Наведванне комплексу "Студэнцкая вёска"

  • 11
  • 4:55

У час правядзення II Еўрапейскіх гульняў Беларусі трэба паказаць свой твар. Аб гэтым 11 мая заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Студэнцкай вёскі, дзе размесцяцца ўдзельнікі маючых адбыцца спаборніцтваў.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гатоўнасці комплексу да II Еўрапейскіх гульняў, затым Прэзідэнт азнаёміўся з парадкам размяшчэння і пражывання ўдзельнікаў спаборніцтваў, арганізацыяй харчавання спартсменаў. Адным з галоўных патрабаванняў Прэзідэнта было максімальнае выкарыстанне айчыннай прадукцыі для арганізацыі харчавання і пражывання дэлегацый гульняў. "Трэба самім карміць людзей. І гэта добрая школа, каб самім навучыцца. Згатуй добра стравы беларускай кухні - і з задавальненнем будуць харчавацца спартсмены і прадстаўнікі дэлегацый. Гэта наша культура. Няхай паспрабуюць, як мы жывём", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

На гэты час усе 15 спартыўных пляцовак, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, гатовы на 99,9%. "Там, дзе людзі будуць спаборнічаць, - гэта правераныя ўжо аб'екты, выпрабаваныя. Мы ўмеем арганізоўваць. Прыклад таго - чэмпіянат свету па хакеі, многія іншыя топавыя спаборніцтвы, этапы кубка свету і гэтак далей. У мяне няма абсалютна ніякіх сумненняў, што гэтыя 15 спартыўных аб'ектаў, дзе будуць размешчаны спартыўныя пляцоўкі па відах спорту, будуць гатовы (да пачатку гульняў. - Заўвага)", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У Студэнцкай вёсцы пабудаваны ўжо і ўводзяцца ў эксплуатацыю ўсе аб'екты, якія было намечана ўзвесці на этапе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. У прыватнасці, уведзены другі інтэрнат Студэнцкай вёскі. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як у цэлым па краіне вырашаецца пытанне забяспечанасці студэнтаў месцамі ў інтэрнаце і як сітуацыя зменіцца з уводам у строй усіх аб'ектаў Студэнцкай вёскі.

Як растлумачыў Міністр адукацыі Ігар Карпенка, гэта дасць магчымасць павялічыць узровень забяспечанасці інтэрнатамі ў Мінску амаль да 94%, а па краіне - да 96,5% (цяпер - 84,7% студэнтаў ВНУ забяспечаны месцамі ў інтэрнатах). Акрамя таго, з'явіцца рэзерв месцаў пражывання для нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг. Кіраўнік дзяржавы такі падыход адобрыў: "Людзі з іншых краін хочуць тут вучыцца, плацяць вялікія грошы, трэба будаваць пад гэта інтэрнаты".

Прэзідэнту таксама далажылі аб будаўніцтве інтэрнатаў для Гродзенскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якое плануецца завяршыць у 2021 і 2020 гадах адпаведна. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, каб будаўнічыя або рамонтныя работы на такіх аб'ектах праводзіліся хутка, якасна і ў тэрмін. "Не трэба расцягваць, як у нас звычайна атрымліваецца, па 5-7 гадоў рамонт ідзе. Сціпла, дастойна, каб зручна і камфортна было пражываць студэнтам. Палац не трэба будаваць", - заўважыў ён.

Дзяржава, ствараючы добрыя ўмовы для студэнтаў, чакае ад іх адпаведнай аддачы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тэме размеркавання выпускнікоў. "Мы столькі грошай трацім, ствараем месцы для навучання, інтэрнаты. А яны скончылі вучобу - і хто куды. Ты прыйшоў вучыцца, хочаш стаць урачом - ідзе працуй урачом", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць эфектыўнага выкарыстання ўсіх аб'ектаў, пабудаваных для II Еўрапейскіх гульняў, пасля іх заканчэння. У прыватнасці, мэру Мінска даручана ўзяць пад кантроль далейшае выкарыстанне абсталявання харчаблокаў. "Гэта ўсё павінна быць развезена па Мінску (пасля заканчэння Еўрапейскіх гульняў. - Заўвага) - для студэнтаў, для дзіцячых садоў, для школьнікаў. Усё будзе скарыстана - ад стала, стула да шафаў і абсталявання цэха гарачага харчавання, - сказаў Прэзідэнт. - Мы людзі не бедныя, але і не настолькі багатыя, каб раскідвацца дабром".

Пасля таго, як пабудаваныя аб'екты будуць перададзены на баланс розным арганізацыям, дзяржаўныя органы павінны кантраляваць, каб уласнік падтрымліваў аб'екты ў парадку, праводзіў бягучым рамонт.

