Падпісаны Указ аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 16 "Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі".

    У дакуменце захаваны асноватворныя прынцыпы рэгулявання парадку абыходжання з адходамі, устаноўленыя яшчэ Указам ад 11 ліпеня 2012 г. № 313 "Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання". У той жа час у ім змешчаны шэраг новаўвядзенняў.

    У прыватнасці, дапоўнены выпадкі вызвалення ад абавязку па арганізацыі збору, абясшкоджвання або выкарыстання адходаў. Пашыраны і актуалізаваны напрамкі расходавання сродкаў, што паступаюць ад вытворцаў і пастаўшчыкоў. Акрамя таго, цяпер парадак закупак тавараў (работ і паслуг) за кошт сродкаў, якія паступаюць ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў", будзе вызначацца Урадам.

    Указ адмяняе дзеючае абмежаванне па прымяненні вытворцамі і пастаўшчыкамі ўласнай сістэмы збору адходаў папяровай і кардоннай упакоўкі. Зніжаецца адміністрацыйная і фінансавая нагрузкі на суб'екты гаспадарання, звязаныя з выкананнем абавязку па забеспячэнні збору адходаў, пры гэтым выключаецца адміністрацыйная працэдура па рэгістрацыі ў рэестры вытворцаў і пастаўшчыкоў.

    Каб стымуляваць прадпрыемствы да выкарыстання пры вытворчасці тавараў экалагічнай упакоўкі, ім змогуць кампенсаваць розніцу кошту ў параўнанні з палімернай упакоўкай. Аднак для гэтага экаўпакоўка павінна быць выраблена на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем другаснай сыравіны - шклабою і макулатуры.