Каментарый да Указа № 305 ад 7 жніўня 2018 г.
Прэзідэнт
Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня падпісаў Указ № 305 "Аб
удасканаленні прававога рэгулявання ігральнага бізнесу".
Дакументам у Беларусі
легалізаваны такі від дзейнасці, як арганізацыя і правядзенне азартных гульняў
у інтэрнэце шляхам утрымання віртуальнай ігральнай установы (анлайн-казіно).
Для гэтага ўстаноўлены
асаблівасці ліцэнзавання і падаткаабкладання гэтай дзейнасці, а таксама
вызначаны патрабаванні і ўмовы. У прыватнасці, ажыццяўленне яе толькі на
падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі); наяўнасць гарантыйнага дэпазіту на
спецыяльным рахунку, які будзе выкарыстоўвацца для забеспячэння выплаты
выйгрышаў і разлікаў з бюджэтам у выпадку фінансавай неплацежаздольнасці
арганізатара азартных гульняў у сетцы Інтэрнэт; прадастаўленне падатковым
органам аддаленага доступу да віртуальнай ігральнай установы і падключэнне
такой установы да спецыяльнай камп'ютарнай касавай сістэмы, якая забяспечвае
кантроль за абаротамі ў сферы ігральнага бізнесу; правядзенне ідэнтыфікацыі
фізічных асоб - наведвальнікаў віртуальных ігральных устаноў.
Акрамя таго, у мэтах
мінімізацыі шкодных наступстваў удзелу ў азартных гульнях павялічаны ўзроставы
цэнз для наведвання ігральных устаноў, у тым ліку віртуальных, і ўдзелу ў
азартных гульнях з 18 да 21 года. Уведзена забарона для наведвальнікаў
ігральных устаноў прадастаўляць іншым ігракам грашовыя сродкі для ўдзелу ў
азартнай гульні, а для арганізатараў азартных гульняў замацаваны абавязак
устанаўліваць сістэмы відэанагляду ў ігральных установах, якія фіксуюць усіх
наведвальнікаў і выплату ім грашовых сродкаў.
Указ дасць магчымасць
мінімізаваць адток грашовых сродкаў за мяжу за кошт абмежавання доступу
грамадзян, якія знаходзяцца ў рэспубліцы, да ўдзелу ў азартных гульнях, што
арганізуюцца і праводзяцца на сайтах, размешчаных за межамі нацыянальнага
сегмента глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт.