Пасяджэнне Выканкама НАК па пытанні правядзення II Еўрапейскіх гульняў

  • 13

Правядзенне ў Беларусі Еўрапейскіх гульняў павінна яшчэ больш кансалідаваць нацыю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 верасня на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК па пытанні правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

"Створаны аргкамітэт на чале з Прэм'ер-міністрам, падкамітэты па ўсіх напрамках і Дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў. Да нас прыязджаюць ужо розныя групы экспертаў, кансультанты для абмеркавання ўсіх дэталей, звязаных з падрыхтоўкай Еўрагульняў. Урад мяне рэгулярна інфармуе, што работа вядзецца і мы рухаемся ў правільным напрамку. Але мяне насцярожвае шэраг пытанняў, і перш за ўсё асноўнае - краіна Гульнямі яшчэ не жыве. Вымушае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку, калі нашы грамадзяне пачнуць атрымліваць інфармацыю аб тым, як ідзе работа. Паколькі Еўрапейскія гульні - важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь амаль год таму атрымала ганаровае права прыняць у 2019 годзе гэты спартыўны старт. Гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за сваю гісторыю. "Ужо шмат гадоў у Беларусі ствараецца сучасная інфраструктура, і не толькі спартыўная. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з усіх куткоў свету. Вялікае значэнне пры гэтым мае існуючая ў нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі. Усё гэта таксама было ўлічана", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь уважліва вывучыла прапановы Еўрапейскага алімпійскага камітэта, спрагназаваны будучыя расходы. "Як запэўніваў Урад, яны будуць адносна невялікімі - 35-40 млн еўра. Мы вырашылі, што гатовы падставіць плячо еўрапейскай алімпійскай сям'і і правесці гэта мерапрыемства. З боку Еўрапейскага алімпійскага камітэта нам было абяцана ўсялякае садзейнічанне ў вырашэнні ўсіх пытанняў, а таксама рэсурсная і фінансавая дапамога. Гэта перш за ўсё для нас карысць, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт прадаставіў нам права правядзення такога мерапрыемства", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што прайшло дастаткова часу, каб падвесці вынікі ўжо зробленага, абмеркаваць праблемы і намеціць задачы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на адставанне ў падрыхтоўцы спартыўнай інфраструктуры і іншых аб'ектаў. "Якія праблемы, напрыклад, перашкаджаюць увесці ў эксплуатацыю мінскі стадыён "Дынама" ў 2017 годзе, як гэта прадугледжана адпаведным рашэннем Прэзідэнта? Усе цудоўна разумеюць, што нам трэба яго яшчэ пратэсціраваць з пункту гледжання лёгкаатлетычных спаборніцтваў, адпрацаваць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. Мне сёння Урад уносіць прапанову перанесці на 31 снежня 2018 года тэрмін заканчэння рэканструкцыі спартыўна-стралковага комплексу ва Уруччы. Я нават не задаю пытанне,  позна гэта ці не. Адказваю на ўсе пытанні адразу: ніякіх прапаноў на маё імя аб пераносе тэрмінаў быць не можа. Усё, як вырашылі, павінна быць зроблена ў тэрміны", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытаннях бяспекі: як паказвае міжнародная абстаноўка, сёння гэта адна з ключавых праблем. "Мы не павінны дапусціць і ценю сумнення ў надзейнасці Беларусі. Самае галоўнае тут - не самазаспакойвацца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У нас хапае нядобразычліўцаў, якія паспрабуюць нас у гэтым плане пераканаць у адваротным. І не дай бог, мы дапусцім штосьці падобнае, што адбываецца ў нашых суседзяў у Заходняй Еўропе. Рабіць трэба ўсё вельмі акуратна. Галоўнае на Гульнях - спартыўныя спаборніцтвы і святочная атмасфера для нашых суграмадзян і асабліва гасцей. Яны павінны, атрымаўшы спрыяльныя, добрыя ўражанні аб краіне, аб сталіцы, з такімі ўражаннямі і вярнуцца дадому".

Прэзідэнт адзначыў, што падпісаны ўжо дагавор з ЕАК на правядзенне Гульняў. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, ці ўсё ў ім прадугледжана з пункту гледжання інтарэсаў краіны. "Ці вырашаны пытанні, пра якія мы дамаўляліся ў кастрычніку мінулага года? Ці няма падводных камянёў, якія заўтра будуць каштаваць нам мільёнаў?" - запытаў Кіраўнік дзяржавы. - Прашу праінфармаваць, якія расходы ў нас чакаюцца, як яны палічаны і спланаваны. Ці ёсць у нас поўная яснасць адносна бюджэту Еўрапейскіх гульняў? Хацелася б пачуць, якая на сённяшні дзень сітуацыя з забеспячэннем тэлетрансляцый Гульняў. Якія мы прынялі на сябе абавязацельствы, якая нам будзе аказана дапамога ў гэтым пытанні з боку міжнародных арганізацый?"

Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы нацыянальных каманд па відах спорту. "Спадзяюся, нам не давядзецца дома чырванець за выступленні беларусаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што цяпер у асобных відах спорту беларусы паказваюць непрымальныя рэзультаты. "Акрамя таго, ЕАК нам абяцаў, што Еўрапейскія гульні 2019 года будуць адборачнымі да Алімпіяды 2020 года ў Токіа. Што зроблена ў гэтым плане?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад таго, як Беларусь правядзе Еўрапейскія гульні, якія спартыўныя вынікі пакажа, як прадставіць сябе Еўропе, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне пра краіну і яе народ. Таму ў пытанні арганізацыі гэтага буйнейшага спартыўнага форуму Еўропы дробязей няма і быць не можа. "Ад сустрэчы на граніцы, абслугоўвання ў гасцініцах, арганізацыі харчавання да афармлення горада - усё павінна быць на вышэйшым узроўні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнні адбылася грунтоўная размова па ўсім спектры пытанняў падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Аб ходзе падрыхтоўкі да Гульняў далажылі Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, Старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац, Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, Генеральны сакратар НАК Георгій Катулін.

"Мы павінны нацыю, краіну, дзяржаву вывесці на вышэйшую ступень развіцця, і Гульні павінны падштурхнуць да гэтага. Усё трэба рабіць для людзей. Ніякай пампезнасці. Трэба рабіць прыгожа, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы не перасягнём адкрыццё Алімпіяды ў Сочы і такога мерапрыемства ў Баку. І не трэба. Таму што там затрачаны сотні мільёнаў долараў толькі на адкрыццё і закрыццё. Не хачу сказаць, што ў нас няма такіх грошай. Калі б гэта на карысць было, то знайшлі б. Але гэта не трэба. Трэба пабіць гэты рэкорд душэўнасцю, адкрытасцю свайго народа. Каб гэта было душэўна - і адкрыццё, і закрыццё".

"Трэба зрабіць сваё - прыгожа і душэўна. І гэта будзе значна танней. І гэта павінны рабіць беларусы. Мы ўсё ўмеем рабіць", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што калі дзесьці патрэбны экспертны савет або ёсць добрыя ўзоры за мяжой, то можна прыцягнуць для кансультацый адпаведных спецыялістаў. "Яны з задавальненнем прыедуць і падкажуць, як гэта зрабіць", - упэўнены ён.

Гаворачы аб неабходнасці прывядзення ў парадак да Гульняў галоўных аб'ектаў і выкананні работ па добраўпарадкаванні, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым плане зрабіць трэба адносна няшмат. "Наша шчасце, што мы ў парадку ўтрымліваем краіну, асабліва Мінск. Трэба проста дашліфаваць сталіцу і ў цэлым населеныя пункты, - сказаў Прэзідэнт. - Краіну трэба прывесці ў парадак, і потым будзем яе ўтрымліваць у такім жа парадку".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўся створаная да Гульняў матэрыяльная база застанецца ў Беларусі на дзесяцігоддзі. "Нам нічога не трэба будзе рабіць 10-20 гадоў. Усё гэта застанецца для таго, каб рыхтаваць нашых спартсменаў, зборныя каманды", - дадаў ён.

Маючае адбыцца міжнароднае спартыўнае мерапрыемства важнае і з пункту гледжання прыцягнення турыстаў. "За гасцямі, якія да нас прыедуць, прыбудуць іншыя. Гэта турызм, гэта даходы нашай краіны, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог. І наогул гэтыя гульні ўзварушаць краіну, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі будуць разумець, што ў гразь тварам ударыць нельга. Да нас прыедзе шмат розных людзей. Мы нікому не будзем забараняць уезд. Прыедуць і людзі, якія на нас дрэнна глядзяць, і якім мы як костка ў горле са сваімі поспехамі, недахопамі і гэтак далей. І будуць праз павелічальнае шкло разглядаць усе працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі".

