Наведванне Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера

  • 10

У Беларусі прыняты беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы мацярынства і дзяцінства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 снежня, наведваючы Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансер.

У час наведвання медустановы Кіраўніку дзяржавы далажылі, што дыспансер аказвае паслугі не толькі жыхарам сталіцы, але і працуе на рэспубліку ў цэлым. Адзначана, што за апошнія 25 гадоў колькасць пацыентаў з анказахворваннямі вырасла, гэта адбылося з улікам развіцця сродкаў і метадаў дыягностыкі, а таксама адбілася змяненне дэмаграфічнай структуры насельніцтва.

"У аснову былі пакладзены менавіта эфектыўныя тэхналогіі. Перааснашчэнне анкалагічнай службы дало магчымасць пры росце захваральнасці дабіцца зніжэння смяротнасці", - расказаў галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Уладзімір Каранік. Ён выказаў словы ўдзячнасці і ў адрас айчыннай фармпрамысловасці. Паводле слоў медыка, больш за 90 працэнтаў прэпаратаў, што выкарыстоўваюцца ў лячэнні хворых, выраблены ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй сістэм жыццезабеспячэння ў аддзяленні ядзернай медыцыны, сучаснымі метадамі дыягностыкі і лячэння грамадзян з анкалагічнай паталогіяй, умовамі іх знаходжання. Размаўляючы з Прэзідэнтам, пацыенты адзначылі прафесіяналізм і чуласць урачоў і ўсяго медперсаналу. "Ім Нобелеўскую прэмію трэба даваць, яны ўсіх тут вылечваюць", - адказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з кожным з хворых, у ліку якіх былі і дзеці. Практычна ўсе яны прайшлі некалькі курсаў тэрапіі, і ў большасці прыкмет вяртання хваробы няма.

Прэзідэнт уручыў дзецям і іх бацькам навагоднія падарункі, павіншаваў з надыходзячым святам і пажадаў моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. У сваю чаргу дзеці прэзентавалі Кіраўніку дзяржавы свае сувеніры. Адзін з іх - намаляваная дзяўчынкай карціна ў гонар выздараўлення маці - зойме сваё месца ў Палацы Незалежнасці, паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Наведваючы гарадскі дыспансер, Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў. Адно з іх датычылася падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Як заўважыў Кіраўнік дзяржавы, у гэтай сферы ў краіны прыняты беспрэцэдэнтныя меры. "Нідзе ў свеце няма такой падтрымкі мацярынства і дзяцінства, як у Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калі пры абмеркаванні бюджэту на наступны год разглядалася пытанне фінансавання адпаведных расходаў, то ён папрасіў прадставіць яму кансалідаваную інфармацыю наконт гэтага. "Калі сабралі разам на пяць старонак і я гэта прачытаў, сапраўды падумаў, што мы трацім каласальныя грошы", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што адпаведная тэматыка гучыць у ходзе перадвыбарнай кампаніі Уладзіміра Пуціна ў Расіі. Беларусь па гэтых напрамках ужо шмат чаго дасягнула. "Таму галоўнае для вас - нараджаць. Астатняе ўсё за намі", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі зацікаўлены ў захаванні і замацаванні дадатных дэмаграфічных тэндэнцый. "Людзі - гэта наша бяспека. Нам трэба хаця б 15 млн насельніцтва, каб не апусцела Беларусь", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць захавання здароўя насельніцтва, аб чым ішла размова ў час наведвання Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера. "Такая ўстанова, што не дай Бог сюды трапляць. Але за некалькі мінут яны (медыкі) мяне пераканалі, што калі мы аб сваім здароўі будзем клапаціцца і своечасова дыягнаставаць, то тут поўнае вылячэнне ад самай страшнай хваробы. У нас не адзіная такая ўстанова аховы здароўя. Дзяржава зрабіла вельмі шмат для таго, каб дзеці гадаваліся", - дадаў беларускі лідар.

Журналісты таксама адзначылі, што ў гэтым годзе Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг візітаў у розныя рэгіёны свету. У сувязі з гэтым яны пацікавіліся, якія краіны плануе наведаць Прэзідэнт у 2018 годзе. "Мы дакладна пабываем у Амерыцы. Там у нас ёсць нямала пытанняў, нас запрашаюць мінімум пяць дзяржаў. І мы абавязкова там павінны пабываць, каб перш за ўсё наладзіць гандлёва-эканамічныя адносіны, якія заўсёды з'яўляюцца фундаментам", - заявіў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што візіты прапрацоўваюцца як ва ўжо традыцыйныя краіны-партнёры, так і ў іншыя.

