Інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Trend (Азербайджан)

    Як вы ацэньваеце цяперашні ўзровень супрацоўніцтва паміж Азербайджанам і Беларуссю?

    Азербайджан - адзін з важных і надзейных палітычных і эканамічных партнёраў Рэспублікі Беларусь.

    Нашы двухбаковыя адносіны правераны часам і выведзены на ўзровень стратэгічнага супрацоўніцтва, у аснове якога - адкрытасць, давер, дружба і ўзаемавыручка. Мы цудоўна помнім, як кіраўніцтва Азербайджана вельмі своечасова падставіла нам сяброўскае плячо, калі Беларусь апынулася ў няпростай сітуацыі.

    Істотны ўклад у развіццё беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ўнёс Гейдар Аліевіч Аліеў, з якім мы закладвалі трывалы фундамент двухбаковага ўзаемадзеяння.

    Цяперашні высокі ўзровень нашых адносін быў бы немагчымы без адпаведнай увагі да іх з боку дзеючага Прэзідэнта Азербайджана - Ільхама Гейдаравіча Аліева. У свой час мы разам правільна вызначылі прыярытэты двухбаковага супрацоўніцтва і скаардынавана рэалізуем нашы дамоўленасці, якія прыносяць практычную аддачу і Беларусі, і Азербайджану.

    Вы ведаеце, што ў нас з вашым Прэзідэнтам склаліся дружалюбныя даверныя адносіны. Яны натуральным чынам перанесены на ўсю сістэму міждзяржаўных сувязей. Існуе добрая практыка рэгулярных сустрэч на вышэйшым узроўні, наладжана аптымальнае ўзаемадзеянне паміж урадамі, парламентамі, ключавымі міністэрствамі і ведамствамі, дзелавымі коламі.

    Беларусь і Азербайджан маюць блізкія пазіцыі на міжнароднай арэне, праводзячы самастойную знешнюю палітыку, безумоўным прыярытэтам якой з'яўляюцца інтарэсы нашых народаў.

    Актыўна працуе Міжурадавая беларуска-азербайджанская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Ва ўзаемным гандлі з абодвух бакоў удзельнічаюць больш за 270 прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць пастаўкі па сотнях таварных пазіцый. Амаль 45 азербайджанскіх кампаній з'яўляюцца дылерамі і дыстрыб'ютарамі беларускіх прадпрыемстваў у вашай краіне.

    Пашыраецца ўзаемадзеянне ў сферах вытворчай кааперацыі і паслуг. Асабліва прыемна канстатаваць актывізацыю двухбаковага супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай галіне. Азербайджанскі бізнес прыходзіць да нас з праектамі па стварэнні лагістычных і дзелавых цэнтраў, аб'ектаў гасцінічнага бізнесу і грамадскага харчавання, інфраструктуры. Вялікую цікавасць у інвестараў выклікаюць такія сферы, як будаўніцтва, харчовая прамысловасць, машынабудаванне, транспарт, турызм, банкаўскія і страхавыя паслугі.

    На рэгулярнай аснове праводзяцца пасяджэнні рабочай групы па інавацыйных праектах, а таксама бізнес-форумы па лініі міністэрстваў сувязі абедзвюх краін. Пастаяннае ўзаемадзеянне ў гэтым напрамку дало магчымасць выбудаваць сістэму пашырэння інавацый - ад праектных распрацовак да іх практычнага ўкаранення.

    Поўным ходам развіваецца супрацоўніцтва і ў іншых галінах. Устанавіліся доўгатэрміновыя кантакты паміж вучонымі абедзвюх дзяржаў. Яны рэалізуюць сумесныя навуковыя праекты.

    Штогод вядучыя артысты Беларусі і Азербайджана абменьваюцца гастрольнымі турамі, якія праходзяць з нязменным поспехам.

    Упэўнены, што цяперашняя сістэма палітычных, гандлёва-эканамічных, адукацыйных, культурных і іншых сувязей паміж нашымі краінамі з'яўляецца важным фактарам дынамічнага развіцця двухбаковага стратэгічнага партнёрства.

    Хацеў бы яшчэ раз паўтарыць тое, што ўжо не раз гаварыў аб супрацоўніцтве з Азербайджанам: "Дай бог з кожнай дзяржавай мець такія адносіны".

    Наколькі цяперашняя форма супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі адлюстроўвае іх рэальныя магчымасці?

    Беларусь і Азербайджан маюць магутны інтэлектуальны, адукацыйны, навуковы, эканамічны, тэхналагічны і вытворчы патэнцыял. Менавіта на пошук і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў настроены сёння Мінск і Баку. На гэта перш за ўсё накіраваны і намаганні двух прэзідэнтаў. Ёсць нядрэнныя вынікі. Напрыклад, з 2007 года на Гянджынскім аўтамабільным заводзе сабрана каля 8 тыс. трактароў "Беларус" і больш за 3,5 тыс. адзінак тэхнікі маркі "МАЗ". У 2015 годзе гэта азербайджанскае прадпрыемства стала буйнейшай зборачнай вытворчасцю беларускіх трактароў за межамі Еўразійскага эканамічнага саюза.

