Нарада па развіцці хакея ў Беларусі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе аддачы і рэзультатаў ад беларускага хакея. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 25 мая на нарадзе па развіцці ў краіне гэтага віду спорту.

Ва ўступным слове Прэзідэнт адразу падкрэсліў, што стан спраў у хакеі абмяркоўваецца на асобнай нарадзе зусім не таму, што ў гэтай сферы ёсць вялікія дасягненні або, як прынята гаварыць у грамадстве, ён сам гуляе ў хакей. Прычына ў тым, што хакей, разам з футболам, - найбольш масавыя віды спорту.

"Імі не проста цікавяцца, але захапляюцца мільёны людзей. У Беларусі гэта практычна ўсё насельніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта настроі людзей, галоўная ідэалогія любой краіны. Ідэалогія - гэта не лекцыя. На лекцыю могуць прыйсці максімум 300-500 чалавек. Хакейны жа матч глядзяць мільёны. Вось у чым пытанне".

"Калі мы прынялі ўжо рашэнне займацца гэтым відам спорту, развіваць яго (ён у нас вельмі папулярны стаў), ну дык давайце па-сапраўднаму займацца. Але рэзультаты дрэнныя, - канстатаваў беларускі лідар. - Мы правалілі Алімпійскі кваліфікацыйны турнір, уступіўшы зборнай Славеніі. Другі год запар балансуем на мяжы вылету з мацнейшай групы на чэмпіянаце свету".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пэўныя паражэнчыя настроі прысутнічаюць і сярод саміх хакеістаў: "Інтэрв'ю давалі самі хакеісты перад апошнімі дзвюма гульнямі. І гаварылі аб адным: ніхто пра плэй-оф ужо не думае, дай бог утрымацца б у гэтым вышэйшым дывізіёне. Настроі такія ў хакеістаў - гэта асобная размова".

Паводле слоў Прэзідэнта, таксама вымушае жадаць лепшага гульня вядучага беларускага клуба - мінскага "Дынама". "Прынамсі, не выканалі тое, што абяцалі. Ды і ў цэлым наш унутраны чэмпіянат так і не стаў фабрыкай падрыхтоўкі рэзерву, дзе растуць і загартоўваюцца хакейныя таленты. Скажу адкрыта: унутранага чэмпіянату няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што грошы ў гэты від спорту ўкладваюцца немалыя - 18% ад усіх расходаў на фізкультуру і спорт з улікам сродкаў падтрымкі з усіх крыніц. "Пятая частка грошай ідзе на адзін від спорту. Аддачы ніякай! - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Замест гордасці за колер свайго сцяга пасля вашых гульняў балельшчыкі проста абураюцца. Яны ўжо мне пачалі пісаць пісьмы. І я з імі згодны - абсалютна бязвольныя выступленні, адсутнічае камандная гульня, не кажучы ўжо пра індывідуальнае майстэрства. Ды і трэнерская работа дрэнная".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў хакей ужо ніхто не гуляе, а, хутчэй, выходзяць на бітву. "А мы выходзім пакатацца туды. Нейкія стратэгіі будуем: вось чатыром мацнейшым камандам на чэмпіянаце свету здадзім гульні, а ў тых выйграем. Гуляць трэба, перш за ўсё! І з канадцамі, і з расіянамі, і са шведамі. Трэба змагацца. Нават калі вы прайграеце, але згуляеце ад душы, народ прабачыць. А калі вы выходзіце, прайграўшы гульню да яе пачатку, і ў вас ногі падкошваюцца... нават бегаць не можаце. Дык вы фізічна падрыхтуйце каманду!" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб фактах непрафесійнага падбору трэнерскага складу, няхваткі ў школах самага неабходнага: ад інвентару да лёду. Мае месца шэраг сістэмных праблем, дробных недапрацовак, якія негатыўна ўплываюць на падрыхтоўку спартыўнага рэзерву.

Прэзідэнт строга запатрабаваў вырашэння абазначаных праблемных пытанняў. Ён таксама бачыць неабходнасць ва ўмацаванні нацыянальнага чэмпіянату з акцэнтам перш за ўсё на айчынныя кадры. Асобна Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся падрыхтоўкай да новага сезона ў КХЛ у пытаннях складу, прыцягваемых спецыялістаў, пастаноўкі задач.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў хакеі плаціць добрыя грошы толькі за канкрэтны рэзультат. "Не будзе ніякіх грошай, пакуль не дадзіце нармальны прадукт, - заявіў Прэзідэнт. - Будзе рэзультат - будзе зарплата. Вы ведаеце мае патрабаванні. Калі вы гатовы сёння зарабіць грошы самі, без дзяржаўных датацый, плаціце колькі хочаце. Але калі вы з бюджэту народныя грошы сёння бераце, будзьце ласкавы адпрацоўваць".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што авансаванне за гульню павінна быць мінімальным, а далейшыя выплаты рабіцца толькі за рэзультат. "А то кожны на "мерседэсе" ездзіць, а рэзультату няма. Таму ўстанавіце нармальную зарплату за гульню, а за рэзультат дабаўце. І трэба істотна прызавыя і іншае дабаўляць за рэзультат на ўнутраным чэмпіянаце. Тады будуць гуляць тут", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што вядзецца размова аб пэўных поспехах беларускіх зборных на юнацкім і юніёрскім узроўнях. "Перастаньце аб гэтым гаварыць. Вы толькі адной нагой уступілі ў гэты вышэйшы дывізіён, і што там будзе з вамі, пытанне адкрытае", - заўважыў беларускі лідар.

