Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным па гуманітарных пытаннях

  • 33

Беларусь і Расія дамовіліся паглыбіць узаемадзеянне ў гуманітарных сферах супрацоўніцтва. Вынікі і перспектыўныя напрамкі сумеснай работы ў адукацыі, культуры і спорце былі разгледжаны 15 лютага ў Сочы на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Сустрэча прайшла на базе адукацыйнага цэнтра "Сірыус" у Сочы, які арыентаваны на ранняе выяўленне, развіццё і далейшую прафесійную падтрымку адораных дзяцей, якія праявілі выдатныя здольнасці ў галіне мастацтва, спорту, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, а таксама дабіліся поспеху ў тэхнічнай творчасці.

"Сёння мы ўжо гатовы адкрыць тэхнапарк па прыкладзе "Сірыуса", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вопыт "Сірыуса" для нас вельмі важны па адборы і, зразумела, па праграмах, навучанні, пражыванні маладых людзей. Расія прайшла вельмі цікавы і важны для нас шлях, якім мы скарыстаемся. Мы павінны скапіраваць усё, што тут лепшае".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў "Сірыусе" навучаюцца ў тым ліку беларускія грамадзяне, і іх вопыт таксама трэба выкарыстоўваць для развіцця такога тэхнапарка ў Беларусі. "І, вядома, ён не павінен быць закрыты для расіян", - сказаў Прэзідэнт.

У час наведвання адукацыйнага цэнтра "Сірыус" кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з апошнімі дасягненнямі і магчымасцямі ў яго рабоце, наведалі вучэбныя аўдыторыі, агледзелі экспазіцыю творчых работ, паразмаўлялі з выхаванцамі цэнтра, сярод якіх ёсць грамадзяне Беларусі. Гэта, у прыватнасці, Ілья Пчалінцаў з МДУ і Андрэй Чавусаў з Універсітэта ІТМО, якія прынялі ўдзел у першым спецыялізаваным практыкуме-акселератары, арганізаваным "Яндэксам" і "Сірыусам" для студэнтаў. Яны і іншыя студэнты расказалі прэзідэнтам аб сваіх праектах і падзяліліся ўражаннямі ад навучання.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб таленавітыя маладыя людзі не ад'язджалі за мяжу, а заставаліся ў сябе на радзіме.

Ён у цэлым адзначыў, што ў беларуска-расійскіх адносінах часта на першы план выходзяць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а гуманітарная сфера застаецца крыху ўбаку. "Але гэта не значыць, што ў нас няма цесных адносін у гэтай сферы", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы і расіяне актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі дзвюх краін, ці то культурныя, ці то спартыўныя або іншыя.

На сустрэчы прысутнічалі галіновыя міністры з двух бакоў, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт. Яны падрабязна расказалі аб беларуска-расійскім супрацоўніцтве ў гэтых сферах, агучылі шэраг прапаноў і ініцыятыў.