    І такіх прыкладаў, выгадных абедзвюм нашым краінам, можа і павінна быць значна больш. Мы гатовы актыўна ўдзельнічаць у праектах, якія выходзяць за рамкі звычайнага гандлю. Гэта стварэнне сумесных вытворчасцей у розных сферах эканомікі на аснове інавацыйных ідэй, інтэнсіфікацыя супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, вытворчасці спажывецкіх тавараў, транспарту, развіцця інфармацыйных тэхналогій.

    Ёсць узаемны інтарэс да сумеснай работы ў сферах стандартызацыі, развіцця лічбавага тэлебачання, мадэрнізацыі сетак электрасувязі, тэлекамунікацыйнага абсталявання, інфармацыйнай бяспекі, абмену трафікам.

    Улічваючы існуючыя напрацоўкі і вопыт беларускага боку ў галіне ядзерных даследаванняў, існуюць перспектывы сумеснай дзейнасці па развіцці атамнай энергетыкі, якую асвойвае Азербайджан.

    Адной з мэт нашага кааперацыйнага супрацоўніцтва з'яўляецца продаж тавараў, вырабленых агульнымі намаганнямі, у трэція краіны. Дарэчы, Азербайджан можа адыграць істотную ролю ў прасоўванні гэтай прадукцыі як на рынкі Каўказскага рэгіёна, так і на Блізкі Усход.

    Урад Азербайджана плануе стварыць у сябе ў краіне шэраг прамысловых паркаў і кварталаў. Ці могуць беларускія прадпрымальнікі зацікавіцца такімі праектамі і прыняць у іх удзел?

    Беларускі бок, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб паўдзельнічаць у рэалізацыі гэтых планаў. Мы маем значны вопыт работы на знешніх рынках у частцы суправаджэння інфраструктурных праектаў. Гэта і будаўнічыя паслугі, і здача аб'ектаў "пад ключ", і пастаўкі машын і абсталявання. Думаю, нашы прадпрымальнікі знойдуць агульную мову з азербайджанскімі заказчыкамі. Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, і гатова да ажыццяўлення любых ідэй, калі гэта паслужыць умацаванню нашых дзяржаў і павышэнню ўзроўню жыцця іх грамадзян.

    Наколькі стварэнне ЕАЭС стымулявала прыход азербайджанскіх інвестараў у Беларусь? Да якіх прэферэнцый яны атрымалі доступ?

    Сёння нельга адназначна сказаць, як Еўразійскі эканамічны саюз, які пачаў функцыянаваць амаль 2 гады таму, паўплываў на прыход азербайджанскіх інвестараў у Беларусь. Прывяду такія лічбы. У 2015 годзе аб'ём інвестыцый, што паступілі ў Беларусь ад азербайджанскіх партнёраў, склаў амаль 5,5 мільёна долараў ЗША. Гэта ўсяго толькі крыху больш за 80 працэнтаў да ўзроўню 2014 года, калі ЕАЭС яшчэ не было. У студзені-чэрвені 2016 года аб'ём гэтых паступленняў перасягнуў 4 мільёны долараў, што амаль напалавіну больш, чым за адпаведны мінулагодні перыяд. Вось і мяркуйце самі. Але бясспрэчным з'яўляецца тое, што пасля ўступлення ў сілу Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе азербайджанскія бізнесмены, якія інвесціравалі ў беларускую эканоміку, з усёй наменклатурай сваіх тавараў маюць магчымасць прамога доступу да рынку пяці краін ЕАЭС: Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана. А ў чым асаблівасць гэтага рынку? Адной з асноўных мэт аб'яднання было забеспячэнне свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы ўнутры Саюза. Акрамя таго, гэта адзіная мытная тэрыторыя з адпаведнай тарыфнай палітыкай. Тут дзейнічаюць роўныя для членаў арганізацыі ўмовы гаспадарання, а таксама адзіныя правілы тэхнічнага рэгулявання, санітарныя, ветэрынарныя і фітасанітарныя нормы.

    Акрамя таго, неабходна адзначыць, што ў Беларусі створаны даволі прывабны інвестыцыйны і падатковы клімат. Дзейнічае шэраг прэферэнцыйных рэжымаў, якія могуць быць вельмі карысныя для замежных кампаній, у тым ліку з пункту гледжання іх падатковага планавання і аптымізацыі. Я маю на ўвазе льготныя ўмовы гаспадарання пры размяшчэнні бізнесу ў свабодных эканамічных зонах, Парку высокіх тэхналогій і індустрыяльным парку "Вялікі камень", які мы ствараем разам з Кітаем. Дадатковую выгаду ў выглядзе максімальнага зніжэння інвестыцыйных затрат і падатковай нагрузкі любая кампанія можа атрымаць, разгарнуўшы сваю дзейнасць на тэрыторыі малых і сярэдніх гарадоў Беларусі.