"Гэта ўсё добра. Нам патрэбы рэзультаты ў канчатковым выніку. А канчатковы вынік - гэта нацыянальная зборная і як мінімум клуб "Дынама", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што на чэмпіянаце свету 2014 года ў Мінску беларуская зборная заняла сёмае месца, хоць магла выступіць і лепш. "Што будзе ў 2021 годзе? - спытаў ён. - Падумайце, які падарунак у 2021 годзе вы зробіце беларускаму народу".

Аляксандр Лукашэнка таксама раскрытыкаваў спробы персаніфікаваць перамогу заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2021 года: "Сёння мы гаворым аб вялікім дасягненні - атрымалі чэмпіянат свету. І спрабуем персаніфікаваць. Яшчэ раз падкрэсліваю: ніхто персанальна гэты чэмпіянат свету ў краіну не прывёз. Беларускі народ і Мінск прывезлі гэты чэмпіянат свету сюды".

Калі б пры правядзенні ў Мінску чэмпіянату свету ў 2014 годзе не ўдалося прадэманстраваць здольнасць прымаць такія маштабныя спартыўныя спаборніцтвы лепш за любую іншую краіну, то цяперашняя заяўка не была б падтрымана, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Магу адкрыць адзін сакрэт: напярэдадні галасавання, за 2 тыдні, мне тыя, хто персаніфікуюць гэты чэмпіянат, што яны выйгралі, прапанавалі адмовіцца ад барацьбы і аддаць яго Фінляндыі. Я катэгарычна адхіліў гэту ідэю. Калі дамовіліся з латышамі, значыць, трэба змагацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў і велізарную заслугу латвійскага боку. "Гэта яны прапанавалі мне ўступіць у барацьбу за гэты чэмпіянат свету. І тады я, сустракаючыся з Фазелем (прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель), яму аб гэтым сказаў. Ён паабяцаў: гэта - ідэя, вы можаце з фінамі пазмагацца. Іншая справа, што там традыцыйныя нашы сябры нас не падтрымалі. Але гэта ўжо іншае пытанне і асобная размова", - адзначыў беларускі лідар.

Старшыня Федэрацыі хакея Сямён Шапіра далажыў Кіраўніку дзяржавы аб развіцці гэтага віду спорту ў краіне, прадставіўшы шэраг прапаноў па яго развіцці. Удзельнікі нарады таксама абмеркавалі павышэнне ўзроўню ўнутранага чэмпіянату Беларусі, ролю каманд экстралігі ў падрыхтоўцы хакеістаў для нацыянальнай зборнай.

Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням развіцця дзіцяча-юнацкага хакея. У сувязі з гэтым прынята рашэнне набіраць у спартыўныя школы дзяцей з шасці гадоў, як у многіх дзяржавах. А каб у бацькоў юных хакеістаў не было праблем з набыццём неабходнай экіпіроўкі, Прэзідэнт даручыў вырашыць гэтыя пытанні аж да стварэння ў Беларусі вытворчасцей па пашыве формы і вырабе іншага інвентару, напрыклад, клюшак.

Узнімаць на належны ўзровень дзіцячы і юнацкі хакей у рэгіёнах будуць у тым ліку з дапамогай прыцягнення ў гарады вопытных трэнераў з Мінска. Аднак для гэтага, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, важна стварыць там для іх усе неабходныя ўмовы для работы, уключаючы дастойную заработную плату.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца з вучэбна-трэніровачным працэсам у хакейных школах. Як аказалася, на некаторых лядовых пляцоўках аддаюць перавагу пазабюджэтнай дзейнасці, выкарыстоўваючы арэны ў асноўным для масавага катання або аматарскіх гульняў. Пры гэтым колькасць трэніровак у юных хакеістаў неабгрунтавана скарачаецца.

Па выніках нарады таксама прынята рашэнне распрацаваць Дзяржаўную праграму развіцця хакея на 2018-2021 гады. Дакумент будзе перш за ўсё арыентаваны на падрыхтоўку рэзерву для нацыянальнай зборнай, павышэнне якасці трэнерскіх кадраў, павелічэнне колькасці тых, хто займаецца хакеем.