Падпісана Распараджэнне аб фінансаванні будаўніцтва асобных спартыўных аб'ектаў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне аб фінансаванні будаўніцтва (рэканструкцыі) асобных спартыўных аб'ектаў.

    У ліку такіх аб'ектаў будынак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту, спартыўна-стралковы комплекс ва Уруччы, шматпрофільная спартыўная зала Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, інжынерныя сеткі і добраўпарадкаванне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі".

    Будаўніцтва гэтых аб'ектаў было пачата раней у адпаведнасці з планамі развіцця інфраструктуры спорту вышэйшых дасягненняў Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Яны прызначаюцца для вучэбна-трэніровачнай работы спартсменаў нацыянальных каманд, навучэнцаў Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, а таксама будуць выкарыстоўвацца для аказання фізкультурна-аздараўленчых паслуг насельніцтву.

    Акрамя таго, Распараджэннем Кіраўніка дзяржавы прадугледжваецца завяршэнне будаўніцтва інтэрната № 2 комплексу "Студэнцкая вёска".

    Для своечасовага ўводу ў эксплуатацыю названых аб'ектаў, якія таксама плануецца задзейнічаць пры правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, будуць прыцягнуты крэдытныя сродкі ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".