Наведванне фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер"

  • 18
  • 4:39

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка наведаў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер" і прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў.

Кіраўнік дзяржавы не проста пабываў на спаборніцтвах, але і сам прыняў удзел у біятлонным забегу разам з вядомымі алімпійцамі Беларусі. "Гэта была наша агульная ідэя. Мы дамовіліся, што народ павінен іх убачыць пасля гэтай бліскучай перамогі (на Алімпіядзе ў Пхёнчхане). Але хіба я мог застацца ўбаку як самы вялікі балельшчык", - растлумачыў ён рашэнне правесці такі сімвалічны забег.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, спаборніцтвы "Снежны снайпер" дапамагаюць не толькі прывіць дзецям любоў да спорту, але і адабраць здольных хлопчыкаў і дзяўчынак. "Каштоўнасць гэтых спаборніцтваў у тым, што гэтыя лепшыя дзеткі, гэтыя зярняткі нашай краіны, узяты на кантроль трэнерамі. Мы абавязкова зробім усё, каб з іх у будучым выраслі Домрачавы, Б'ёрндалены, Айдаравы, Паповы - вялікія спартсмены, - заявіў Прэзідэнт. - Рыхтуйцеся па ўсіх відах спорту правесці такія спаборніцтвы".

Пасля цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі і адказаў на іх пытанні. У першую чаргу журналісты спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, як ён ацэньвае выступленне на спаборніцтвах свайго малодшага сына, які заваяваў бронзу ў спрынце і серабро ў змешанай эстафеце ў складзе каманды Мінскай вобласці. Прэзідэнт адзначыў, што Мікалай прыхварэў, але ўсё роўна вырашыў удзельнічаць у турніры. "У яго рэзультаты на 2,5-3 хвіліны горшыя, чым на папярэднім этапе, але я яму дарую, таму што ўжо стаяла пытанне, быць ці не быць, але ён кажа: куды дзявацца, паабяцаў камандзе. Гэта мужык, малайчына! Не пайшоў хварэць, пайшоў сюды", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яго малодшы сын пакуль не думае станавіцца ні біятланістам, ні хакеістам. "Я яго не ўгаворваю, ён яшчэ маленькі. Больш за ўсё ў яго атрымлівалася плаванне, але ён катэгарычна адхіліў яго, кажа, што гэта нудны від спорту. У яго нядрэнна з лыжамі, таму што ён высокі. Гаворыць, што гэта яму таксама нудна. А вось хакей - гэта ўсё. Таму я не ведаю, якім відам спорту ён будзе займацца. Я яго проста вучу таму, што ўмею сам", - сказаў Прэзідэнт.

Ацэньваючы па просьбе журналістаў вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе ў Пхёнчхане, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хоць яны і заваявалі некалькі медалёў, але маглі б паказаць лепшыя рэзультаты, у прыватнасці ў біятлоне і фрыстайле. "У бліжэйшы час у нас адбудзецца вельмі прынцыповая, сур'ёзная размова на злобу дня з кіраўнікамі федэрацый зімовых відаў спорту, старшынямі наглядальных саветаў, якія ўзначальваюць генералы і міністры. Сёння яны глядзяць, як выкруціцца. Нічога ў іх не атрымаецца. Мы, у рэшце рэшт, трацім народныя грошы, і немалыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, трэнерскі склад недастаткова добра падрыхтаваў спартсменаў да алімпійскага старту. "Рыхтуй сані летам так, каб зімой нармальна выступаць. Правалілі міжсезонне: цяжка, лішнія нагрузкі, перагружаны... Аказалася, што не здольны бегчы. Вось у чым уся праблема, я думаю. Слабая работа трэнераў, і не было жалезнага патрабавання ў федэрацый", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы мужчынскай біятлоннай каманды, якая не змагла паказаць дастойныя рэзультаты ў Пхёнчхане. "Гэта ганьба! Мужыкі не могуць краіну парадаваць", - раскрытыкаваў іх выступленне беларускі лідар.

Для больш якаснай падрыхтоўкі спартсменаў і папулярызацыі зімовых відаў спорту ў Мінску плануецца пабудаваць дадатковыя трэніровачныя аб'екты. "Мы хочам у горадзе пабудаваць - у фінаў і шведаў падгледзелі - двухпавярховы будынак даўжынёй 100 м, у ім пятля 1200 м. Ён аснежваецца ўнутры, людзі прыходзяць займаюцца: хтосьці бегае па звілістай трасе, хтосьці каву п'е", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" ўзвядуць тунэль са штучным снегам унутры. "Там мінусавая тэмпература і штучны снег круглы год. У Фінляндыі, Швецыі, ды і ў Піцеры пабудавалі такую трубу. Мы зробім лепш, гэта нядорага", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Каменціруючы судзейства адносна Антона Кушніра на галоўных стартах чатырохгоддзя, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта пытанне неабходна ўзняць у галоўных міжнародных спартыўных арганізацыях. Цяпер вызначаецца форум, дзе будзе агучана гэта праблема. "Хутчэй за ўсё, гэта будзе пасяджэнне Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Трэба ім у вочы адкрыта сказаць, што нікому няма справы да атлетаў. Спіхваюць адзін на аднаго, і пляваць ім на гэтых спартсменаў. Збіраюцца вузкай кучкай і нешта там вырашаюць. Усё забюракратызавана так, што цяжка разабрацца. Зламалі алімпійскага чэмпіёна Антона Кушніра. Упэўнены, калі б выйшаў ён у фінал, то быў бы з медалём", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што медаль у мужчынскай лыжнай акрабатыцы на Алімпіядзе мог быць і ў іншага беларуса: "Не трэба было Станіславу Гладчанку скакаць такую складаную праграму, спрасці свой скачок - і на трэцім месцы".

Журналісты таксама спыталі Прэзідэнта, як ён ацэньвае выступленне хакейнай каманды "Дынама-Мінск" у дзясятым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. На думку Кіраўніка дзяржавы, правальнае міжсезонне - асноўная прычына нявыхаду мінчан у плэй-оф чэмпіянату. "Хакеісты, як і біятланісты перад Алімпіядай, правалілі міжсезонне. Прад'яўляць прэтэнзіі дынамаўцам можна, але толькі за тое, што гэта была нестабільная каманда. Хакеісты "Дынама" абыгрывалі ў сезоне моцныя каманды, чэмпіёнаў, але маглі ўступіць аўтсайдарам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў "Дынама-Мінск" раней увялі ліміт на легіянераў. "Не трэба нам ствараць тры пяцёркі ў камандзе іншаземцаў, няхай гэта будзе адзін, але ён навучыць беларускіх ігракоў. Няхай айчынныя хакеісты стараюцца і выступаюць у "Дынама". Уведзена строгая сістэма: з беларускіх клубаў лепшыя трапляюць у "Дынама". Неабходны час, каб гэта сістэма ўстаялася і пачала працаваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў галоўнага трэнера "зуброў" Гордзі Дуаера. "Ён адданы сваёй справе чалавек. Гордзі сам хоча ў нас працаваць і можа. Ён НХЛавец, добры чалавек і спартсмен. Цяпер будзем дагаворвацца аб умовах супрацоўніцтва. Каманда не выканала ўмову: не выйшла ў плэй-оф. Аднак цяпер не трэба рабіць рэзкіх рухаў, каб не зламаць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.