Каментарый да Указа № 240 ад 18 чэрвеня 2018 г.

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 240 "Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

    Дакумент накіраваны на ўдасканаленне механізма камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаных за кошт дзяржаўных сродкаў. Нормы Указа дадуць магчымасць больш гібка планаваць працэс увядзення ў грамадзянскі абарот або выкарыстання для ўласных патрэб вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці - аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці і дакументаванай навукова-тэхнічнай інфармацыі.

    Указам вызначаюцца ўладальнікі маёмасных правоў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, спосабы і тэрміны камерцыялізацыі. Тэрміны будуць устанаўлівацца з улікам галіновай спецыфікі праектаў. Калі ў запланаваны перыяд часу камерцыялізацыя не забяспечана, то прадугледжана вяртанне бюджэтных сродкаў.

    Адначасова дакументам прадастаўляецца магчымасць вызваліць добрасумленных выканаўцаў ад адказнасці, калі вынікі не асвоены па аб'ектыўных прычынах. Гэта будзе садзейнічаць выкананню перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак з высокай ступенню рызыкі.

    Прыняцце Указа дасць магчымасць актывізаваць навукова-тэхнічную дзейнасць і ўдасканаліць прававыя ўмовы камерцыялізацыі яе вынікаў.