Нарада аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы АПК Віцебскай вобласці

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня правёў нараду аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Праблемныя пытанні АПК Віцебскай вобласці ўжо абмяркоўваліся на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы ў лістападзе 2019 года, тады былі дадзены даручэнні для выпраўлення сітуацыі. Важнасць вырашэння гэтых праблем абумоўлена і тым, што многія з іх характэрны для ўсіх абласцей краіны.

"Як рэалізаваны тыя канцэптуальныя прапановы і рашэнні, якіх мы дасягнулі тады ў Віцебску? Першае пытанне: якія меры прапануюцца? Якія выпрацаваныя мадэлі фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў і, галоўнае, што гэта дасць у выніку? - абазначыў Прэзідэнт ключавыя пытанні для ўдзельнікаў нарады. - У прадстаўленых да нарады матэрыялах асноўны ўпор пакуль зроблены на меры дзяржаўнай падтрымкі. Калі гэта адзінае, з чым вы сюды прыйшлі, то проста змарнуем час. Але я не думаю, што вы прыйшлі толькі з гэтым".

"Падыходы нязменныя. Пытанне не толькі і не столькі ў грашах, колькі ў тым, ці зроблены сур'ёзныя высновы па ўсім шлейфе праблем, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Ці ёсць вывераныя вытворчыя і фінансавыя планы? Як будзе наведзены парадак у гаспадарчай дзейнасці, і ці ведае кіраўніцкая вертыкаль Віцебшчыны, што ёй рабіць далей?"

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе работнікі прадпрыемстваў АПК у Віцебскай вобласці, ад радавых супрацоўнікаў да кіраўнікоў, павінны працаваць з максімальным напружаннем. "Папярэдзьце іх, што калі дзяржава зробіць адпаведныя крокі ім насустрач, то ім давядзецца працаваць з раніцы да ночы, каб не толькі вярнуць даўгі, якія ў іх назбіраліся, але і вывесці свае прадпрыемствы на бясстратную работу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, арыентуючы людзей на інтэнсіўную работу, неабходна ў безумоўным парадку забяспечыць ім дастойную заработную плату. "Людзей, вядома, трэба прымусіць працаваць у Віцебскай вобласці, як і ў іншых абласцях, - тых, хто яшчэ не зразумеў, што трэба напружвацца і працаваць. Але не трэба забываць, што, калі вы напружваеце людзей, вы ім своечасова павінны плаціць нармальную заработную плату, - падкрэсліў беларускі лідар. - Як гэта праблема вырашаецца ў вашых планах? Чым разлічваеце не толькі ўтрымаць людзей у вёсцы, але і прыцягваць новых, высакакласных, спецыялістаў?"

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што чакае ад удзельнікаў нарады сістэмнага погляду на пытанне, якое абмяркоўваецца. "Наколькі эфектыўныя меры, што прапануюцца? Ці здольны яны рэальна палепшыць сітуацыю і зрабіць работу аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ўстойлівай? А галоўнае - ці атрымалася ва Урада і Віцебскага аблвыканкама выпрацаваць універсальныя меры, якія можна прымяняць у іншых рэгіёнах краіны? - абазначыў кола пытанняў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы пойдзем на абнаўленне арганізацыйнай сферы АПК вобласці, то дзе возьмем спецыялістаў? Ці ёсць яны ў вас?"


У час нарады Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў наладзіць эфектыўную работу прадпрыемстваў АПК Віцебскай вобласці, запэўніўшы, што спісання даўгоў для іх не будзе.

"Размовы пра спісанне даўгоў быць не можа, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Што вінен, аддаць павінен. Вярніце даўгі. Размова можа ісці толькі аб тым, што мы вам дадзім нейкую аддушыну, каб вы маглі схапіць свежага паветра".

Кіраўнік дзяржавы паўтарыў сваё патрабаванне аб тым, што сельскую гаспадарку Віцебскай вобласці трэба істотна мадэрнізаваць. "Мадэрнізацыя павінна быць па галоўным напрамку: што будзем вырошчваць у Віцебскай вобласці - зоне не проста рызыкоўнага, а крытычнага земляробства?" - адзначыў ён. З улікам асаблівасцей рэгіёна, у многіх раёнах неэфектыўна, напрыклад, вырошчванне кукурузы на зерне, іншых культур, таму канцэнтравацца неабходна на вытворчасці малака і мяса.