Прэзідэнт пацікавіўся таксама і добраўпарадкаваннем Мінска да правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Размова ішла аб праблеме даўгабудаў, у прыватнасці аб пляцоўцы, аддадзенай пад забудову іранскім інвестарам. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняцця жорсткіх мер адносна тых інвестараў, якія не выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы.

У вёсцы Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі новую кухню і сталовую, дзе будуць харчавацца ўдзельнікі II Еўрапейскіх гульняў. Убачыўшы, што іх прапануецца карміць з аднаразовага пластыкавага посуду, Прэзідэнт абурыўся. "Хопіць гэтага пластыку. Мала таго, што травім людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - У нас жа паперы - колькі хочаш, шкла - колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішніх дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе".

У Беларусі павінны перапрацоўваць 50-60% адходаў і актыўней выкарыстоўваць другасную сыравіну, падкрэсліў Прэзідэнт. "Швейцарыя наогул не вырабляе новае шкло, яно з бою робіцца", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што адразу да такога выніку не прыйдзеш, але рухацца ў гэтым напрамку неабходна актыўней.

Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць на кантроль пытанні паасобнага збору адходаў і іх перапрацоўкі, а пасля далажыць аб выніках работы ў гэтым напрамку. "Другасная сыравіна і адходы - гэта сур'ёзнае пытанне. Не дай бог, захлынемся, як у Расіі. Расія вялізная, а адходы вывозіць няма куды, таму што людзі ўжо не хочуць дыхаць гадасцю", - канстатаваў Прэзідэнт.

У час размовы з журналістамі пры наведванні Студэнцкай вёскі Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў затрыманне былога Намесніка Дзяржсакратара Савета Бяспекі Андрэя Уцюрына.

"Калі б ён у мяне не выклікаў падазрэнняў, ён да гэтага часу працаваў бы начальнікам Службы бяспекі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ужо тады да яго былі пытанні. Хлопец малады, і добры бок у яго быў як у чалавека, не ўсё было дрэнна. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму быў прадастаўлены шанц - ідзі і працуй. Што, Намеснік Дзяржсакратара - дрэнная пасада для ваеннага чалавека? Ды марыць любы можа аб гэтай пасадзе".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што некаторыя звязваюць арышт Андрэя Уцюрына і адхіленне Міхаіла Бабіча ад пасады пасла Расіі ў Беларусі. Паводле слоў Прэзідэнта, Андрэй Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет Бяспекі. "Вось тады ў мяне былі сумненні, і літаральна праз некалькі месяцаў мне далажылі аб тым, што да яго ёсць пытанні, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму гэта не мае ніякіх адносін да таго, што ён нібыта быў ледзь ці не агентам пасла Расіі. Калі ён быў агентам замежнага пасла, праз суткі ўжо ведалі б аб гэтым".

Каля паўтара-двух гадоў былы кіраўнік Службы бяспекі знаходзіўся пад кантролем спецслужбаў, у якіх было шмат фактаў аб яго проціпраўнай дзейнасці. "Але было маё жалезабетоннае патрабаванне: чалавек, які мае "індульгенцыю" ад Прэзідэнта, павінен быць затрыманы толькі пры наяўнасці жалезабетонных доказаў. Яго ўзялі з доказамі злачынства: 150 тысяч долараў яму чарговы раз прывезлі расіяне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што Андрэй Уцюрын валодаў многімі станоўчымі якасцямі і нядрэнна служыў, але ўсё перакрэсліў сваім учынкам. Афіцэру і самому даводзілася ўдзельнічаць у выяўленні карупцыйных злачынстваў. "Тут абсалютна няма нічога надзвычайнага, проста барацьба з карупцыяй. Але тым, хто наверсе, хто займае такія пасады, да іх яшчэ больш строгае будзе стаўленне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У час звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў чыноўнікаў: лепш быць беднымі на свабодзе, чым багатымі ў турме. Як аказалася, Прэзідэнт меў на ўвазе менавіта Андрэя Уцюрына і некаторых іншых прысутных у зале. "Што ім яшчэ незразумела было? Таму тут абсалютна звычайнае крымінальна каральнае злачынства, і за гэта чалавек павінен адказваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі стала вядома аб затрыманні Андрэя Уцюрына, многія СМІ пісалі, што ён быў блізкім чалавекам для Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта меркаванне памылковае. "Маіх блізкіх людзей вы бачылі 9 мая. Гэта былі тры чалавекі, якія стаялі ў мяне за спінай (размова аб сынах. - Заўвага). Паверце, гэта самыя блізкія і родныя мне людзі, за якіх я адказваю галавой. Я адказваю і за дзяржслужачых", - заявіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ўсе высокія службовыя асобы аднолькава да яго прыбліжаны і ведаюць, што з іх будзе двайное, а тое і трайное спагнанне ў выпадку ўчынення злачынстваў. "Вось такая "прыбліжанасць" да Прэзідэнта. Я ўсім сказаў: хочаце са мной працаваць - працуйце і выконвайце гэтыя патрабаванні. Яны заснаваны на нашых законах, нічога тут надзвычайнага няма, - дадаў ён. - Маё стаўленне да гэтых пытанняў вы ведаеце: я ніколі не піяруся на гэтых праблемах".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што падтрымлівае дзяржслужачых, паколькі яны ўносяць вялікі ўклад у развіццё краіны. "Ад іх залежаць мільярды рублёў. Я кавалак зямлі даю чыноўнікам пабудаваць дом або кватэру, каб ён не краў гэтыя мільярды і яны засталіся ў дзяржавы. І калі ты парушаеш гэты парадак - адказвай па поўнай", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што з журналістамі пазней падзеляцца падрабязнасцямі гэтай крымінальнай справы, фактамі хабараў, спосабамі канспірацыі абвінавачаных.

Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў па просьбе журналістаў праблемы, якія ўзніклі ў Беларусі з-за забруджвання нафтаправода "Дружба" няякаснай расійскай нафтай.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі негатыўна ацэньвае гэта здарэнне. "Расхлябанасць і бязладнасць на тэрыторыі Расіі (а гэта тысячы кіламетраў) - і велізарная труба была забруджана ядавітай нафтай, - сказаў Прэзідэнт. - За тыдзень нават трубу, па якой прапампоўваецца нафта, на 4-5 мм, як кажуць спецыялісты, з'ядае".

Што датычыцца канкрэтнай сумы ўрону, яна пакуль невядомая, але відавочна, што будзе вельмі вялікая. "Сказаць гэту суму я цяпер не магу. Яна канчаткова будзе вядома пасля таго, як мы прарэвізуем тое, што здарылася на НПЗ, а цяпер мы лічым страты", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Для падліку страт неабходна ацаніць ступень пашкоджання абсталявання. "Цяпер мы ацэньваем урон. Звычайна на месяц-паўтара мы заводы спыняем папераменна і пачынаем іх кожны год чысціць. Рэвізію правядзём, і ўжо канчатковая будзе ацэнка", - адзначыў Прэзідэнт.

Пры падліку ўрону будуць улічвацца некалькі складнікаў. "Гэта велізарны ўрон, нанесены нафтаправоду, самому абсталяванню на нафтаправодах (гэта ж помпы на саміх станцыях і ўсё іншае) і на НПЗ, - пракаменціраваў кіраўнік дзяржавы. - І гэта велізарны ўрон, які быў нанесены краіне. Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзіт - мы велізарныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў долараў. Журналісты часта гэту суму называюць, яны недалёкія ад ісціны".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па яго распараджэнні Беларусь планавала пачаць рамонт некалькіх участкаў нафтаправода "Дружба" (на ім налічваецца каля 10-12 аварыйных участкаў). Аднак пачатак рамонтных работ адкладваўся, каб не спыняць расійскі транзіт. "І дапрацаваліся да таго, што далей цягнуць няма куды. Але я чарговы раз, калі гразь гэта пайшла, пайшла ядавітая нафта, забараніў спыняць участкі нафтаправода, каб яшчэ большага ўрону Расіі не нанесці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы прыпынілі ўсякія рамонты, каб не ўскладніць сітуацыю з пастаўкамі і транзітам нафты цераз Беларусь у Заходнюю Еўропу. Расія не можа поўнасцю замяніць гэту артэрыю. Некаторыя гавораць: ды мы цераз Ленінград будзем пастаўляць... Ніхто нікому не забараняе. Але такія аб'ёмы немагчыма паставіць. І ў што гэта абыдзецца? Ніхто не кажа, што мы закрыем транзіт. Нам таксама гэта выгадна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пытанне канкрэтнай сумы і механізма кампенсацыі страт беларускаму боку ад пастаўкі няякаснай расійскай нафты з Прэзідэнтам Расіі не абмяркоўвалася. Тым не менш Уладзімір Пуцін у публічных выступленнях прызнаваў наяўнасць урону. "Ён разумее, што трэба ўрон кампенсаваць. Ён сам сказаў, што гэта велізарныя страты для Расіі, іміджавыя страты. А ў цэнтры гэтага ўрону ляжыць Беларусь. Мы больш за ўсё страцілі ад гэтага. Ён публічна прызнаў, што гэта велізарны ўрон. Які? Спецыялісты палічаць. Думаю, расіяне не павінны гэта аспрэчваць. Што, мы з расіянамі пойдзем судзіцца па гэтым пытанні? Думаю, мы разбяромся, хто каму што вінен", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Тэма паступлення ў нафтаправод забруджанай нафты закраналася ў час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Пекіне. "Мы размаўлялі ў Пекіне з Пуціным аб тым, што вінаватыя павінны адказаць. І ён малайчына, ён вельмі жорстка на гэта адрэагаваў, як ніколі жорстка, - сказаў беларускі лідар. - Ён запатрабаваў з урада, з міністраў і даручыў праваахоўным органам і нават ФСБ падключыў (што рэдка бывае) для разборак. І трэба сказаць, што Бортнікаў (дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. - Заўвага) са сваімі калегамі вельмі хутка знайшоў вінаватых, і яны за гэта павінны адказаць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не мае намеру спекуляваць на гэтым здарэнні і ўвязваць пытанне кампенсацыі з урэгуляваннем сітуацыі вакол падатковага манеўру Расіі і яго наступстваў для рэспублікі. "Гэта не мае ніякіх адносін да падатковага манеўру. Адбылася бяда. Спецыяльна гэта зроблена, наўмысна? Няхай яны (у Расіі. - Заўвага) разбіраюцца ў сябе самі. На нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, як мне дакладваюць, паступае ўжо чыстая нафта. Частку ядавітай нафты мы адпампавалі ў свае сховішчы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Яе трэба адсюль расіянам вывозіць, або мы знойдзем які-небудзь іншы варыянт выкарыстання гэтай нафты. Эпапея для Беларусі, я так разумею, падыходзіць да завяршэння, але для Еўропы яна яшчэ прадаўжаецца".

