Дзяржузнагарод і падзяк Прэзідэнта ўдастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці

    Дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выключную адвагу і мужнасць, праяўленыя пры выратаванні людзей у час пажару, значны асабісты ўклад у забеспячэнне грамадскага парадку і прадухіленне эканамічных злачынстваў, развіццё сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці, заслугі ў сферы будаўніцтва, адукацыі і культуры.

    У прыватнасці, Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны начальнік Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС Ігар Абярэмка і следчы па асабліва важных справах упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Дзмітрый Васюковіч. Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Асіповіцкім раёне Зінаіда Лёвачкіна і старшыня Мінскага гарвыканкама Анатоль Сівак удастоены ордэна Пашаны.

    Ордэнам Францыска Скарыны адзначаны заслугі члена Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Беларусі (2003-2019 гады) Аляксандра Самовіча. Міліцыянер-дзяжурны ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або ўзятых пад варту, міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Дрыбінскага райвыканкама Антон Сямякін узнагароджаны медалём "За выратаванае жыццё".

    Вялікая група работнікаў розных галін эканомікі і сфер дзейнасці ўдастоена медаля "За працоўныя заслугі". У ліку ўзнагароджаных медалём Францыска Скарыны выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Марына Булдык, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Лідзія Мальцава, акцёр Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Аляксандр Пашкевіч.

    Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Заслужанымі артыстамі сталі саліст Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Мікалай Бабашко і акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Валерый Шушкевіч. Званні "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" прысвоены адпаведна члену Беларускага саюза кінематаграфістаў Веры Савінай і дырэктару Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільчанка. Заслужаным будаўніком Беларусі стаў дырэктар ААТ "Мінскі Прамтранспраект" Аркадзь Спаткай, заслужаным супрацоўнікам органаў унутраных спраў Беларусі - начальнік факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў Акадэміі МУС Іван Ломаць.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў распараджэнне аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі. За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і забеспячэнне высокіх вытворчых паказчыкаў яна аб'яўлена дырэктару філіяла "Сельскагаспадарчая вытворчасць "Газавік-Сіпакова" РУП "Магілёўаблгаз" Вадзіму Гарбіну, намесніку гендырэктара РУП "Магілёўаблгаз" Уладзіміру Конанаву, дырэктару філіяла "Сельскагаспадарчае вытворчае ўпраўленне "Пратасаўшчына" РУП "Гроднааблгаз" Віктару Семяновічу, генеральнаму дырэктару РУП "Віцебскаблгаз" Пятру Шэршаню.

    За шматгадовую плённую грамадскую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху воінаў-інтэрнацыяналістаў Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена старшыні Докшыцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валянціну Андрыеўскаму, старшыні Гомельскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандру Дрэбезаву і старшыні Бешанковіцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерыю Сафонаву.

    Падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу ў будаўнічай галіне, значны асабісты ўклад у будаўніцтва аб'ектаў прамысловага і сацыяльна-бытавога прызначэння ўдастоены дырэктар ААТ "Гроднапрамбуд" Абдулвагаб Вагабаў. Яна таксама аб'яўлена слесару па рамонце тэхналагічных установак участка рамонту і наладкі тэхналагічнага абсталявання філіяла "Цэнтральная база вытворчага абслугоўвання" ААТ "Гомельтранснафта Дружба" Пятру Сталыбку за шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё нафтаправоднага транспарту і электраманцёру па абслугоўванні і рамонце ўстройстваў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі Гомельскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Уладзіміру Кучараву за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у стварэнне бяспечных умоў руху паяздоў і ўкараненне ў вытворчасць новай тэхнікі.