"Трэба давесці да кожнага чалавека, што ён павінен зрабіць да гэтых Гульняў", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніцтва Мінгарвыканкама і Адміністрацыі Прэзідэнта, калі ў сталіцы знікнуць даўгабуды. "Прывядзіце горад у парадак, каб не было ніводнага даўгабуда. Ніякіх агароджаў, якія закрываюць гэтыя будоўлі, быць не павінна. Напружвайце ўсіх. У крайнім выпадку - унутры памяшкання павінна ісці нейкая аддзелачная работа, мэбляй укамплектоўваюць няхай. Добраўпарадкаванне, знешнія фасады - усё павінна быць прыведзена ў парадак", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад даўгабуд у раёне спартыўна-забаўляльнага комплексу "Мінск-Арэна". "Хто толькі не займаўся ім! Гэта цудоўны дом, які таксама можна выкарыстоўваць да гэтых гульняў як шыкоўную гасцініцу - там жа розныя кватэры ёсць, - прапанаваў ён. - Прыедуць багатыя людзі, яны не хочуць жыць у гасцініцы - здымуць гэту кватэру".

Разам з тым неабходна будзе вызначыцца, як выкарыстоўваць будынак пасля правядзення Еўрагульняў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Можа, гэты дом як арэндны аддадзім вучоным або яшчэ каму-небудзь. Трэба падумаць, што там будзе. Гэта будзе вельмі добрая і даходная справа, там вы можаце атрымаць добрыя грошы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобную ўвагу Прэзідэнт звярнуў на кантроль над цэнамі - яны не павінны завышацца. "Хочаце кішэні набіць за кошт гэтых 10 дзён? Трэба кантраляваць цэны. Ну атрымаем мы на капейку менш. Калі на капейку больш: што, на ўсё жыццё кішэні напхаем? Не. Таму па цэнах трэба быць вельмі акуратнымі", - падкрэсліў ён.

Закранаючы рэзультаты беларускіх спартсменаў у розных відах спорту, Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг вострых крытычных заўваг. У прыватнасці, гэта датычылася беларускай футбольнай каманды. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў адборачным турніры чэмпіянату свету яна ўступіла нават зборнай Люксембурга. "Гэта хутчэй забыць бы. Гэта ж нікуды не варта - такое стаўленне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Незадаволены Прэзідэнт і выступленнем хакейнага клуба "Дынама-Мінск", які ў чэмпіянаце КХЛ дапусціў серыю крыўдных пройгрышаў. "Не цешце сябе, што з'ездзілі ў Сочы і выйгралі. Гэта сведчыць аб тым, што гуляць умееце, але не гуляеце. Сорамна глядзець, як катаюцца на каньках", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не паказалі дастойных вынікаў і нацыянальныя каманды на мінулых чэмпіянатах свету па лёгкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы і дзюдо. "На што грошы трацім?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"У вас ёсць час для таго, каб перабудавацца, памяняць трэнераў, калі патрэбна. Калі хочаце нешта заваяваць у спорце, трэба быць на галаву вышэйшымі за іншых. Усе павінны быць безагаворачнымі лідарамі. Патрабаванне з кіраўнікоў федэрацый будзе самае строгае. Прыходзьце за грашыма, калі будзе перспектыўны спартсмен і трэнер. Пад гэта грошы мы будзем выдзяляць, а потым патрабаваць з іх за рэзультат. І перастаньце спасылацца на нейкія перабудовы, змену пакаленняў, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Грошы атрымаюць - гэта маё строгае патрабаванне да НАК і Урада - толькі спартсмен і трэнер. Рэзультат далі - прыходзьце і прасіце чаго хочаце".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што пасля кожнага няўдачнага старту ён чуе словы апраўданняў: залішні націск, хваляванне. Але гэта частка работы спартсменаў, заўважыў ён.

"Ці не вельмі шмат звяртаем увагі на хваляванне атлетаў у ходзе спаборніцтваў? Спартсмен менш хвалюецца тады, калі гатовы да спаборніцтваў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Іван Ціхан таксама хваляваўся. Выходзіў і думаў: як жа мне з медалём з Алімпіяды прыехаць? Але яго хваляванне было на фоне каласальнай праведзенай работы".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Аляксандра Шамко на тое, што ўжо ў будучым годзе трэба абапірацца на рэзультаты атлетаў, якія змогуць заваяваць узнагароды на Еўрагульнях у 2019 годзе. "Калі гэтыя спартсмены ў наступным годзе нічога не пакажуць, то ў 2019-м і абапірацца не будзе на каго", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што грошы на спорт ёсць, але атрымаць іх можна толькі пад канкрэтны рэзультат.Прэзідэнт не падтрымаў ідэю развіцця невялікай групы відаў спорту. "Гэта няправільны, бесталковы падыход, - лічыць ён. - Нам не толькі патрэбны медалі на Алімпійскіх гульнях, мы не павінны страціць спорт па ўсіх напрамках. Галоўную ўвагу, вядома, неабходна ўдзяляць відам, якія прыносяць узнагароды на Гульнях, а астатніх падтрымліваць, асабліва калі атлеты ў гэтых відах дадуць высокі рэзультат".