"Галоўнае, што зроблена правільна ў Віцебскай вобласці, - мы пайшлі ад патрэбнасцей, перапрацоўшчыкаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Уключылі ў холдынгі калгасы і саўгасы. Калі ласка, дайце нам малако і мяса. Калі яны не разумеюць, колькі, давядзіце да іх, як у савецкія часы, заданні, планы, прагнозы, што хочаце, але давядзіце да іх тыя аб'ёмы, якія яны павінны выдаць перапрацоўчым прадпрыемствам, і няхай выконваюць. Планы павінны быць напружанымі настолькі, каб забяспечыць сваю гаспадарчую дзейнасць і вярнуць даўгі".

Для прадпрыемстваў АПК рэгіёна патрэбны канкрэтныя праграмы развіцця. "Кожны год па выніках года праграма павінна быць кантралюемая. Яна павінна быць празрыстай і зразумелай, каб мы змаглі падвесці вынікі і зрабіць вывады: будуць вернуты даўгі ці не, як функцыянуюць гэтыя гаспадаркі, ці настолькі нармальна яны функцыянуюць, каб людзі жылі дастойна, гадавалі дзяцей, і каб вярнуць даўгі", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, у аграпрамысловага комплексу вобласці даўгоў на Br3 млрд. Спецыялісты прапрацоўвалі розныя варыянты, што рабіць з гэтай запазычанасцю, але да адзінага рашэння пакуль не прыйшлі. Патрабаванне Прэзідэнта адно: так ці інакш грошы павінны быць вернуты.

"Пры ўсёй макраэканамічнай стабільнасці ў нас праблем хапае ў эканоміцы, таму трэба зыходзіць з гэтага, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Або пакідайце гэтыя даўгі ў калгасах і саўгасах (мы іх адтэрмінуем, і банкі будуць на іх у перыяд адтэрміноўкі нармальна глядзець, а не каэфіцыенты лічыць), або мы перададзім гэтыя даўгі галаўному прадпрыемству, або акумулюем у агенцтве (сярод прапаноў - стварыць арганізацыю па кіраванні даўгамі. - Заўвага)".

Кіраўніку дзяржавы было прапанавана правесці "тэхнічную расчыстку" балансаў прадпрыемстваў, каб у іх на балансах не лічылася даўгоў. Гэта дасць магчымасць аўтаматычна палепшыць каэфіцыенты плацежаздольнасці прадпрыемстваў, яны стануць больш прывабнымі пазычальнікамі.


"Прапрацоўвайце пытанне (калі гэта магчыма) у агенцтва сканцэнтраваць даўгі, - сказаў Прэзідэнт. - Але абавязкова яны (прадпрыемствы. - Заўвага) хоць па цэнту, па рублю павінны плаціць. Няхай гэты год мы ім скажам: давайце паглядзім, як будзеце працаваць, чапаць не будзем. З 1 студзеня будучага года яны хоць рубель павінны плаціць, яны павінны ведаць, што па даўгах трэба разлічвацца, ніякага спісання!"

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяпер Беларусь страчвае вялікія грошы на фоне падатковага манеўру ў Расіі, таму вельмі важна шукаць рэзервы па ўсіх напрамках. "Пытанне ў выратаванні вобласці і вяскоўцаў. А каб іх выратаваць, іх трэба там аб'яднаць і прымусіць працаваць. І заплаціць ім грошы. І сказаць, што малако і мяса ў гэтым годзе кроў з носа вы павінны на галаўное прадпрыемства паставіць. Ці не? Вайна ідзе, а вы балбатнёй займаецеся", - раскрытыкаваў стан спраў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт папярэдзіў, што не трэба разлічваць толькі на фінансавую падтрымку прадпрыемстваў з боку дзяржавы. Нават пры яе наяўнасці не ўдасца вырашыць многія праблемы, калі не навесці парадак і дысцыпліну.

"Прывядзіце ў парадак тое, што ёсць: базу, машынныя двары, комплексы, збожжатакі, фермы. Прымусьце людзей своечасова прыходзіць і ісці з работы і выконваць свае функцыянальныя абавязкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з падзяжом жывёлы. Асноўная адказнасць за гібель жывёл - на работніках прадпрыемстваў. "Гэта нікуды не варта, што мы 92 тыс. галоў жывёлы загубілі ў цэлым па краіне!" - сказаў Прэзідэнт.

