Нарада аб новых падыходах ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь

  • 1

Новыя падыходы ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы разгледжаны 31 студзеня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

"Хацеў бы абмеркаваць сёння шэраг пытанняў, якія датычацца перш за ўсё інфармацыйнай бяспекі нашай дзяржавы. Тут у нас добры кавалак работы. Не сказаў бы, што мы дасягнулі поспеху ў гэтым плане. Пытанне вельмі сур'ёзнае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што адпаведнае пытанне закраналася і ў час праведзенай непасрэдна перад нарадай тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "У плане будучай сустрэчы вызначыліся, што мы сур'ёзна абмяркуем гэту праблему ў кантэксце нашых двухбаковых адносін, дзе мы можам папрацаваць разам", - расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што інфармацыйная бяспека - гэта адзін з сур'ёзных напрамкаў бяспекі краіны ў цэлым. "Павінен сказаць, што яна сёння (вы гэта як ніхто ведаеце) выйшла на пярэдні план у функцыянаванні любой дзяржавы. Скажам адкрыта (не дай бог, вядома): любая халодная або тым больш гарачая вайна ніколі не пачынаецца без інфармацыйнага націску і проціборства. Таму ў больш маштабным, сур'ёзным ключы мы гэту праблему ўсебакова прааналізуем на бліжэйшым пасяджэнні Савета Бяспекі Беларусі. Гэта пытанне нумар адзін, якое мы разгледзім", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Прапагандаваць нам асабліва не трэба. А весці барацьбу за свае прынцыпы, узнімаць імідж нашай краіны - гэта трэба. І процістаяць, асабліва ў СМІ, тым атакам, якія робяцца на Беларусь (а яны часам з розных бакоў робяцца), мы павінны ўмець. І нам трэба ў гэтым плане вызначыцца. Менавіта інфармацыйная бяспека ў кантэксце СМІ, асабліва інтэрнэту, - гэта асноўнае пытанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што пры гэтым галоўная тэма - эфектыўнасць. "Эфектыўнасць у нас пакуль слабая, асабліва ў проціборстве з рознымі каналамі, старонкамі і сайтамі ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння робіцца. Мы слаба процідзейнічаем. Але спецыялістаў, прафесіяналаў у нас хоць адбаўляй. Проста не было адпаведнай арганізацыі. Гэта трэба ўмець рабіць", - растлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, таксама наспела пытанне стварэння арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ. "Але яе трэба зрабіць такой, каб ёй давяралі людзі і, перш за ўсё, СМІ, якія будуць ацэньвацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін блок пытанняў на нарадзе датычыўся рэкламнага рынку Беларусі. "Трэба паглядзець, як яго можна абараніць, калі ў гэтым ёсць пэўная патрэба. Словам, у якім напрамку, у якім кантэксце мы будзем дзейнічаць у плане рэкламы ў СМІ, каб гэтыя грошы засталіся перш за ўсё ў нас у краіне, у вас - вядучых сродкаў масавай інфармацыі", - адзначыў беларускі лідар.

На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі СМІ, эксперты.