"Значна больш робіцца ў рамках нашых адносін, Саюзнай дзяржавы, чым я як Прэзідэнт гэта сабе ўяўляў. Гэта радуе, - падзяліўся Кіраўнік дзяржавы ўражаннямі ад праведзенага абмеркавання. - Калі слухаеш міністраў, вельмі прыемна, што яны размаўляюць на адной мове. Я не маю на ўвазе рускую мову (гэта таксама важна). Яны разумеюць адзін аднаго".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бакі на розных узроўнях выбудавалі добрую сістэму для развіцця адносін. Складнікі гэтай сістэмы не толькі сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, але і цесныя кантакты міністэрстваў у розных сферах. "На рэгіянальным узроўні праводзіцца Форум рэгіёнаў, і эфект каласальны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якая з'яўляецца фундаментам і асновай развіцця любога грамадства. "Усё, што робіцца ў гэтай сферы, накіравана на чалавека. Гэта ўмацаванне чалавечага патэнцыялу. Без гэтага немагчыма вырашаць ніякія іншыя задачы, таму сённяшняя сустрэча мае вельмі важнае значэнне", - сказаў ён. Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці сумесныя калегіі беларускіх і расійскіх ведамстваў, якія курыруюць гуманітарныя сферы супрацоўніцтва, і вызначыць планы сумеснай работы на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы выказаў зацікаўленасць у падтрымцы Расіі для развіцця ў Беларусі некаторых відах спорту. Ён агучыў адпаведную просьбу на прыкладзе фігурнага катання, адзначыўшы, што ўсе базы і асноўныя школы ў час СССР былі менавіта на тэрыторыі Расіі. Цяпер яны не толькі атрымалі далейшае развіццё, але і перасягнулі ранейшы ўзровень. "У Расіі лішак калі не трэнераў, то спартсменаў сапраўды", - адзначыў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што многія таленавітыя спартсмены, якія ў Расіі на нацыянальным узроўні займаюць месцы па-за прызавой тройкай, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. "Паколькі ў нас вакансій у Беларусі дастаткова, маглі б гэтыя хлопцы і дзяўчаты выступаць і за Беларусь, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Мы просім, каб спектр расіян быў пабольш тут. Няхай выступяць за Беларусь. Ну а калі яны падрыхтуюцца, то няхай і паканкурыруюць з расійскімі вядучымі зоркамі".

"Тое ж самае і наконт трэнераў, асабліва наконт спецыялістаў. Мы прадастаўляем дастаткова лёду, калі гаварыць пра фігурнае катанне, - дадаў беларускі лідар. - Нядрэнна было б, калі б расіяне падзяліліся талентамі, каб узняць гэты спорт на адпаведны ўзровень".

Беларусь таксама зацікаўлена ў падтрымцы расійскага боку ў развіцці фехтавання. "Што датычыцца іншых напрамкаў, - мастацтва, навукі і іншага, - там яны (беларусы і расіяне. - Заўвага) пратапталі адзін да аднаго дарогу", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым ён падкрэсліў, што на вышэйшым узроўні было вырашана ўдзяліць увагу пытанням супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, таму сустрэча прайшла з удзелам галіновых міністраў, якія курыруюць спорт, адукацыю і культуру.

У час наведвання адукацыйнага цэнтра Прэзідэнт Беларусі таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ. Адказваючы на пытанне журналіста, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэма падатковага манеўру ў час сустрэч з Уладзімірам Пуціным у Сочы не абмяркоўвалася.

"Мы толькі што гаварылі, што выйдзем, нас журналісты сустрэнуць, і я адчуваю, што абавязкова гэта пытанне зададуць, як быццам гэта важнейшая праблема ў адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Яна сапраўды існуе. Але я вам выключна шчыра і сумленна кажу: мы, па-мойму, нават гэта слова не вымавілі за гэтыя тры дні", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што да гэтай тэмы ў беларуска-расійскіх адносінах бакі яшчэ падыдуць. "Да падатковага манеўру мы падыдзем, але акрамя падатковага манеўру ў нас яшчэ шмат праблем, якія, акрамя нас, ніхто не вырашыць. Прынамсі, штуршок да гэтага мы павінны былі даць. І мы гэта робім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў ходзе пераднавагодніх сустрэч з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута дамоўленасць правесці рэвізію адносін дзвюх краін, прычым пачаць знізу - пытанняў розных напрамкаў супрацоўніцтва. "Сёння праведзена рэвізія нашага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Таму што мы абдзялілі гэтыя сферы ўвагай прэзідэнтаў. Усё больш гаворым аб фінансах, эканоміцы, прамысловасці, аб пастаўках, экспарце і імпарце і менш займаліся пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва. А без гэтага чалавек наогул не можа жыць. І праблемы, якія трэба вырашаць, вырашацца не будуць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Раней у Сочы адбылася сустрэча з удзелам членаў Урада, якія курыруюць эканамічны блок і фінансы. "Яны адзін з адным, гледзячы ў вочы, абмяркоўвалі праблемы. Затым мы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама расказаў аб дасягнутай раней дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным паглядзець і на развіццё адносін у рамках Саюзнай дзяржавы, у тым ліку на саюзны дагавор, што не выканана за мінулыя гады. "Мы шчыра адзін аднаму гаворым аб тым, што мы ж не вечныя. Мы некалі пойдзем. Што пакінем нашым дзецям? Як яны прадоўжаць нашу палітыку? Гэта таксама нас як палітыкаў не можа не хваляваць", - сказаў Прэзідэнт.