"Сёння павінна быць самая жорсткая тэхналагічная дыктатура і дысцыпліна, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У гэтым годзе подзвігі будзем здзяйсняць з тымі людзьмі, якія ў нас ёсць, і на той базе, якая ў нас створана ў Віцебскай вобласці".

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што калі кожны на сваім месцы будзе адказна працаваць і клапаціцца аб эфектыўнасці свайго прадпрыемства, то і ў цэлым сітуацыя ў краіне будзе паспяховай. "Я хачу, каб вы зразумелі: уся вертыкаль улады, якая прысутнічае тут, - ад Прэзідэнта да старшынь райвыканкамаў Віцебшчыны - іншага не дадзена, - адзначыў ён. - Калі вы думаеце, што ў нас ёсць вялікія грошы, якія мы будзем выкідаць на Віцебскую вобласць, - не. Сёння, мужыкі, сітуацыя ўжо не тая. Дваццаць гадоў таму, вы помніце, было па-іншаму: есці было няма чаго, тады літр малака быў за шчасце. Цяпер малака, мяса - няма куды дзяваць у цэлым па краіне. І ніхто на вас маліцца не будзе".


Асобным блокам у час нарады былі разгледжаны меры падтрымкі спецыялістаў, занятых у сельскай гаспадарцы. Забеспячэнне людзей жыллём Кіраўнік дзяржавы назваў важнейшым пытаннем. На яго думку, трэба вярнуцца да практыкі будаўніцтва дамоў у аграгарадках."У вас усюды ёсць аграгарадкі. У гэтых аграгарадках для кожнага спецыяліста - для пачатку галоўнага - павінен быць пабудаваны дом", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Будаўніцтвам такога жылля мог бы заняцца філіял Шклоўскага завода газетнай паперы "Домабудаванне", лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Вось тут мы плячо падставім. Але гэта павінна быць жыллё па месцы - у аграгарадку", - падкрэсліў ён.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько агучыў прапанову маладым аграрыям замяніць тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве.

"Чаго яго ў армію цягнуць? Мы больш страцім, - пагадзіўся Прэзідэнт. - Няхай яны пяць або дзесяць гадоў, можа, два гады па два месяцы адлучаюцца на ваенную падрыхтоўку, але мы іх павінны навучыць, каб яны хаця б у тэрытарыяльнай абароне маглі служыць".

Адпаведных прапаноў, як павінна будавацца работа ў гэтым напрамку, Аляксандр Лукашэнка чакае ад Міністэрства абароны і Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі. Такая падтрымка для маладых спецыялістаў таксама будзе з'яўляцца пэўнай ільготай, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Але прайсці гэту суровую школу жыцця трэба ўсім, - падкрэсліў ён. - Дамовіліся. Прапрацуем гэта пытанне. Нам трэба знайсці аптымальны варыянт".

Акрамя таго, размова ішла аб фінансавым стымуляванні маладых спецыялістаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што зарплата ў гэтай сферы павінна быць дастойнай, аднак, паводле яго слоў, рэспубліканскі і абласны бюджэты не трэба перагружаць стварэннем новых фондаў падтрымкі, як гэта прапаноўвалася.

"Багатых людзей нямала. Папрасіце ў іх крыху, няхай адшчыпнуць вам у гэты фонд, разумеючы, што нам трэба вяскоўцаў ратаваць. А вы з гэтых фондаў будзеце падтрымліваць спецыялістаў. Ці яшчэ нейкі варыянт знайдзіце. Але пра бюджэт нават не думайце. Не раю і ў абласны бюджэт асабліва залазіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падводзячы вынікі нарады, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер Віцебскую вобласць "трэба разварушыць". Указ, які павінен пасадзейнічаць развіццю яе аграпрамысловага комплексу, Прэзідэнт даручыў дапрацаваць у бліжэйшыя пару тыдняў.

"Мужыкі, я вас вельмі прашу: зразумейце сур'ёзнасць моманту. Грошай лішніх няма. Ідзе барацьба не на жыццё, а на смерць. Або мы патонем, або застанёмся наплаву. Але ў нас ёсць усё для таго, каб нармальна плыць і не патануць. Мы павінны гэта вытрымаць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Усё залежыць ад вас там, на месцах. Калі Віцебская вобласць выплыве, то Магілёўская і Гомельская дакладна не памруць. Мінскай - бог наканаваў (развівацца. - Заўвага), астатнія больш ці менш працуюць".