасцей і нежадання некаторых краін бачыць Кітай моцным асабліва бачна, хто з'яўляецца сапраўдным сябрам, як прынята гаварыць у Кітаі, усепагодным. У Беларусі ніколі не было і не будзе сумненняў у правільнасці выбраных вамі ініцыятыў. Кітай заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку ў любой сферы, як і мы заўсёды ўпэўнены ў падтрымцы з вашага боку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады сустрэчы з Сі Цзіньпінам і пажадаў паспяховага правядзення Другога форуму "Пояс і шлях". "Дзякуючы Вам гэты фармат стаў карыснай і вельмі неабходнай пляцоўкай для рэгулярных сустрэч аднадумцаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама асабіста павіншаваў Старшыню КНР і ўвесь кітайскі народ з юбілейнымі датамі: 40-годдзем палітыкі рэформ і адкрытасці, якое адзначалася ў мінулым годзе, і маючым адбыцца ў гэтым годзе 70-годдзем стварэння Новага Кітая. "У гэтых палітычных і эканамічных поспехах відавочна ваша роля як гаранта стабільнага курсу партыі і развіцця КНР у сучасным і непрадказальным свеце, які мяняецца літаральна на працягу сутак", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даў вельмі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. У 2018 годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і Кітаем дасягнуў амаль $4,5 млрд. Дзякуючы допуску на кітайскі рынак, Шанхайскаму імпартнаму ЭКСПА, загрузцы чыгуначных маршрутаў экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў Кітай за год вырас у 4,5 раза, у тым ліку малочнай прадукцыі - у 9 разоў.

У сваю чаргу Сі Цзіньпін падкрэсліў, што за мінулыя 6 гадоў з моманту абавяшчэння ініцыятывы "Пояс і шлях" супрацоўніцтва па яе сумеснай рэалізацыі ўвянчалася поспехамі. "Індустрыяльны парк "Вялікі камень" стаў адным з узорных праектаў нашага супрацоўніцтва", - сказаў Старшыня КНР.

Ён адзначыў, што гатовы разам з беларускім бокам скарыстацца магчымасцямі супрацоўніцтва ў рамках "Пояса і шляху" для пашырэння і паглыблення двухбаковых адносін на карысць народаў Беларусі і Кітая.

Сі Цзіньпін таксама адзначыў вялікія поспехі Беларусі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і эканамічнага развіцця.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў пасля завяршэння сустрэчы былі падпісаны дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Падпісана міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў. Бакі таксама паставілі подпісы пад канцэпцыяй правядзення Форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях".

Пасля цырымоніі падпісання двухбаковых дакументаў Сі Цзіньпін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі.

Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняліся падарункамі. Сі Цзіньпін падарыў Аляксандру Лукашэнку па-майстэрску зробленую вазу з сіняга і белага фарфору.

Кіраўнік беларускай дзяржавы паднёс у дар свайму калегу некалькі кніжных выданняў: беларускія прыказкі і прымаўкі, якія перакладзены на кітайскую мову, а таксама 4 кнігі кітайскіх паэтаў, якія перакладзены на беларускую мову. Вельмі асабістым падарункам для Сі Цзіньпіна стала карціна, на якой паказана месца ў вёсцы, дзе будучы лідар Кітая пражыў некалькі гадоў, і дзе, па яго прызнанні, у многім прайшло яго станаўленне. Акрамя таго, па традыцыі яму падарылі кошык з беларускімі прадуктамі, ужо добра вядомымі як у Кітаі ў цэлым, так і асабіста Сі Цзіньпіну.

У рамках візіту Прэзідэнта быў заключаны шэраг пагадненняў і дамоўленасцей у розных сферах. У іх ліку міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, а таксама пагадненне паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб узаемным прызнанні праграмы ўпаўнаважаных эканамічных аператараў Беларусі і праграмы Кітайскай Народнай Рэспублікі па кіраванні добрасумленнымі прадпрыемствамі.

Мемарандумы аб узаемаразуменні падпісалі Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі і Дзяржаўная адміністрацыя па рэгуляванні рынку КНР у галіне стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, метралогіі і акрэдытацыі; а таксама Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Дзяржаўнае ўпраўленне па справах аховы здароўя КНР. Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб умацаванні партнёрства для паскоранага правядзення мытных аперацый адносна тавараў у рамках транс'еўразійскіх чыгуначных кантэйнерных перавозак.

Паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР падпісаны пратакол аб ветэрынарных і санітарных патрабаваннях па пастаўках у Кітай кармавых малочных прадуктаў.