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад выступлення на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра Уладзіслава Ганчарова, дзякуючы рэзультату якога скачкам на батуце цяпер надаецца пільная ўвага.

Па выніках пашыранага пасяджэння Выканкама НАК Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на шэрагу важных момантаў. Адно з галоўных даручэнняў датычыцца ўзмацнення нацыянальных чэмпіянатаў. "У 2018 годзе трэба ўсе беларускія чэмпіянаты па відах спорту правесці на самым высокім узроўні", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта садзейнічае развіццю спорту і спаборнасці ў ім. Акрамя таго, будзе магчымасць апрабаваць спартыўныя аб'екты напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. "Чэмпіянат павінен быць дастойным, з добрымі прызавымі. Не проста для паказухі. Гэта не толькі ў 2018 годзе павінна быць, але штогадова. Падключайце ўсіх. І Урад, і губернатараў", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што спорт - гэта "кроўная справа" губернатараў, а таксама міністраў, якія з'яўляюцца старшынямі наглядальных саветаў у федэрацыях. "У вас рэсурс. Калі ласка, дзейнічайце, дапамагайце, накіроўвайце. Калі да вас (губернатараў) нехта будзе прыязджаць за якой-небудзь нібыта дапамогай - гэта не дапамога, гэта ваш абавязак. Закручвайце на месцах сваіх падначаленых і іншых, хто займаецца спортам, каб давалі рэзультат", - запатрабаваў беларускі лідар.

Урад павінен мець канчатковы пералік задзейнічаных аб'ектаў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "І калі Еўрапейскія алімпійскія камітэты не падганяюць нас сёння ўзгадняць гэтыя аб'екты, то мы павінны дыктаваць тэмпы работ і дзесьці ЕАК на гэта накіроўваць. Яны гэта ацэняць. Але пакуль размоў шмат, а канкрэтных рашэнняў мала. Не трэба адкладваць", - адзначыў ён.

Прэзідэнт прывёў у прыклад сітуацыю па мінскім стадыёне "Дынама". "Не трэба даводзіць да аўралу работы на аб'ектах і ў краіне наогул. Трэба пакрыху рухацца ў гэтым напрамку. Гэта ж застанецца. Яно нікуды не дзенецца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - усе гэтыя аб'екты павінны быць загадзя пабудаваны, мадэрнізаваны і апрабаваны. Там мы правядзём чэмпіянаты Беларусі, пра якія я сказаў, і будзем даводзіць аб'екты да розуму, калі нешта не так будзе. Інфраструктура - за губернатарамі і Урадам".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на работу сродкаў масавай інфармацыі. "СМІ працуюць вельмі дрэнна. А працаваць умеюць. Вазьміце за ўзор, як вы працавалі на ўборцы ў гэтым годзе. Вы зрабілі так, што ўвесь народ жыў і перажываў, будзем мы з хлебам ці не", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму гэтак жа (трэба асвятляць) вучэнні "Захад-2017". Потым падрыхтоўка (Еўрапейскіх гульняў) у спакойным рэжыме. Але людзей трэба да гэтага падводзіць", - адзначыў беларускі лідар.

Ён даручыў працаваць з такімі буйнымі міжнароднымі каналамі, як "Еўраспорт" і "Еўраньюс", каб і там была інфармацыя аб маючых адбыцца гульнях у Беларусі.

Цяперашняе мерапрыемства, падкрэсліў Прэзідэнт, у цэлым дае старт сур'ёзнай падрыхтоўцы і асвятленню ў СМІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

"Вядома, на такіх гульнях (гэта, можа, не галоўнае для нас, але адно з галоўных) усе хочуць зарабіць. Мы зможам як краіна, дзяржава зарабіць на турыстах. Турыстычная галіна павінна ўзняцца на гэтым. Выкарыстоўвайце ўсё для папулярызацыі, у тым ліку інтэрнэт", - сказаў Прэзідэнт.