У час размовы з журналістамі была закранута і тэма спорту, у прыватнасці, Прэзідэнта спыталі, ці зможа Беларусь, на яго думку, прэтэндаваць на правядзенне буйных міжнародных спаборніцтваў. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што II Еўрапейскія гульні Беларусь правядзе на высокім узроўні, а праз пару гадоў з задавальненнем арганізуе і больш вялікія спаборніцтвы, напрыклад, чэмпіянат Еўропы па футболе. Праўда, для гэтага ў краіне неабходна пабудаваць умяшчальны нацыянальны стадыён. Узвесці гэты аб'ект разам з плавальным басейнам сусветнага ўзроўню паабяцалі ўжо кітайскія партнёры. Макеты будучых збудаванняў Старшыня КНР Сі Цзіньпін прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку ў час яго нядаўняга візіту ў Кітай. Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, гэтыя аб'екты вельмі дарагія і кітайскія партнёры павялі сябе яе сапраўдныя сябры, калі ўзяліся за іх узвядзенне.

"У нас хапае іх (басейнаў. - Заўвага), але такога ўзроўню, каб праводзіць этапы кубка свету, чэмпіянаты Еўропы па водных відах спорту, у нас няма. Расіяне малайцы: пабудавалі ў Казані такі басейн. Вось такога тыпу Кітай нам пабудуе за ўласны кошт, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта падарунак кітайскага народа беларускаму. Мы гэта ў бліжэйшыя два гады зробім, і тады можам замахнуцца на што хочаце".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для краіны важна нават не столькі колькасць спартыўных пляцовак, а дух і настрой, якім жывуць людзі ў час правядзення такіх мерапрыемстваў. Ён успомніў, як у час чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе за спаборніцтвамі сачыла ўся Беларусь, а турнір жа праходзіў у Мінску ўсяго на дзвюх арэнах. "Наша алімпіяда павінна быць самай душэўнай, і каб усе людзі ў Беларусі жылі гэтай алімпіядай і ведалі, што гэта яны прывезлі гэта свята ў краіну і зрабілі для гэтага нямала. Душэўнасць адпавядае менталітэту нашага народа, гэта ў генах нашых людзей. Мы гэту дабрыню падорым усім, хто прыедзе да нас на гульні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Наконт падрыхтоўкі сталіцы да спартыўных стартаў, якія набліжаюцца, Прэзідэнт падкрэсліў, што Мінск - ідэальны горад для жыцця, і менавіта такім яго павінны ўбачыць госці. Няхай беларуская сталіца не такая багатая, як Масква, але многія вядомыя расіяне любяць бываць тут і нават купляюць зямлю і жыллё, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"У Сяргея Дарэнкі (царства яму нябеснае) тут чатыры кватэры. Ён мне гаварыў аб тым, што тут жыве. Дзе б ён што ні гаварыў, але я ведаю яго меркаванне пра Мінск: гэта самае зручнае месца для дзяцей. І дзеці яго часта тут бывалі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны паказаць, якім павінен быць узорны мегаполіс для жыцця людзей. Той Мінск, які бачыце цяпер, не стварае ўражання каменнага мяшка".