Каментарый да Указа № 391 ад 30 жніўня 2012 г.

    У Беларусі будзе пабудаваны завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы. Адпаведны Указ № 391 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 30 жніўня.

    Дакументам прадугледжваецца, што гэты праект будзе рэалізаваны на базе ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат" у 2012-2023 гадах з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый. Плануецца, што ўжо ў 2015 годзе завод дасягне магутнасці 400 тыс. т сульфатнай беленай цэлюлозы за год.

    Кантракт будаўнічага падраду заключаны паміж ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат" і ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС" (КНР).

    Пры распрацоўцы праектнай дакументацыі на будаўніцтва завода асаблівая ўвага будзе акцэнтавана на забеспячэнні тэхнічных патрабаванняў, умоў, стандартаў, якія рэгулююць сістэмы ацяплення, вентыляцыі, электра-, газа-, водазабеспячэння, каналізацыі, чыгуначнага транспарту, пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і працы, пажара-, электра-, узрывабяспекі. Цяпер ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС" праводзіць неабходную адаптацыю распрацаванай праектнай дакументацыі да норм і ўмоў, дзеючых у Беларусі, з праходжаннем дзяржаўнай экспертызы.

    Агульныя інвестыцыйныя затраты па праекту складаюць $863 917,8 тыс. Чакаецца павелічэнне выручкі ад рэалізацыі прадукцыі са $106,1 млн. у 2010 годзе да $501,7 млн. (у 4,7 раза) у 2016 годзе.

    Вытворчасць цэлюлозы ў таварным рэжыме дасць магчымасць поўнасцю забяспечыць цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы краіны якаснай валакністай сыравінай, створыць перадумовы для развіцця галіны на перспектыву з далейшай мадэрнізацыяй прадпрыемстваў цэлюлозна-папяровай прамысловасці, арыентаваных на выпуск высокаліквіднай прадукцыі, а таксама экспартаваць лішкі гэтай сыравіны на рынкі блізкага і далёкага замежжа.

    На сусветным рынку высакаякасныя віды паперы карыстаюцца павышаным попытам, і гэту прадукцыю можна вырабляць у нашай краіне.