Інтэрв'ю прадстаўнікам грузінскага тэлебачання

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб бачанні сваёй ролі ў Беларусі і брэндзе краіны ў інтэрв'ю прадстаўнікам грузінскага тэлебачання.

Адказваючы на пытанне аб моцнай прэзідэнцкай уладзе ў Беларусі і ўплыве Кіраўніка дзяржавы на многія працэсы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго роля крыху гіпербалізуецца. "Сапраўды, у нас моцная прэзідэнцкая ўлада. Гэта і выратавала краіну ад разарэння. Я не хачу быць ужо вельмі скромным. А вы не палічыце гэта за няскромнасць. Вядома, роля Лукашэнкі ў Беларусі як кіраўніка аб'ектыўна, напэўна, значная. Але не трэба думаць, што толькі Лукашэнка там працуе, а ўсе астатнія спяць і нічога не робяць, не кіруюць і не вырабляюць. Выбудаваны сістэма кіравання і пэўная сістэма ўлады ў суверэннай незалежнай дзяржаве", - сказаў Прэзідэнт.

Адначасова ён канстатаваў, што жыццё мяняецца і ўсё павінна ўдасканальвацца. "Я нядаўна гаварыў аб тым, што надыдзе час, калі мы павінны будзем і Канстытуцыю падкарэкціраваць. Можа, якія-небудзь нормы памяняць. Зразумела, нейкія функцыі ад Прэзідэнта перадаць выканаўчым органам улады, Ураду, парламенту і да таго падобнае. Да гэтага мы і ідзём. Так, сёння няма гэтага часу. Але ён заўтра можа прыйсці. І мы павінны быць гатовыя. Таму мы будзем працаваць над Асноўным законам, каб гэта не было нейкай вулічнай акцыяй, пасля якой улады пачынаюць варушыцца. Я гэта цудоўна разумею", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"І вы ведаеце, у нас акрамя Лукашэнкі дастаткова разумных, моцных палітыкаў, якія, няхай не асабіста, але ў камандзе могуць вырашаць пытанні", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, галоўнае нават не ва ўладзе Прэзідэнта, а ў здольнасці народа ствараць і ісці ў напрамку тых ці іншых зададзеных рэформ. "Вызначаным вектарам ісці. Гэта ўжо ў нашага народа ёсць. Нашаму народу прывіты за гэтыя гады пэўны імунітэт да ўзрушэнняў і рэвалюцый. Наш народ на гэта ніколі не пойдзе", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Таму калі вы і іншыя дзяржавы вырашылі выбудоўваць з намі адносіны, можаце не турбавацца за стабільнасць. Гэта святое для нас. Гэта наш брэнд. І мы яго не збіраемся кудысьці выкідваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі разлічвае на пазітыўнае развіццё беларуска-расійскіх адносін у час новага прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Пуціна.

"Я чакаю заўсёды пазітыву. З Прэзідэнтам Пуціным мы размаўлялі адразу ж пасля выбараў. І мы, зразумела, закранулі некаторыя злабадзённыя пытанні, якія трэба вырашаць і якія, магчыма, нават не прэзідэнтаў пытанні. Але мы іх абмяркоўвалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца агульнага кантэксту адносін з Расіяй і перспектыў іх развіцця, у Прэзідэнта Беларусі ў гэтым плане няма сумненняў. "У мяне добрыя адносіны з Прэзідэнтам (Уладзімірам Пуціным). Калі пытанні ўзнікалі і дзесьці накопліваліся, не было таго выпадку, каб мы не вырашылі сітуацыю. На жаль, накопліваюць пытанні і міністры, і ўрады з двух бакоў. Тады нам даводзіцца падключацца. На жаль. Гэтага быць не павінна. І мы часта аб гэтым гаворым на нашых сумесных беларуска-расійскіх мерапрыемствах, што міністры і ўрады павінны ўсё ж такі вырашаць пытанні і не выносіць іх на верхні ўзровень. Але гэта жыццё, нікуды ад гэтага не дзенешся", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што пытанні ў беларуска-расійскіх адносінах узнікаюць, і звязаны яны з канкурэнцыяй, развіццём рыначнай эканомікі. Але ў сферы палітыкі такіх праблем паміж бакамі няма.