"Па лібералізацыі візавага рэжыму вопыт ёсць - чэмпіянат свету па хакеі. Таму давайце ў гэтым напрамку дзейнічаць. Трэба з расіянамі дамовіцца аб вырашэнні пытання ўзаемнага прызнання віз і аб усім, што з гэтага вынікае", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў важную ролю, якую павінна адыграць МЗС Беларусі ў арганізацыі і падрыхтоўцы да Гульняў. "Зняць пытанні - візы, на граніцы, запрашэнні. Садзейнічаць будзем. У нас цэлая армія дыпламатычных работнікаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мінспорту і НАК галавой адказваюць за вынік. Наперадзе - Урад, перш за ўсё Жарко (віцэ-прэм'ер Васіль Жарко)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на важнасць таго, каб у час Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе разыгрываліся і алімпійскія ліцэнзіі на Токіа-2020. Гэта павінна прыцягнуць топавых спартсменаў і надаць іншы, больш высокі напал барацьбы. "Калі ласка, працуйце. Гэта вельмі важны момант. Гэта еўрапейская алімпіяда павінна быць этапам падрыхтоўкі нашых спартсменаў да Алімпіяды ў Токіа ў 2020 годзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобныя даручэнні дадзены ў пытанні падрыхтоўкі кадраў: "Валанцёры, спартыўныя суддзі, вадзіцелі... Усё, што неабходна. У кожнага павінна быць свая праграма. Падключайце, Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў), да гэтага міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў", - даручыў Прэзідэнт.

У час мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасці рабіць акцэнт у развіцці спорту на нацыянальных кадрах як сярод спартсменаў, так і трэнерскага складу.

"Я не пачуў выразнай карціны па фінансах. Што мы ўкладваем, што атрымаем? Хацелася б, каб да канца года была поўная яснасць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"І галоўнае - як мы будзем выкарыстоўваць потым усё, што створым? Нават не створым, а тое, што набудзем", - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што алімпійская вёска, якая будзе арганізавана на базе студэнцкага гарадка, павінна выглядаць дастойна. "Мы гаварылі тут аб харчаванні і гэтак далей. Не дай бог я зноў пачну ўмешвацца і рабіць заўвагі, што піва павінна быць беларускае, што бульба павінна быць беларуская, таму што ў свеце лепшай няма. Малочныя прадукты, якімі мы паўсвету забяспечваем... - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Як толькі нехта возьмецца за імпарт, пачынаючы ад саветнікаў, кансультантаў, кадраў, паставак якой-небудзь прадукцыі, мы адразу ж будзем разглядаць пытанне на прадмет карупцыі".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанне арганізацыі тэлетрансляцый Гульняў. Еўрапейскія гульні ў Баку глядзелі ў 145 краінах, але ў Беларусі ёсць шанцы перасягнуць гэты паказчык "у сувязі з тым, што краіна апошнім часам прагучала ў свеце", упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што калі замежныя спецыялісты з лепшых кампаній свету прыцягваюцца для арганізацыі трансляцый, то побач павінны быць "трое-чацвёра з БТ, АНТ, СТБ". "Яны павінны вучыцца, а дзе-нідзе і самі зарабляць грошы на гэтым. Гэта таксама майце на ўвазе", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, трэба загадзя вызначыцца, па якім маршруце будуць праводзіцца спаборніцтвы па веласпорце, і вырашыць пытанні трансляцыі. Ён адзначыў, што ў свеце велагонкі гэта паказ не толькі самога спартыўнага спаборніцтва, але і асноўных культурных цэнтраў, прыроды і краіны ў цэлым. "Ужо сёння трэба вызначыць гэты маршрут - 250 км па шашы. Гэта ж вялікая адлегласць. Як мы будзе трансліраваць на ўвесь свет гэту карцінку?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На завяршэнне Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на Еўрапейскіх гульнях 2019 года жыццё не заканчваецца, наперадзе шмат буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянат свету па хакеі 2021 года.

"Гульні - гэта шанц не толькі ўзварухнуць краіну, народную гаспадарку, але і якасна рушыць наперад у тэхналогіях, адукацыі і кампетэнцыях нашых спецыялістаў. Усё, што мы зробім, усё, чаму навучымся, спатрэбіцца нам і, галоўнае, нашым дзецям. Таму я вельмі спадзяюся, што Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў) прымусіць усіх закасаць рукавы - дырэкцыю, міністэрствы, прадпрыемствы, рэгіёны - па ўсіх напрамках, якія мы тут абмяркоўвалі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.