Каментарый да Указа № 106 ад 19 сакавіка 2020 г.

    На кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый ускладзена персанальная адказнасць за стан работы па інфармацыйным забеспячэнні і суправаджэнні дзяржаўнай палітыкі ў адпаведнай сферы. Гэта прадугледжана Указам № 106, які падпісаў 19 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Дакумент уносіць змяненні ва Указ ад 6 лютага 2009 года № 65 "Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі".

    У новай версіі Указа пералік дзяржорганаў, у якіх прадугледжаны пасады, адказныя за работу са СМІ, дапоўнены абласнымі і Мінскім гарадскім судамі, а таксама эканамічнымі судамі абласцей і горада Мінска. З гэтага спіса выключаны Беларускі дзяржаўны канцэрн па вытворчасці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прадукцыі ў сувязі з яго ліквідацыяй.

    У дакуменце размежаваны паўнамоцтвы паміж дзяржаўнымі органамі, што займаюцца маніторынгам дзейнасці асоб, якія адказваюць за работу са СМІ, і структурамі, што адказваюць за арганізацыю вучэбна-метадычных мерапрыемстваў для павышэння прафесійнага ўзроўню названых работнікаў.