    У кастрычніку, пасля доўгага перапынку, Беларусь аднавіла закупку азербайджанскай нафты. Якія яшчэ напрамкі супрацоўніцтва могуць разглядацца паміж Азербайджанам і Беларуссю ў энергетычным сектары?

    Гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў кантэксце дыверсіфікацыі крыніц энергарэсурсаў для Беларусі. У гэтай сферы мы ўжо маем станоўчы вопыт сумеснай работы. Наша рэспубліка яшчэ з часоў СССР мае развіты нафтахімічны комплекс. Гэтыя прадпрыемствы характарызуюцца высокім тэхналагічным узроўнем, глыбінёй перапрацоўкі нафты і якасцю нафтапрадуктаў, што адпавядае сусветным стандартам. На знешніх рынках рэалізуецца звыш 70 працэнтаў прадукцыі беларускай нафтахіміі. Таму перапрацоўка азербайджанскай нафты на нашых заводах уяўляе для нас вялікі інтарэс. Арганізаваўшы гэту работу, мы атрымаем магчымасць значна пашырыць узаемадзеянне ў хімічнай галіне. У прыватнасці, гэта могуць быць і ўзаемныя пастаўкі сыравіны, і наладжванне цеснай кааперацыі паміж хімічнымі прадпрыемствамі Беларусі і Азербайджана.

    Перспектыўным таксама з'яўляецца ўзаемадзеянне ў сферы выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. Дыяпазон узаемавыгаднай работы тут можа быць вельмі шырокі - ад правядзення сумесных навуковых даследаванняў да стварэння сучасных высокаэфектыўных энергаўстановак.

    Ці ёсць інтарэс у Беларусі да ініцыіраванага Азербайджанам праекта Транскаспійскага міжнароднага транспартнага калідора, які прадугледжвае значнае скарачэнне часу дастаўкі грузаў паміж Еўропай і Азіяй?

    Так, нам гэта таксама цікава. У сучасных умовах рух тавараў паміж дзяржавамі - вельмі складаны працэс, які прадугледжвае аказанне яго ўдзельнікам шырокага спектра паслуг. У гэтым плане ўключэнне Беларусі ў лік састаўных звёнаў Транскаспійскага транспартнага маршруту было б лагічным. Паколькі наша краіна мае высокі транзітны патэнцыял дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу, развітой лагістычнай інфраструктуры, наяўнасці кваліфікаваных кадраў.

    Не можам не задаць Вам і такое пытанне. Ці ўнясе Беларусь свой уклад ва ўрэгуляванне нагорна-карабахскага канфлікту з улікам таго, што ў апошнія гады ваша краіна ператварылася ў своеасаблівую міратворчую пляцоўку?

    Больш правільна сказаць, што Беларусь не "ператварылася", а набыла статус міратворца дзякуючы ўзважанай, адказнай палітыцы, якая ў поўнай меры служыць як нацыянальным інтарэсам, так і ўмацаванню стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Сёння гэты бясспрэчны факт прызнаюць нават нашы апаненты. Мінск па праву прызнаецца сусветнай супольнасцю як найбольш зручная пляцоўка па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

    З усёй адказнасцю заяўляю: мы гатовы і далей забяспечваць правядзенне ў сталіцы Беларусі сустрэч у розных фарматах, на розных узроўнях па прымірэнні любых канфліктуючых бакоў, але пры ўмове, што яны звернуцца да нас з адпаведнымі просьбамі.

    Гэта датычыцца і праблемы Нагорнага Карабаха. Скажу вам шчыра: як беларусы не засталіся абыякавымі да таго, што адбываецца ў Данбасе, так у нашых людзей баляць сэрцы і за Карабах. І гэта не выпадкова. Паколькі ўсе мы - украінцы, рускія, беларусы, армяне і азербайджанцы, прадстаўнікі многіх іншых народаў - выйшлі з адной вялікай краіны, з адной дружнай сям'і пад назвай Савецкі Саюз. Таму мы будзем прыкладаць усе намаганні дзеля ўстанаўлення міру, нармальнага жыцця і спакою людзей дзе б гэта ні было.

    Адносна Нагорнага Карабаха наша пазіцыя застаецца нязменнай: праблема можа быць вырашана выключна за сталом перагавораў і ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права. З'яўляючыся членам Мінскай групы АБСЕ, Беларусь гатова аказаць неабходнае садзейнічанне бакам у пошуку мірнага выхаду з гэтага канфлікту. Мы зыходзім з таго, што няма для людзей большай каштоўнасці, чым мір і спакой на роднай зямлі.