Нарада аб забеспячэнні эфектыўнай работы паліўна-энергетычнага комплексу

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 6 лютага нараду аб забеспячэнні эфектыўнай работы паліўна-энергетычнага комплексу краіны.

"Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг мер па выкананні прагнозных паказчыкаў і, няма чаго ўтойваць, пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце і перш за ўсё ва ўзаемаадносінах з Расіяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта не толькі вузкія пытанні. Яны ва ўсіх на слыху - тыпу паставак нафты, газу, прадуктовыя войны, якія, на жаль, сталі прывычнымі ў апошні час".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гандлёвыя канфлікты паміж дзяржавамі-лідарамі, краінавы пратэкцыянізм і нават новы азіяцкі вірус уплываюць на сусветную эканоміку, а значыць, Беларусь не можа ігнараваць такія падзеі.

"Таму найперш эканамічнаму блоку Урада і Ураду ў цэлым неабходна мець планы рэагавання на любы магчымы выклік, а не закрываць амбразуру целамі, калі пачаўся ўжо бой. Галоўнае - захаваць мір і спакой у краіне, устойлівасць эканомікі і ўпэўненасць грамадзян у заўтрашнім дні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што ёсць у арсенале Урада для вырашэння праблемных пытанняў, як будуць забяспечаны рост валавога ўнутранага прадукту, выкананне параметраў бюджэту, цэнавая стабільнасць і самае галоўнае - паступальны рост даходаў усіх слаёў насельніцтва. "Ні ад адной праграмы мы адмовіцца не можам. І не толькі таму, што гэты год - год экзаменаў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што чарговы раз узніклі рознагалоссі па энергетычных пытаннях з бліжэйшым партнёрам - Расіяй. Гэта адбываецца рэгулярна ўжо на працягу 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы, заўважыў ён. "Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзены цвёрдыя гарантыі. Напрыклад, у гэтым годзе Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн т нафты - па 2 млн кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тыс. - адна чвэрць. Вы мне далажыце, што зроблена для таго, каб Расія выконвала абавязацельствы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь вельмі часта вымушана карэкціраваць планы развіцця сваёй эканомікі. "Таму хацелася б пачуць аб механізмах кампенсацыі страт, якія наша краіна непазбежна нясе ў гэты перыяд не па сваёй віне. Патрабаванні вядомыя - ні адзін жыхар Беларусі, ні адно прадпрыемства не павінны адчуць на сабе наступствы ад усякіх манеўраў нашых партнёраў", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся прапановамі Урада па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энергарэсурсаў і надзейных каналаў іх пастаўкі. "Яшчэ раз, публічна ўжо, паўтараю: усе нафтаперапрацоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і нашы абавязацельствы па кантрактах на знешніх рынках, гэта значыць продаж нафтапрадуктаў Еўропе, Украіне, іншым краінам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады Прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, а таксама кіраўнікоў канцэрна "Белнафтахім" і Міністэрства энергетыкі аб тым, як ідуць перагаворы з расійскім бокам і якія вынікі пошуку альтэрнатыўных крыніц паставак энергарэсурсаў. Прэзідэнту было даложана, што распрацаваны сцэнарыі на выпадак рознага развіцця падзей. У тым ліку прадугледжаны крыніцы кампенсацыі страт рэспубліканскага бюджэту, прадаўжаецца работа па дыверсіфікацыі паставак нафты.