Наведванне новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта

  • 74
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лютага разам з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі азнаёміўся з ходам будаўніцтва новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая ўзводзіцца за 45 км на ўсход ад Каіра.

Знаёмства беларускага лідара з Новым Каірам, як ахрысцілі горад у народзе, пачалося з самай раніцы. Абдэль Фатах аль-Сісі сустрэў Аляксандра Лукашэнку каля комплексу Al Masa Capital, на тэрыторыі якога знаходзіцца буйнейшы ў Афрыцы кангрэс-цэнтр, 14 прэзідэнцкіх віл, 60 гасцінічных апартаментаў і фешэнебельны атэль Al Masa Royal Palace.

Пасля паўгадзіннай размовы кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі і паехалі аглядаць аб'екты новай адміністрацыйнай сталіцы. Канцэпцыя гэтага маштабнага праекта была прадстаўлена некалькі гадоў таму. Егіпецкія ўлады распрацавалі яго, каб вырашыць праблему перанаселенасці Каіра: паводле прагнозных ацэнак, насельніцтва горада да 2050 года можа дасягнуць 40 млн. Цяпер у Каіры пражывае амаль 10 млн чалавек, у агламерацыі - больш за 20 млн.

Як расказалі Кіраўніку беларускай дзяржавы, праект рэалізуецца па прынцыпе "разумны горад будучага". У новай сталіцы створаць адміністрацыйны і фінансавы цэнтры Егіпта. Тут размесцяцца асноўныя дзяржаўныя ўстановы, пасольствы, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый і замежных кампаній. У горадзе пабудуюць больш за 20 жылых раёнаў на 6,5 млн чалавек, вялікі парк і штучныя азёры, каля 2 тыс. устаноў адукацыі і вялікі тэхнапарк, больш за 600 бальніц і медцэнтраў, новы міжнародны аэрапорт і скорасную чыгунку да Каіра.

Перш за ўсё прэзідэнты наведалі горад культуры і мастацтваў. Тут будуецца бібліятэка, некалькі тэатраў, выставачныя залы, музеі і галерэі, а таксама кафэ і рэстараны. Адкрыццё горада павінна супасці з пераездам у новую адміністрацыйную сталіцу органаў дзяржаўнай улады ў 2020-2021 гадах.

У Новым Каіры прэзідэнты наведалі і горад спорту. Тут Аляксандру Лукашэнку паказалі будуемы басейн і лядовы палац, пацікавіўшыся ў яго беларускім вопытам узвядзення такіх аб'ектаў. На думку Кіраўніка дзяржавы, у спартыўным комплексе можна абсталяваць шматфункцыянальную разборную пляцоўку, каб арэну маглі выкарыстоўваць пад розныя гульнявыя віды спорту і правядзенне відовішчных мерапрыемстваў. Прэзідэнт упэўнены, што ў Егіпце можна развіваць і хакей. "Егіпет знаходзіцца ў такой зоне, дзе хакей на лёдзе можна развіваць. Мы некалі ў Эміратах стваралі першую пляцоўку", - сказаў ён.

Лідары таксама азнаёміліся з ходам будаўніцтва парламенцкага комплексу і ўрадавага раёна, дзе дабудоўваецца будынак Кабінета міністраў. Пазней тут пабудуюць яшчэ дзесяць комплексаў, у якіх размесцяцца 34 міністэрствы. Плануецца, што Урад і міністэрствы пераедуць у новыя офісы ў сярэдзіне гэтага года.

Перад ад'ездам у аэрапорт Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах аль-Сісі вярнуліся да комплексу Al Masa Capital, каб азнаёміцца з выстаўкай сумесных навукова-тэхнічных праектаў. Прэзідэнта Егіпта пазнаёмілі з беларускімі распрацоўкамі ў ваеннай, медыцынскай, прамысловай і машынабудаўнічай галінах. Затым кіраўнікі дзяржаў наведалі экспазіцыю з прадукцыяй беларуска-егіпецкай вытворчасці: грузавікамі МАЗ, трактарамі МТЗ, тэхнікай "Амкадора", "Бабруйскаграмаша" і Мінскага маторнага завода.