"Што датычыцца вашых адносін - мы закраналі і з Прэзідэнтам, і з Прэм'ер-міністрам адносіны Грузіі і Расіі, - я ўпэўнены, калі на тое будзе воля грузінскага кіраўніцтва, Уладзімір Пуцін гэту праблему будзе вырашаць. Ён жа цудоўна разумее, што гэта не праблема паміж народамі. Гэта праблема, якая павінна быць вырашана на ўзроўні ўлад. І я ўпэўнены, што калі вы будзеце больш настойлівыя і адкрытыя адзін з адным у гэтым дыялогу, праблема будзе вырашацца", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся меркаваннем аб тым, што Прэзідэнт Расіі настроены вырашаць праблемныя пытанні ў адносінах з шэрагам краін. "Павінен сказаць, што ў Прэзідэнта Пуціна, я гэта заўважыў, у майго калегі і сябра, ён як быццам новае дыханне атрымаў. Я ўпэўнены, што пытанні, якія існуюць у Расіі не толькі з Беларуссю, але, дапусцім, з Грузіяй, ён поўны рашучасці іх вырашаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Разумееце, ён гатовы і будзе іх вырашаць, не кажучы ўжо пра Беларусь. Таму што я нават не сказаў бы, што ў нас такія вострыя праблемы. Пытанні ўзнікаюць - канкурэнцыя, рыначная эканоміка, эканамічныя праблемы. Што датычыцца палітыкі, у нас няма такіх вострых праблем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што ў яго назбіралася вялікая колькасць прапаноў і пытанняў, якія трэба абмеркаваць разам з Еўрасаюзам.

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму ён не паехаў асабіста на саміт "Усходняга партнёрства" ў Брусель у канцы мінулага года, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы звычайна загадзя плануем такія паездкі, і рыхтаваўся наш Міністр замежных спраў. Чаму я павінен не давяраць Міністру? Ён і паехаў на гэты саміт. Ён больш быў гатовы да тых праблем, якія там абмяркоўваліся. Думаю, надыдзе час, і я пабуду на гэтым саміце".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што гэта будзе залежаць ад таго, якія там будуць абмяркоўвацца праблемы і які будзе адчувальны вынік пасля гэтага. "У мяне назбіралася шмат прапаноў і пытанняў, якія трэба абмяркоўваць нам у Еўрапейскім саюзе. Гэта іх праблемы, і нашы праблемы, і расійскія, і нават, магчыма, грузінскія. У мяне ёсць сваё бачанне. Надыдзе час - я аб гэтым бачанні скажу. Ёсць што сказаць", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнту таксама было зададзена пытанне, якія яго патрабаванні да Еўрасаюза. "Вы ведаеце, у мяне няма да іх абсалютна ніякіх патрабаванняў. Я хачу проста, каб нас паважалі і лічылі, што ёсць такая дзяржава ў цэнтры Еўропы. Еўрасаюз павінен разумець каштоўнасць Беларусі на сённяшні дзень. Сёння ёсць праблема ў Еўрасаюза з Украінай. Не толькі ў Расіі, але і ў ЕС. Ёсць праблемы на поўнач ад нас, дзе дарог практычна няма. І Беларусь - гэта амаль тысяча кіламетраў, застаўся беспраблемны калідор для ЕС з аднаго боку, і для Расіі і Кітая з іншага. І для Грузіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"І мы хочам, каб Еўрапейскі саюз гэта бачыў і цаніў. Дапусцім, каб у эканоміцы не было аднабаковых мер, тарпедавання нашых тавараў у ЕС. Абкладаюць пошлінамі, яшчэ штосьці. Праўда, тут ужо ёсць некаторы рух. Па тэкстылі і гэтак далей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён заклікаў не вучыць Беларусь дэмакратыі. "Мы ўмеем падручнікі чытаць, і мы бачым дэмакратычную Грузію (без гумару), дэмакратычную Еўропу. Мы ўсё бачым. І станоўчае, і недахопы. Але мы маем свае нацыянальныя асаблівасці. І вы (ЕС) павінны іх разумець, і не трэба нас штурхаць у спіну. Гэта не патрабаванні. Гэта мае пажаданні. Я еўрапейцам аб гэтым гавару", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць непрымальным, каб Беларусь ставілі перад выбарам, з кім супрацоўнічаць і развіваць адносіны. "Мы нават перагаворы не хочам весці і размаўляць на гэту тэму. Мы - незалежная дзяржава са сваёй знешняй палітыкай. А сутнасць нашай знешняй палітыкі - шматвектарнасць, і другое - не ствараць праблем нашым суседзям", - падкрэсліў Прэзідэнт.