Гаворачы аб перспектывах развіцця знешняй палітыкі Беларусі ў будучым годзе і шэрагу плануемых замежных візітаў, беларускі лідар сказаў, што не гэта для яго самае галоўнае. "Шчыра кажучы, гэта з асабістага, я вельмі хачу, каб у братэрскай нам Украіне скончылася вайна, каб там пачалі жыць па-людску. Для мяне гэта самая важная праблема", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што Украіна і яе народ з'яўляюцца роднымі для Беларусі. "Гэта вельмі працавіты народ, які я добра вывучыў і ведаю яшчэ з маладосці - мне давялося служыць у Заходняй пагранічнай акрузе. Я так званых украінскіх заходнікаў добра пазнаў. Гэта вельмі працавітыя, прыстойныя людзі, з якімі трэба проста ўмець размаўляць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не проста суседзі - мы родныя, браты. Мы перажываем за Украіну. Гэта галоўнае, дзе мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб лакалізаваць гэту праблему", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што калі канфлікт будзе разрастацца, то гэта паўплывае на многіх.

Акрамя таго, у Прэзідэнта пацікавіліся яго ацэнкай сельскагаспадарчага года. На думку Аляксандра Лукашэнкі, ён быў даволі няпростым, экстрэмальным. "Шчыра кажучы, я нават не памятаю такіх. Ён быў нядрэнны ў цэлым, але экстрэмальны ў тым плане, што такога не было, мы такога не перажывалі. Урок галоўны: мы, калі не перажывалі такіх перыядаў, аказаліся не ва ўсім гатовы да гэтага. Нам не хапае арганізаванасці, дысцыпліны - гэта вялікі рэзерв для сельскай гаспадаркі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што ніякая рыначная эканоміка, ніякія пераўтварэнні не дадуць штуршок для развіцця гэтай галіны. "Яны чалавечую працу і арганізаванасць не заменяць. Таму, калі наладзім нармальную дысцыпліну ў вёсцы ў цэлым, не толькі ў аграпрамысловым комплексе, калі мабілізуемся, мы значна прыбавім у будучым, - заявіў беларускі лідар. - Ні грошы, ні датацыі, ні тэхніка - гэтага ўсяго хапае. Калі гэта нармальна арганізаваць, будзе вынік".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што галоўнай мэты беларускія аграрыі дабіліся, забяспечыўшы, як і раней, харчовую бяспеку краіны. "Мы і рэзервы захавалі, і забяспечылі сябе прадуктамі харчавання і кармамі", - адзначыў ён.

Пасля завяршэння мерапрыемства журналісты падарылі Кіраўніку дзяржавы да Новага года эксклюзіўны набор ёлачных упрыгожанняў. На распісаных уручную шкляных шарах знакавыя месцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта архітэктура старажытнага Полацка, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Палац Незалежнасці, спартыўныя і рэлігійныя аб'екты, краявіды Белавежскай пушчы і шмат іншага. Не абмінулі бокам і малую радзіму Прэзідэнта. На адным з шароў паказаны родны дом Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне і камбайн "Палессе" - менавіта той, за работай якога беларускі лідар назіраў у час рабочай паездкі летам бягучага года.

"Дзякуй! Сёння ж павешу на сваю ёлку", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.

У Аляксандра Лукашэнкі таксама пацікавіліся, які падарунак для яго ў наступным годзе стаў бы найбольш жаданым. Прэзідэнт адзначыў, што гэта не новае для яго пытанне, і яго часам задаюць у тым ліку яго дзеці. "Я гавару: вы мне не зможаце падарыць тое, што я хачу", - расказаў ён. - А вось усе вы зможаце".

Прэзідэнт растлумачыў, што калі едзе па горадзе, то заўсёды звяртае ўвагу на тое, што адбываецца навокал, на людзей, якія ідуць па тратуарах. "Я праз гэта ўжо адчуваю настрой грамадства. І калі чалавек усміхаецца, у яго добры настрой, я ведаю, што жыццё цярпіма, - сказаў беларускі лідар. - А я хачу бачыць праяўленне гэтага: ваш добры настрой і вашы ўсмешкі. Самае галоўнае, каб вашы родныя, цяперашнія і будучыя дзеці ніколі вас не засмучалі і не хварэлі".