"Перш чым рабіць сур'ёзныя крокі ў развіцці Саюзнай дзяржавы, мы павінны як прэзідэнты не толькі ведаць, але і ўвабраць ў сябе. Таму гэтыя тры дні ўжо працуем па розных напрамках", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў і важнае значэнне суверэнітэту для любой дзяржавы. "Навошта нам узнімаць пытанні суверэнітэту Беларусі і Расіі? Гэта ікона, гэта святое, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Няма ў нас праблемы суверэнітэту (у адносінах дзвюх краін. - Заўвага). Мы нават у гэтым кантэксце не абмяркоўваем гэтыя праблемы".

Звяртаючыся да журналіста, які агучыў пытанне аб суверэнітэце, Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу задаў яму рытарычнае пытанне: "Вы гатовы сёння паступіцца або таргавацца суверэнітэтам?"

"Я не пра незалежнасць гавару. Для мяне незалежнасць - гэта паняцце адноснае. Ніводная дзяржава - прыкладам таго з'яўляецца Кітай - яны ніколі не размаўляюць аб суверэнітэце", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што бакі зыходзяць з таго, што сёння ёсць дзве дзяржавы. "Вы ведаеце, як яны ўтварыліся. Не мы былі ініцыятарамі з Прэзідэнтам (Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) развалу той дзяржавы (размова пра СССР. - Заўвага). У нас аднолькавая пазіцыя па гэтым пытанні", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў якасці пацвярджэння існуючых цесных адносін паміж Беларуссю і Расіяй прывёў заявы, якія прагучалі на сустрэчы з вуснаў галіновых міністраў культуры, спорту і адукацыі. "Мы наогул не разышліся, - падкрэсліў ён. - Калі ўзяць Украіну, таксама славянскую дзяржаву, які велізарны разрыў за некалькі гадоў утварыўся! А мы размаўляем на адной мове і разумеем аднолькава праблемы".

"Таму справа тут не ў суверэнітэце. Я вам выкажу сваё меркаванне. Думаю, мой калега і мой сябар згодзіцца з гэтым. Мы гатовы настолькі ісці далёка ў яднанні, аб'яднанні нашых намаганняў дзяржаў і народаў, наколькі вы гатовы. Мы і заўтра можам аб'яднацца. У нас праблем няма. Але ці гатовы вы (расіяне і беларусы) на гэта - пытанне. Таму гэта вам трэба адрасаваць пытанне да сябе. Наколькі вы гатовы, настолькі мы і будзем выконваць вашу волю. А калі не гатовы, якая б ні была магутная і вялікая Расія, яна сёння не ў стане навязаць камусьці волю. Тым больш мы, нам гэта і не патрэбна", - заявіў беларускі лідар.

"Таму рыхтуйцеся вы. У сваім усведамленні, у сваіх паводзінах, мэты стаўце перад сабой. Я маю на ўвазе народы Расіі і Беларусі. А мы будзем іх рэалізоўваць. Мы вашы слугі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за запрашэнне на праведзеную напярэдадні сустрэчу з удзелам прэзідэнтаў Ірана і Турцыі, якія ў Сочы прымалі ўдзел у трохбаковым саміце па Сірыі. "Было карысна папрысутнічаць на сустрэчы прэзідэнтаў. Амаль увесь парадак дня міжнародных адносін паглядзелі, і кожны прэзідэнт выказаў свой пункт гледжання", - сказаў ён.

Пасля сустрэчы ў адукацыйным цэнтры "Сірыус" Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разам выйшлі на лёд, каб пагуляць у хакей на сочынскай арэне "Шайба".